ГАЗЕТА «ПРАВДА»


Лістапад 1989 г.


Цяжкая, пакутная справа — наша рэвалюцыйная перабудова. З пэўнаю верагоднасцю можна сказаць, што нават яе ініцыятары наўрад ці прадбачылі ўсе шматлікія цяжкасці на яе цярністым шляху. Небывалыя ўскладненні ў эканоміцы, фінансах, грамадскіх адносінах, правапарадку. З пагрозлівай катэгарычнасцю заявіў пра сябе нацыянальны фактар, што несумненна з'явілася вынікам яго шматгадовага непрызнання і занядбанасці. Але, можа, самыя цяжкія, ключавыя праблемы ўсё ж знаходзяцца ў стэрэатыпах нашай псіхалогіі, сфарміраванай ва ўдушлівай атмасферы падаўлення, бяздумнага лакейскага падпарадкавання. Сапраўды, зладзіць з гэтамі складанасцямі куды як няпроста, можа, для таго спатрэбяцца гады і дзесяцігоддзі. Часам выказваюцца меркаванні, што нейкі зрух пачнецца хіба пасля змены некалькіх пакаленняў, калі цалкам адыдуць з жыцця цяперашнія носьбіты коснасці і кансерватызму і прыйдуць новыя людзі з інакшым мысленнем, іншымі ўстаноўкамі на маральныя каштоўнасці. Ну, але што ж тады тыя, што жывуць зараз? Няўжо дадзены ім шанс акажацца дарэмным, не рэалізаваным імі, беззваротна ўпушчаным на загадкавых шляхах гісторыі? Магчыма, і з гэтым можна было б прымірыцца, калі б перабудова нагадвала арбу, якую можна спыніць ля прыдарожнай чынары, адпачыць, падмацаваць сілы і пачаць усё спачатку. На жаль ці на шчасце, перабудовачны працэс болей падобны на перакочванне цяжкага каменя. З неверагодным напружаннем чалавек коціць яго на гару і не можа спыніцца, бо камень зараз жа абрынецца ўніз разам з тым, хто яго коціць, каб абодвум знікнуць у імглістым сутонні гісторыі.

Вядомы заклік перабудовы, які быў асабліва папулярны на яе пачатку і заклікаў пачынаць перабудову з сябе, спярша наводзіў на некаторыя сумненні. Чаму з сябе? Хіба няма спраў болей важных? Хіба дзяржава не знаходзіцца ў стане крызісу? Якое значэнне ў такіх умовах мае асобны чалавек, калі ён нават з'яўляецца кіраўніком пэўнага маштабу. Гісторыю робяць масы! Але чым болей мы ўгразаем у нашых непрадбачаных складанасцях, тым больш відавочнай робіцца бясспрэчнасць гэтага закліку. Мабыць, усё ў свеце ўзнікае з малога і развіваецца ў напрамку да большага — ісціна, добра вядомая ў старажытнасці і, здаецца, трохі падзабытая намі. У дадзеным жа выпадку гутарка ідзе аб унутранай, асабістай гатоўнасці да радыкальных змен у жыцці, якаснага пераўтварэння грамадства. У доўгім шэрагу перабудовачных прыярытэтаў, можа быць, самае галоўнае — усведамленне неабходнасці перабудовы. Быццам элементарнае патрабаванне, але і не самае лёгкае. На ўзроўні масавай свядомасці шмат хто пагаджаецца з тым, што трэба нешта мяняць, але — нешта, кагосьці, ды не самога сябе. А калі і сябе, дык часткова, далёка не ў галоўным і, вядома ж, не ахвяруючы прынцыпамі. Але ўжо наш першы, немалым коштам набыты вопыт перабудовы паказвае, што без ахвяравання некаторымі прынцыпамі, рашучай адмовы ад сумніцельных каштоўнасцей і набыцця каштоўнасцей ісцінных мы не шмат чаго дасягнём. Вядома, у жыцці заўжды важнае значэнне мае вернасць абранай мэце, але, як гэта нярэдка здаралася ў гісторыі, ісціннай мэты можна і не дасягнуць нават пры жыцці некалькіх пакаленняў, хада гісторыі зусім не адэкватна меры чалавечага жыцця. Можна нічога не дасягнуць, але напэўна варта ад чагосьці адмовіцца. Наша мінулае пры ўсёй яго выразнай негатыўнасці, безумоўна, можа саслужыць службу своеасаблівага арыенціра, які настойліва паказвае, як не трэба, чаго трэба асцерагацца. І ўжо напэўна і перш за ўсё — дыктатуры «сильной личности», «твердой руки», супраць якіх, як бы ні складваліся нашыя адносіны з нясталай, толькі што народжанай дэмакратыяй, пратэстуе ўвесь шматпакутны гістарычны вопыт.

Мы шмат і справядліва гаворым аб заганнасці нашай бюракратыі — віноўніцы шмат якіх з нашых бед. Шмат якіх, але далёка не усіх. У шматлікіх бедах вінавата неадэкватная часу, састарэлая ідэалогія, адміністрацыйна-загадны стыль кіраўніцтва, наша далёкая ад дасканаласці заканадаўчая сістэма, несумненнай заложніцай якой апынулася і наша кіраўнічая бюракратыя. Цяпер у няўстойлівым, перабудовачным соцыуме гэта апошняя шукае гарантый адноснай пэўнасці і перш за ўсё — уласнай сацыяльнай ахаванасці. У нас разгарнулася ліхаманкавая заканатворчасць, у якой заўважаецца ўзаемны недавер заканадаўцаў і выканаўцаў, яўная тэндэнцыя апошніх перастрахаваць на ўсе выпадкі жыцця ўласную выканаўчую дзейнасць. І ў такіх умовах маральныя абгрунтаванасць закона, яго сацыяльны эфект страчвае першаснае значэнне — быў бы закон з яго адназначнай пэўнасцю. Заканатворцы імкнуцца рэгламентаваць як мага болей, калі не ўсе моманты прававых, вытворчых і іншых адносін. Але па меры гэтага імкнення высвятляецца, што чым болей рэгламентуецца, тым больш застаецца нерэгламентаванага. У выніку, як гэта павялося не першы год, ні адзін закон не выконваецца з моманту надання яму правадзейнай сілы, — выканаўцы чакаюць падзаконных актаў і тлумачэнняў. А далей ідзе выкананне гэтых актаў і шматлікіх інструкцый да іх і да закону, якія ўрэшце і непазбежна падмяняюць закон, нярэдка зводзячы ягоны сэнс да супрацьлеглага.

Адно з самых недаравальных злачынстваў сталіншчыны — ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правілаў, звычайна не надта паважанага, але незаменнага ў жыцці здаровага сэнсу. Некалі імі ў поўным аб'ёме валодаў народ, цяпер жа не валодае ніхто. Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест: марксізм аказаўся няздольным запоўніць глыбокі духоўны вакуум, які ўтварыўся ў грамадстве. Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат у галіне дэмакратычнага права, стварыць дасканалае заканадаўства. Законы, у сваю чаргу заснаваныя на часовай, рэлятывісцкай мэтазгоднасці, з моманту іх прыняцця непазбежна ўступаюць у супярэчнасць са здаровым сэнсам, а нярэдка і з элементарнай логікай. Гэта — мёртванароджаныя законы, у нас іх было нямала ў мінулым і прыбавілася за апошні час. Але мёртванароджаныя законы пазбаўлены карысці ў дэмакратычным грамадстве, — у таталітарным жа яны непазбежна робяцца падставай для дэспатыі і беззаконня.

Напэўна, нельга прызнаць законным закон, які на самым пачатку задуманы для карысці ўлады, скіраваны супраць інтарэсаў народа. У нас далёкая ад дасканаласці Канстытуцыя, няма закона аб рэферэндумах, на працягу некалькіх год ніяк не можа нарадзіцца надта неабходны закон аб друку. Міліцыя і праваахоўныя органы не перастаюць скардзіцца на прававое бяссілле ў барацьбе з апантанай злачыннасцю. І ў той жа час у крымінальны кодэкс рэспублікі ў якасці тэрміновай меры ўводзяцца артыкулы аб забароне гістарычнай нацыянальнай сімволікі, распаўсюджанні ксеракапіраванай, друкаванай прадукцыі і шмат што іншае. Становіцца адразу зразумелым, чые інтарэсы абараняюць падобныя законы. Мы выкараняем сталінізм, а праваахоўныя органы працягваюць старанна выконваць яго «законы» 1932-35 гадоў, не прызнаючы статус антысталінскіх таварыстваў — усесаюзнага «Мемориала», рэспубліканскага «Мартыралога Беларусі». У мерах па рэабілітацыі нацыянальнай мовы беларусі знайшоў сваё адлюстраванне ўраўніцельны падыход як да беларускай, так і да рускай моваў. Само сабой зразумела, ва ўсе часы для нас быў важны стан рускай мовы ў рэспубліцы. Але ўсе цяперашнія цяжкасці з ёй непараўнальны, з рэальнай пагрозай, перад якой апынулася беларуская мова, што і выклікала абгрунтаваную трывогу грамадскасці. Цяпер выпрацоўваюцца пэўныя доўгатэрміновыя праграмы, адчыняюцца беларускамоўныя класы ў школах, ствараюцца фармальныя і нефармальныя таварыствы па мове. Але ўсё гэта — не больш чым руцінны, па сутнасці, бюракратычны падыход да важнейшай праблемы, звычайныя элементы чарговай «доўгатэрміновай» праграмы, якая, толькі пачаўшыся, выцясняецца наступнай, яшчэ болей «доўгатэрміновай» кампаніяй. Кампартыю ж рэспублікі і яе кіраўнічыя органы моўная праблема пакуль асабліва не кранае, яе адказныя кіраўнікі па-ранейшаму не валодаюць і не карыстаюцца нацыянальнай мовай, звыкла абыходзячыся без яе. Мабыць, уся бяда ў тым, што на цяперашнім этапе беларуская мова апынулася малапатрэбнай у грамадскім і вытворчым жыцці, якое спрэс ажыццяўляецца на іншай — рускай мове. З жалем і засмучэннем трэба прызнаць, што грамадства, занятае стварэннем матэрыяльнай базы сацыялізму, з нейкага часу перастала дбаць аб культуры і за семдзесят гадоў народнай улады не стварыла ўмоў для патрэбнасці ў нацыянальнай мове, без чаго ўсе меры па яе рэанімацыі надта сумніцельныя. Гібельнае становішча з мовай можна ўратаваць хіба прыняццем комплексу тэрміновых, «аварыйных» мер, і адной з галоўных павінен стаць пераход на яе ўжытак партыйных і савецкіх органаў, Вярхоўнага Савета БССР. Інакш ніякая агітацыя за яе не пераканае беларуса (не кажучы ўжо аб прадстаўніках іншых нацыянальнасцей) авалодаць беларускай мовай, ад якой ён толькі ўчора адвык, калі ёю не хоча валодаць начальства, кіраўнічы авангард рэспублікі. А што гэта так, не трэба нікому тлумачыць: людзі глядзяць тэлевізар і чуюць, як на пытанне па-беларуску кіраўнікі ўсіх рангаў адказваюць на рускай мове. (Выключэннем хіба што быў міністр фінансаў БССР Б. І. Шаціла.) Дык чаго тады варты ўсе гучныя словы, шумныя і пампезныя гульні ў камісіі і таварыствы, што выпрацоўваюць (доўга і грунтоўна выпрацоўваюць), вядома ж, «доўгатэрміновыя» праграмы, якія не маюць шанцу на выкананне.

І тут не можа не ўзнікнуць спрадвечная праблема правоў, якімі валодае ўлада і валодае народ. Няцяжка заўважыць пэўныя разыходжанні, калі вельмі складаная механіка ажыццяўлення ўлады дзяржаўным апаратам сістэматычна і няспынна ўдасканальваецца, а права народа ў лепшым выпадку галаслоўна дэкларуецца, застаючыся нерэалізаваным.

Са сталінскіх часоў у нас узнікла і ўчэпіста замацавалася практыка адноснасці самога паняцця народ. Калі рэдакцыя цэнтральнай газеты, дзяржустанова або орган улады атрымліваюць пэўную колькасць пісьмаў у падтрымку чарговай пастановы, дык гэта кваліфікуецца як несумненны выразнік волі народа і публікуецца ў друку. Калі ж на гарадской плошчы збіраецца 10-20-50 тысяч на несанкцыянаваны ўладамі мітынг, дык гэта ўсяго толькі «натоўп» і ўсе яго заклікі — не больш чым «патрабаванні экстрэмістаў». Літоўцы збіраюць больш трох мільёнаў подпісаў пад дакументам, які спецыяльнай місіяй адпраўляюць у Маскву, дзе той не знаходзіць ні разумення, ні падтрымкі. Вядомая Балтыйская акцыя трох народаў, у якой прынялі ўдзел некалькі мільёнаў людзей, таксама — «прошукі антысацыялістычных элементаў»? Пры апытанні грамадскай думкі ў Беларусі 99 працэнтаў з 66 тысяч апытаных выказаліся за правядзенне альтэрнатыўных выбараў, што, аднак, не перашкодзіла Вярхоўнаму Савету рэспублікі прыняць артыкул, які дапускае і безальтэрнатыўнае галасаванне. Дык што ж тады голас народа і як яго ўчуць? А галоўнае — як трэба на яго рэагаваць?

У той час, як пад уздзеяннем бурных перабудовачных працэсаў у краіне масавая свядомасць народа значна змянілася, палітычная свядомасць наменклатуры, здаецца, у многіх адносінах застаецца ранейшай — інертнай і кансерватыўнай. Адсюль — непрыняцце ёю палітычнай самадзейнасці шырокіх народных мас, упартае ідэалагічнае і адміністрацыйнае супрацьдзеянне яе імкненням. Нядаўна арганізаваныя народныя франты амаль усюды (апроч хіба Прыбалтыкі) былі ўспрыняты як незаконныя, антысацыялістычныя ўтварэнні і яшчэ да абнародавання іхніх праграм былі расцэнены як крамольныя і падвергнуты праследаванням. Шмат што несумненна дадатнае і, галоўнае, альтэрнатыўнае, народжанае знізу, што неслі іхнія праграмныя палажэнні, засталося за рамкамі працэсаў перабудовы і не садзейнічала яе актывізацыі. Далёкая ад якой-небудзь карэктнасці барацьба супраць арганізатараў і кіраўніцтва франтоў выклікала залішнюю нервознасць, нічым не апраўданую канфрантацыю ўлад супраць значнай і самай актыўнай часткі грамадства. Грэбуючы сапраўднымі мэтамі перабудовы, бакі распачалі зацяжную палеміку, якая, аднак, не здолела нават праясніць іхнія пазіцыі. У некаторых рэспубліках (напрыклад, на Украіне) бесперспектыўнасць падобнай сітуацыі была зразумета своечасова і зроблены першыя крокі да ўзаемаразумення і супрацоўніцтва. У іншых жа (напрыклад, у Беларусі) улады прадаўжаюць упарціцца ў сваім непрыняцці дэмакратычнага права грамадства на альтэрнатыўнасць праектаў прававых і дзяржаўных актаў, чым ствараецца пэўная напружанасць, якая несумненна тармозіць усе перабудовачныя працэсы. Як ні дзіўна, галоўная стаўка ўлад у гэтай справе робіцца не на палітычную работу ў масах, а на адміністратыўную ўсёдазволенасць і міліцэйскую сілу. Мінулая сесія Вярхоўнага Савета рэспублікі, якая прымала закон аб выбарах, выклікала дзіўную ўстрывожанасць апарату, калі будынак Дома ўрада быў ачэплены ўзмоцненымі нарадамі міліцыі і войск спецпрызначэння, ствараючы тым самым уражанне крайняй напружанасці палітычнай абстаноўкі ў горадзе. Наўрад ці, аднак, гэтая панічная занепакоенасць была чымсьці апраўдана: тыя некалькі сотняў мінчан, што сабраліся перад Домам урада, зусім не збіраліся кідацца на народных абраннікаў — яны чакалі магчымасці сустрэцца і пагутарыць з імі. Аднак замест дэпутатаў ім наканавана было сустрэцца з маўклівымі хлопцамі ў форме.

Нядаўна яшчэ за народам замацоўваўся элементарны абавязак — выконваць гістарычныя планы партыі як свайго кіруючага авангарда. Пабудаваная на вядомых прынцыпах дэмакратычнага цэнтралізму, КПСС, на справе сама знаходзячыся ў падпарадкаванні свайго ядра — ЦК і Палітбюро (хоць бы і праз з'езды і пленумы), у масе сваёй таксама з'яўлялася выканаўчым інструментам. Выстройвалася даволі выразная структурная мадэль, зручная для кіравання зверху, але пазбаўленая неабходнай для кожнай дасканалай мадэлі магчымасці зваротнай сувязі. Калі б усё гэта складвалася інакш, цяпер, мабыць, не давялося б столькі ламаць і перарабляць, амаль усляпую, без навукі і практычнага вопыту прабіваючыся да пачатку дэмакратыі. Цяпер часы ў многім змяніліся, але галоўная мадэль улады застаецца ранейшай. Нават перадаўшы ўладу Саветам, партыя не страчвае магчымасці кіраваць імі праз сваіх членаў, а галоўнае — праз шматвопытны ўласны апарат, які, як гэта вядома з гісторыі, у кожным супрацьстаянні заўжды здабываў перамогу. Здаецца, сапраўды няма ў свеце сілы, якая б магла перамагчы апарат. Мяняюцца часы, прыходзяць новыя пакаленні, масамі авалодваюць новыя ідэі. Але па сутнасці сваёй апарат не змяняецца — ён служыць рэальнай уладзе.

Даўнішні шматгадовы партыйны вопыт выпрацоўваў вельмі зручную практыку, калі кожная, самая бяскрыўдная крытыка партыйных парадкаў расцэньвалася апаратам як замах на аўтарытэт партыі ў цэлым і крымінальна праследавалася. Усумніцца ў яе палітыцы не дазвалялася нікому — ні яе члену, ні тым больш беспартыйнаму. Член партыі, вядома, быў звязаны партыйнай дысцыплінай, беспартыйнага ж білі «па руках», каб не лез у «чужы агарод». Але ці такім ужо чужым быў той агарод для вялікай большасці насельніцтва краіны, якое, не будучы ў партыі фармальна, тым не менш мусіла існаваць паводле яе законаў, ва ўсім падпарадкоўваючыся яе палітыцы. У аднапартыйнай дзяржаве лёс і тых і другіх ва ўсім залежаў ад партыі — пры адносным удзеле ў ёй яе членаў і абсалютным «партыйным бяспраўі» мільёнаў беспартыйных. Практыка мінулых гадоў аказалася вельмі зручнай формай барацьбы і ў перыяд перабудовы: апарат і наменклатура кожную канкрэтную крытыку ў свой адрас тлумачаць пашырана і зараз жа прымаюць баявую позу абаронцаў — не сябе, партыі. Ці трэба казаць, наколькі гэта ўскладняе дыялог, пазбаўляючы яго і мэты і сэнсу.

Падобным прыёмам для ўласнай абароны карыстаецца і ведамасная бюракратыя, чые карпаратыўныя інтарэсы непрыкметна для грамадства сталі набываць перавагу над дзяржаўнымі і таксама даволі паспяхова былі выведзены з зоны грамадскай крытыкі. І хоць ведамствы — не партыя, але і для іх стала ўласцівым выкарыстоўваць яе аўтарытэт у якасці бранявога шчыта. І на самай справе, ці мог паявіцца ў краіне праект або маглі адбыцца мерапрыемствы, у распрацоўцы і зацвярджэнні якіх не прыняў бы ўдзел той або іншы партыйны орган? Значыцца, само сабой адпала пытанне аб віноўніку ў выпадку няўдачы — вінаваты толькі падазраваўся, застаючыся без пакарання. У выпадку ж поспеху ўсё было зразумела, і ніхто ні ў чым не сумняваўся — асабліва ў аўтарстве гэтага поспеху.

Нават у самыя змрочныя часы нашай гісторыі, у атмасферы ідэйна-маральнага ўдушэння ўсялякага іншадумства лепшыя прадстаўнікі нашай літаратуры і мастацтва ўсё ж рабілі пэўныя спробы сказаць праўду, выявіць прыкметы крызісу, які ў рэшце рэшт ахапіў грамадства. Чаго гэта ім каштавала, цяпер добра вядома. «Служыцелі уз» пільна сачылі за адступленнямі ад канонаў «служыцеляў муз» і бязлітасна распраўляліся з адступнікамі. Цяпер мы скардзімся: мінула чатыры гады перабудовы, а кіно, літаратура, тэатр так і не далі нічога значнага ва ўмовах амаль поўнай свабоды творчасці. Я думаю, з тым трэба і яшчэ пачакаць — мастацтва і літаратура таксама перабудоўваюцца. Можа, не столькі ў адносінах арганізацыйных структур і формаў, колькі ўнутрана, псіхалагічна. Мабыць, і тут патрэбна змена пакаленняў, каб пазбавіцца ад спрадвечнага заняволення, авалодаць неабходнаю доляй таго капіталу духоўнасці, які апладняў мастацкую класіку і ад якога мы семдзесят год былі адчужаны.

У жыцці кожнага развітога грамадства, побач з духоўнай культурай, бясконца важны таксама практычны, чыста жыццёвы вопыт, які спакваля накопліваецца ў часе. Спрадвечным ягоным накапіцелем у нас было сялянства, наша аграмадная сялянская Атлантыда (па вызначэнню Адамовіча), якая на працягу кароткага часу была спушчана пад ваду з усёй яе спрадвечнай мудрасцю. Літаратуры і мастацтву што-нішто з затопленага ўсё ж удалося ўратаваць, але колькі страчана беззваротна! Гаспадарчы ўклад, земляробчая навука, нормы маралі. Колькі пайшло ў нябыт, пралілося са слязьмі і крывёю! З пачатку перабудовы, дзякуючы самаадданым намаганням сродкаў масавай інфармацыі, мы шмат чаго даведаліся аб нашым нядаўнім мінулым, але ці даведаліся пра ўсё? Далёка па свеце разышлася сумная слава нашых Курапат, але хіба Курапаты ў нас адны? Толькі пасля першых публікацый аб раскопках у гэтым ляску пад Мінскам паявіліся дзесяткі паведамленняў аб падобных магілах амаль з усіх абласных цэнтраў рэспублікі, шмат з якіх раёнаў і гарадоў. Хто там ляжыць, каго расстрэльвалі на працягу шмат гадоў, а галоўнае — хто каты? Адказу на гэтыя пытанні дагэтуль няма. Кажуць, не захаваліся архівы, а тыя, што захаваліся, закрыты на вечны замок. Але вось Д. Юрасаў нядаўна паведаміў у друку, што ўжо ў 1987 годзе знішчаны архіў Вярхоўнага суда СССР, усе яго сумныя і крывавыя справы. Навошта гэта? Ствараецца ўражанне, што недзе ёсць сілы, якія зусім не зацікаўлены ў раскрыцці даўніх сакрэтаў. Ці можна прызнаць таксама, што літаратура і мастацтва ў пэўнай меры выпрацавалі ў грамадстве арганічную патрэбу ў праўдзе, якой бы непрыгляднай тая ні была. Яшчэ не загаіліся крывавыя раны мінулага, а ўжо чуваць настойлівыя галасы: хопіць, надакучыла! Даволі аплёўваць гісторыю! Некаторыя вельмі напалохаліся самі і хочуць гэтак жа напалохаць іншых. Раздаецца лямант у газетах і часопісах: усё прапала, яўрэйская змова, нашэсце масонаў і кааператараў, радыкалы рвуцца да ўлады! Ратуйце сацыялізм, марксізм і заадно нас, харошых! Як ратаваць? Можа, спосабам устанаўлення надзвычайнага становішча з усімі яго шырокімі вынікамі? Але перш варта было б успомніць што-нішто з гісторыі, у якой надзвычайныя меры нярэдка рабіліся жорнамі, што выдатна малолі не толькі тых, для каго прызначаліся, але і сваіх стваральнікаў. Мабыць, такая ўжо ўласцівасць гэтых крывавых жорнаў. Самы навейшы вопыт палітычнага жыцця Арменіі, Грузіі, Малдавіі сведчыць менавіта аб тым. Сіла супраць народа, у тым ліку і самая «законная», «канстытуцыйная», звязанае з ёю насілле — справа дужа рызыковая для абодвух бакоў, якія плацяць за яе аднолькава незалежна ад таго, чыя перамога. Адны, бывае, плацяць крывёю, другія — кар'ерай. Такія законы дэмакратыі, нават самай недасканалай і хілай.

На працягу стагоддзяў народы клапатліва гадуюць магутны молах улады, які нярэдка ператвараецца ў монстра, што зжырае іх і самога сябе. Але на тое ён і монстр, каб зноў узрадзіцца на крыві мільёнаў у сваім ранейшым абліччы, распаўсюджваючы вакол смярдзючае пачуццё страху. Страх нядаўна яшчэ зверху данізу пранізваў наша грамадства. Будучы самым разнастайным па сваёй прыродзе, ён, хоць і ў аслабленым стане, дагэтуль жыве ў пачуццях значнае часткі грамадства. У якасці ахоўнага для сябе сродку бюракратыя выпрацавала мноства жыцейскіх і прафесійных хітрасцьей, галоўнай з якіх несумненна з'яўляецца амаль інстынктыўнае імкненне да перастрахоўкі, ухіленне ў сваёй дзейнасці ўсякай рызыкі. Шматгадовы гаротны вопыт адбіў ахвоту да ініцыятывы, прымусіў да ўсеагульнай уніфікацыі палітычных, гаспадарчых і іншых поглядаў. Але хіба можна ажыццявіць грандыёзныя планы перабудовы на аснове коснасці і аднастайнасці? Палітычная і гаспадарчая ініцыятыва прыбалтыйскіх рэспублік — рэдкі прыклад пераадолення звыклага страху, рашучы прарыў у нязведаную сферу рызыкі, без якой цяпер, здаецца, наогул няма выйсця. Але, мабыць, іншага шляху з мінулага ў будучыню нам не дадзена, і мы таксама рана ці позна рушым следам за прыбалтамі. Як гэта бывае, тут жа забыўшыся, чаго ім каштавала іх рызыковая ініцыятыва.

У тым, што цяпер адбываецца ў краіне, вялізная, калі не сказаць рашаючая, роля належыць інтэлігенцыі. Усім добра вядома гістарычная роля рускай інтэлігенцыі ў сацыяльным прагрэсе і сацыялістычнай рэвалюцыі, зараз яе значэнне ў тым не зменшылася. Не дзіва таму, што інтэлігенцыя ў цэнтры і ў рэспубліках стала той грамадскай сілай, якую з лютасцю атакавалі антыперабудовачныя сілы, як звычайна, нацкоўваючы на яе рабочы клас. Да гонару рабочага класа Беларусі трэба зазначыць, што з гэтага, раней даволі эфектыўнага прыёму мала што атрымалася: рабочы клас ужо займеў уласны розум і навучыўся кіравацца не толькі класавым, але і чалавечым пачуццём. Але што ж інтэлігенцыя? Нясмелыя адзіночныя пратэсты ў маладзёжных газетах, на тэлебачанні, часам бурныя выступленні на сходах і прыняцце рэзалюцый, якія далей сейфу не ішлі. А так паглыбленне ў свае прафесійныя інтарэсы, апатыя і ўвогуле ад палітычных рухаў у рэспубліцы. Сапраўды, як гаварыў Ніл Гілевіч, па тэрытарыяльных і нацыянальна-тэрырытарыяльных акругах Беларусі ў народныя дэпутаты СССР не абраны ні адзін пісьменнік, ніводны мастак ці артыст. Несправядлівасць гэтага факта ўражвае, але і наводзіць на развагі: чаму так атрымалася? Ці не таму, што некаторыя творчыя саюзы рэспублікі апынуліся на мяжы страты даверу? За доўгія часы сталінскага тэрору, у застойны брэжнеўскі час шмат хто з іх членаў дэвальваваўся як сацыяльная асоба, усе свае здольнасці скіроўваючы на сацыяльны канфармізм, прыслужніцтва перад уладай. Мабыць, выбаршчыкі мелі падставы ўсумніцца ў палітычнай дзеяздольнасці не толькі некаторых нацыянальных майстроў, але і цэлых саюзаў. На саман справе, чаго цяпер варты творчы саюз, які даўно страціў здольнасць адстойваць уласныя, так сказаць, карпаратыўныя інтарэсы, абыякавы да свавольства начальства ў адносінах да яго членаў, мясцовых уотэргейтаў і вобыскаў ва ўласным Доме літаратара. Адпаведныя і адносіны да яго і ўлады. Дык ці варта здзіўляцца, што замест імянітых кіраўнікоў такіх саюзаў выбаршчыкі аддалі перавагу безыменным «тэхнарам», якія, можа, і не маюць асаблівых вартасцей, але і не дэманструюць палітычнае віхлянне паміж разлікам і ісцінай.

Прыклад заўжды важны ў вялікім і малым, прыклад — гэта канцэнтраваная частка вопыту. Нават калі гэты вопыт і з адмоўным вынікам. Вельмі шкада, што ў наш час амаль на нішто зведзены старадаўні звычай зважаць на прыклад, пазіцыю народных аўтарытэтаў, думкі патрыярхаў сумлення, якія значылі калісьці не менш (калі не больш), чым высокія афіцыйныя аўтарытэты. Ерэтычныя пропаведзі Льва Талстога былі калісьці важней за артадаксальныя прамовы старшыні Дзяржаўнай думы Маклакова. Прынята думаць, што значныя аўтарытэты засталіся ў мінулым, вывеліся ў наш час. Але гэта не так. У народных нетрах не пераводзяцца светлыя галовы і сумленныя сэрцы, трэба толькі ўмець іх бачыць. Галоснасць апошніх гадоў, прэса і тэлебачанне, дыскусіі на з'ездзе народных дэпутатаў і ў Вярхоўным Савеце выявілі побач з традыцыйным кансерватызмам і глыбокую, прагрэсіўную думку сумленных і разумных людзей, чые аргументы, на жаль, не заўсёды знаходзяць прызнанне большасці. Цяжка сказаць, у чым тут справа: у элементарнай чыноўніцкай абмежаванасці ці звычаі мінулых гадоў, калі кожны аўтарытэт толькі тады што-небудзь значыў, калі яго вылучалі ўлады. Абавязковаю ўмовай такога вылучэння і падтрымкі з'яўлялася безумоўнае згодніцтва з уладамі. Менавіта гэтае згодніцтва ўрэшце і пляжыла рэпутацыю не аднаго разумнага і нават сумленнага мастака таго часу. Далёка не ў кожнага з іх, надзеленага сумленнем і розумам, хапала сілы характару, каб ва ўсіх выпрабаваннях лёсу застацца верным сабе, ісціне і болей нікому. Наменклатурныя ж велічыні ўсіх рангаў, як бы высока ні ўзносіліся, заканчвалі поўным забыццём адразу ж пасля сыходу з палітычнай сцэны.

Па ўсёй верагоднасці, у нашай перабудове трэба адрозніваць дзве галоўныя сферы: духоўную і матэрыяльную, якія аднолькава састарэлі за папярэднія дзесяцігоддзі і маюць патрэбу ў карэнных зменах. Абедзве яны паддаюцца тым зменам з велізарнай цяжкасцю, аб якіх-небудзь прыкметных выніках, мабыць, гаварыць яшчэ рана. Але ёсць надзея. На мой погляд, яна заключаецца ў двух аспектах. Па-першае, гэта несумненны, амаль рэвалюцыйны (у рамках нашага светапогляду) паварот ад фальшывых, надуманых догмаў да выпрабаваных у стагоддзях агульначалавечых каштоўнасцей. І, па-другое, — маруднае, цяжкае, але непазбежнае ўкараненне ў нашай хворай эканоміцы элементарнага, занядбанага раней здаровага сэнсу, які адзін толькі можа прывесці да поспеху — даць значную прыбаўку грамадскага прадукту.

Напэўна, гэта надзея збудзецца няхутка і, можа, не ў той меры, у якой хацелася б. Але што вялікае і жаданае збываецца ў жыцці хутка і цалкам?

Загрузка...