ВЫСТУПЛЕННЕ НА ІІ З'ЕЗДЗЕ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ


Сакавік 1991 г.


Прынята лічыць, што нашае грамадства празмерна палітызаванае. Можа, і так. Але бяда ў тым, што гэтая палітызацыя не перасягае характару бытавой свядомасці, што ўвогуле маніпулюе ім партыя КПСС якая па-ранейшаму ўсім кіруе. Хіба толькі з некалькі іншымі вынікамі, чым раней. Нядаўні рэферэндум, не зважаючы на яго шмат у чым шулерскі характар, усё ж пацвердзіў пэўны палітычны ўзровень мас. Пераважная большасць народа так і верыць, як ёй убілі ў галаву партыйныя газеты і тэлебачанне, што ў выпадку ажыццяўлення суверэнітэту Беларусі пражыць у ёй будзе неяк, бо ўвесь хлеб і тавары да яе ідуць з іншых рэспублік, а паехаць да радні за межы Беларусі будзе быццам гэтак жа цяжка, як цяпер выехаць у капіталістычную краіну. І пашпарт патрэбны, і віза, і грошы невядома як абмяняць.

Людзі дагэтуль болей слухаюць таго, хто крычыць гучней, а вядома, што найлепшым голасам заўсёды валодае начальства. Культ начальніка (пана, сакратара, генеральнага дырэктара), які ўбіваўся ў народную свядомасць на працягу стагоддзяў, па-ранейшаму вызначае веру, светапогляд, мараль і ўчынкі сучаснага беларуса. І тут мала што пераламала ў народнай свядомасці дзейнасць і палітыка нашага БНФ, які пакуль яшчэ не стаў усенародным, нацыянальным рухам. Пакуль што ён уяўляе сабой цяжкія, часам пакутныя, хоць і гераічныя, высілкі нацыянальнага авангарда пераважна з ліку нацыянальнай інтэлігенцыі.

Ну, а што ж народ, ягоныя шырокія масы? Што ягоныя класы? Яго старадаўняе апірышча і ўвасабленне — наша гаротнае сялянства?

Здаецца, аднак, у нас не стала сялянства. Калгасны лад за шмат гадоў свайго разбуральнага панавання дарэшты вынішчыў самы шматлюдны народны пласт з ягоным старажытным земляробчым укладам, стабільным бытам, з яго хрысціянскай мараллю. Сялянства вырадзілася ў клас сельскагаспадарчых люмпенаў, пазбаўленае і традыцыйнага ўкладу, і людскай маралі. Уся сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць грунтуецца на працы вузкага кола сельскагаспадарчых спецыялістаў-механізатараў, якое і нясе галоўны цяжар паратунку ад усесаюзнага голаду і якім кіруе грувасткі паразітычны пласт аграрна-партыйных цівуноў усіх рангаў.

Ну, а рабочы клас, колькасны рост якога ўражвае, як уражваюць маштабы ўрбанізацыі нашага былога традыцыйна аграрнага краю. Так, рабочы клас расце, ды бяда ў тым, што ён за гады не ў стане вырвацца з д'ябальскага кола матэрыяльнай нэндзы, характэрнай для слабаразвітых краін Афрыкі ці Цэнтральнай Амерыкі. Тая ж частка рабочага класа, якая больш-менш забяспечана і жыве лепш, як правіла, належыць да славутага ВПК, да безлічы яго знакамітых «паштовых скрынак». Гэтыя ангажыраваны асобным чынам, вылучаны і амаль ашчасліўлены тым малым, што ім дае дзяржава. Дарма чакаць ад іх высокай палітычнай свядомасці.

Тады што ж, застаецца інтэлігенцыя?

Так, інтэлігенцыя. Да яе заўжды скіраваны вялікія спадзяванні народа, яна шмат можа. Але толькі пры ўмове высокай ступені яе палітычнай і — што цяпер важна — нацыянальнай свядомасці. Калі гэтая інтэлігенцыя прасякнута дэмакратычнымі клопатамі часу і адчувае свой абавязак перад народам, да якога належыць. На жаль, тое наўрад ці можна сказаць пра нашу беларускую інтэлігенцыю. Нашая інтэлігенцыя, вясковая і гарадская, знаходзіцца яшчэ на той ступені духоўнага развіцця, калі ўласныя цэхавыя ці карпаратыўныя інтарэсы для яе нязменна даражэй за інтарэсы агульнанацыянальныя. І гэта зразумела, бо наша творчая інтэлігенцыя бывае ад юнацтва да старасці заклапочана ўсё тым жа: кватэрай, здабываннем рубля, іншых сродкаў існавання. Акадэмічную ці універсітэцкую інтэлігенцыю не назавеш беднай, незабяспечанай, але таксама надзеі на яе невялікія. У той час, калі ў краінах Усходняй Еўропы, у Балтыі, на Украіне і ў Закаўказзі тамашнія навукоўцы першыя сталі ў авангардзе перабудовы і нацыянальнага адраджэння, нашыя толькі і намагліся, што на больш-менш прынцыповую пазіцыю ў адносінах да чарнобыльскай катастрофы. На іншае ў іх не хапіла пораху, Я ўжо не кажу пра спецыялістаў сацыяльных ці гуманітарных навук, сучасны імідж якіх прадстаўлены паслядоўнікамі Абэцэдарскага — Ігнаценкі і светапогляд якіх не спяшаецца вызваліцца ад бальшавіцкага вар'яцтва, што клапатліва перадаецца ў іх з пакалення ў пакаленне. Мабыць, тое ж адносіцца і да вучоных прыродазнаўчых і асабліва тэхнічных навук. У чым прычыны такой атрафіі да болю і хваробаў сучаснасці? Ці не ў характары іх прафесійнай дзейнасці, як вядома, таксама не ў малой меры звязанай з тым жа ВПК, навуковым забеспячэннем антычалавечных ядзерных праграм, імперска-шпіёнскім панаваннем у космасе? Менавіта гэтая дзейнасць выпрацавала ў іх асяроддзі пэўны светапогляд і мараль, мабыць, болей, чым на марксізме, заснаванай на ідэалогіі знакамітай «Памяці», лідэры якой гэтак зачасцілі ў беларускую Акадэмію навук.

Я ўжо гаварыў некалі пра нашу моладзь, можа, самую дэпалітызаваную і дэнацыяналізаваную ў свеце, якой камсамол за шмат год прышчапіў устойлівую агіду як да нацыянальнай культуры, так і да ўсякай палітыкі.

Тым большы гонар тым нашым грамадзянам з ліку сялян, рабочых, творчай і навуковай інтэлігенцыі, якія па закліку сваіх, не дарэшты счарсцвелых сэрцаў успомнілі, што апроч абавязкаў камуніста, сямейніка, дзеяча культуры ці навукі ёсць яшчэ высокі абавязак перад Богам і Справядлівасцю. І здалі свае партбілеты, і ахвяравалі кар'ерай, і паўсталі перад вялікай страхавітай няпэўнасцю дзеля барацьбы за народ і рэспубліку. Для іх суверэнітэт нацыі не пустая папяровая дэкларацыя — яна для іх зорка надзеі. Бо сусветны вопыт, бадай, кожнай нацыі красамоўна сведчыць, што наладзіць жыццё па справядлівасці магчыма толькі ў межах цеснай суполкі — сям'і, роду, нацыі, згуртаваных на адзінстве веры, мовы, культуры, узроўню цывілізаванасці. Няўклюдныя, стракатыя імперыі амаль усе рухнулі, ды і наша дажывае апошнія дні. І справа тут не ў злосных намерах «так званых дэмакратаў», нефармалаў ці нацыяналістаў. Мабыць, і не ўся прычына ў бязглуздасці сацыялізму як навуковай дактрыны ці ў зламыснай палітыцы цэнтра. Справа ў рэальным жыцці, у дыялектыцы гістарычнага развіцця. Апантаная сацыяльнасць канца XIX — пачатку XX стагоддзя, якая ў большасці выпадкаў выявіла сваю ўтапічнасць, усё болей саступае месца нацыянальнай ідэі. Заходняя Еўропа гэтую ідэю ажыццявіла даўно. Усходняя прыступае да яе ажыццяўлення. Нашая ж імперыя, бы сляпы плоту, прадаўжае трымацца славутага сацыялістычнага выбару. Цяпер сапраўды пытанне стаіць так: ці ўратавацца паасобку, ці праваліцца ў тар-тарары ўсім разам. Зрабіць гэта ў маштабах імперыі, здаецца, магчыма з найбольшым поспехам.

Наш сучасны нацыянал-дэмакратызм, не грэбуючы ніводнай рысай сучаснага еўрапейскага дэмакратызму, зусім не супроць жыццёвых інтарэсаў іншых нацый ці нацыянальных меншасцей. Але найперш ён — за сябе, за Беларусь, за вольнае развіццё яе народа ў сям'і цывілізаваных народаў свету. Мы павінны выразна сабе ўсвядоміць, што гісторыя дала нам апошні шанц, і ажыццявіць яго суджана цяперашнім пакаленням. Ці мы яго нарэшце ажыццявім, ці нацыя развітаецца з тою ідэяй навек, каб самой без следу знікнуць з твару зямлі.

Гэта заўжды не проста, цяпер жа гэта нават вельмі складана. Апроч чыста ўнутраных прычын, прыйдзецца пераадолець шалёнае супраціўленне цэнтра, учэпістую, даволі распаўсюджаную імперскую свядомасць, папулярным жупелам якой з'яўляецца пагроза грамадзянскай вайны. Але ў таталітарнай дзяржаве, якой, несумненна, ніколі не пераставала быць наша, нішто не адбываецца самохаць, стыхійна, адвольна. Таму ніякая грамадзянская вайна ў нас немагчыма, калі яе не арганізуе цэнтр. Ва ўмовах Беларусі гэтая вайна можа прыняць форму ўзброенай барацьбы знешняй сілы супраць дзесяцімільённага народа. Дарэчы, генеральная рэпетыцыя таго ўжо адбылася ў памятны дзень 30 кастрычніка 1988 года.

Гісторыя і Беларусь маюць вялікую надзею на БНФ, яго выпрабаванае кіраўніцтва. Я кажу гэта, зусім не маючы намеру прынізіць значэнне іншых дэмакратычных партый. Як кажуць, дай ім Божа. Але нельга не прадбачыць тых цяжкасцей, што неўзабаве паўстануць перад партыямі парламенцкага тыпу. Менавіта аб тым красамоўна сведчыць вопыт сучаснага беларускага парламента. Справа ў тым, што іхні палітычны апанент — КПБ — прытрымліваецца зусім іншых, ніякім кодэксам не прадугледжаных правіл ігры, супраць якіх звыклыя метады дэмакратычнага парламентарызму бяссільныя. У нас стварыўся пэўны парламенцкі парадокс, калі камуністычная парламенцкая большасць па сутнасці выражае інтарэсы меншасці — партыйнай бюракратыі, а меншасць — інтарэсы большасці, па сутнасці інтарэсы народа. Менавіта гэты парадокс і заводзіць у тупік усю ідэю беларускага парламентарызму.

Таму, вядома, дай Бог поспеху іншым дэмакратычным партыям, але БНФ ужо штосьці Бог даў. Ім ужо набыты пэўны і немалы палітычны капітал, тое прызнаюць ягоныя сябры, таксама як і ягоныя ворагі. І ў тым, вядома, найбольшая заслуга кіраўніцтва фронту, старшыні сойму Зянона Пазьняка ды ягоных бліжэйшых паплечнікаў. Іхнія высілкі, безумоўна, ужо ляглі ў гісторыю Беларусі, незалежна ад таго, як гэтая гісторыя паверне ў хуткім часе і чым скончыцца. Праўда, не ўсім даспадобы нібыта празмерны радыкалізм Пазьняка, які, на мой погляд, сапраўды ўласцівы гэтаму, безумоўна, выдатнаму сыну нашага занядбанага народа. Але я сказаў бы, што менавіта ў палітычнай выразнасці — найбольшая вартасць Народнага фронту. У спалучэнні з некаторымі іншымі асабістымі якасцямі Зянона Станіслававіча тое — сведчанне яго грамадзянскай бескампраміснасці, ідэйнай прынцыповасці і патрыятызму. Дай яму Бог захаваць тыя якасці як мага даўжэй, што, як вядома, для палітычнага лідэра такога маштабу далёка не беспраблемна. Ды Беларусь спадзяецца.

Загрузка...