Красавік 1991 г.
Вялікі і ўсёмагутны Божа стварае чалавека па вобразу і падабенству свайму — строга індывідуальна, паасобку, з уласным жыццём і адметным ад іншых лёсам. Так бы і жыць паасобку. Ды паасобку нельга, надта нас шмат, і трэба неяк дамаўляцца, каб жыць гуртам і ў згодзе. Жыць па справядлівасці.
На жаль, нават пасля столькіх стагоддзяў чалавечай гісторыі, пасля мора людской крыві і слёз чалавецтва ўсё не навучылася згодзе і тае справядлівасці. Яшчэ ў нядаўнія часы здавалася, што прынцыпы згоды знойдзены на асновах класавасці і сацыяльнасці. На краявідзе замаячыў зваблівы прывід сацыялізме, які спакусіў многіх. Але амаль стогадовы вопыт урэшце ацверазіў чалавецтва: аказалася, што сацыялізм не можа не толькі ашчаслівіць людзей, але і элементарна іх накарміць. Ён можа хіба спарадзіць таталітарызм і новую, яшчэ больш дасканалую форму заняволення.
Тут, мне здаецца, варта звярнуцца да банальных ісцін. Ад алгебры дзяржаўных адносін да простай арыфметыкі, улічыць вопыт здаровага сэнсу. А ён сведчыць: добрыя людзі найбольш згодна жывуць на прынцыпах крэўнасці: сваёй сям'ёй, сваім племем, сваёй нацыяй. Вядома, не ідэальна, не райскім чынам, затое аптымальна. Мабыць, найлепей з усяго магчымага. Там, дзе гэта даўно зразумелі, там ужо і лад, і згода. І яшчэ дабрабыт. Незалежна ад памеру нацыі, ад яе рэлігіі. Ад яе здольнасцей ці дадзеных Богам прыродных рэсурсаў. Датчане, напрыклад, наўрад ці разумнейшыя за літоўцаў, а фіны за нас, беларусаў. Але ў іх няма картак-візітак і няма тых праблем, якія ў нас выклікаюць жах. Нават такая надзвычайная па сваім лёсе нацыя, як яўрэйская, добра навучаная сваім горкім вопытам, зрабіла адназначную выснову і згортвае сваю дыяспару. Толькі нам, беларусам, Бог ці гісторыя ўпарта не даюць таго, што мы заслугоўваем. Ці, можа, таму, што мы самі не хочам — не можам узяць.
Мы не нацыяналісты, І нам зусім не ўласціва адчуванне нейкай свае вышэйшасці над іншымі. Хутчэй наадварот. Мы ўсё жыццё былі прыдушаны комплексам нашае непаўнацэннасці. Напэўна ж, шмат якія нацыі лепшыя за нас і варты большага. Але ўсё ж нечага варты і мы таксама. Хоць бы за сваё доўгацярпенне. За свае бясконцыя ў вяках пакуты. За сваю спрадвечную немату. І за сваю шматгадовую падлегласць сатанінскаму злу і гвалту.
Дык ці не пара згуртавацца цясней і да чагосьці памкнуцца. Нават калі і не шмат даб'ёмся, дык хоць лішні раз пазнаем сябе як нацыя, адчуем зваблівы покліч справядлівасці, паразумнеем на векавечны розум продкаў, лепшых ахвярнікаў мінуўшчыны. А таксама нашых цяперашніх апосталаў дабра і справядлівасці.
Відаць, у гэтую пару разгойсанасці і сляпых блуканняў будзе шмат знаходак і страт. Можа, тое і заканамерна. Але я жадаў бы напомніць: не трэба пагарджаць тым, што ўжо знойдзена. Што здабыта нашым грамадскім авангардам, абгрунтавана і абаронена ў жорсткіх паядынках са злом. Сярод таго перш за ўсё маю на ўвазе наш палітычны авангард, наш БНФ «Адраджэнне». «Бацькаўшчына» павінна ўпэўнена стаць пад наш і яго агульнанацыянальны, спакутаваны, збэшчаны і святы бел-чырвона-белы беларускі сцяг.
Іншага сцяга ў нас няма і не можа быць.
Жыве «Бацькаўшчына», жыве Беларусь!