Цяпер нярэдка можна пачуць і нават прачытаць у друку: «Усё пра Сталіна ды рэпрэсіі, надакучыла, колькі можна!». Сапраўды, пішуць пра тое шмат, можа нават трохі густавата і часта для якіх пары гадоў. Але ж таму ёсць тлумачэнне: дзесяткі гадоў не пісалі, не гаварылі, баяліся нават успомніць, каму было што ўспамінаць.Тэрор буяў па краіне, атруціўшы душы страхам: сябра баяўся сябра, муж не давяраў жонцы, сын даносіў на бацьку. І ўсё гэта было ў перыяд «разгорнутага будаўніцтва сацыялізму».
Але ці можна такімі метадамі і ў такой атмасферы пабудаваць што-небудзь прыстойнае, не кажучы ўжо пра справядлівае сацыялістычнае грамадства?
Так, каб перамагчы загану, трэба яе ведаць, каб здабыць урокі з гісторыі, трэба ведаць тую гісторыю. Але ці была ў нас гісторыяграфія? Гісторыя — навука, гэта — праўда, а не афіцыйная хлусня, падпісаная нават тытулаванымі імёнамі. Добра, што хоць і са спазненнем амаль на семдзесят гадоў мы зразумелі гэта і хочам даўмецца праўды. Светлая душа заўжды прагне праўды, якой бы тая ні была, а маладыя людзі, як водзіцца, ад нараджэння маюць светлую, яшчэ не замутнёную душу, таму ім праўда даражэй за ўсё.
У гэтай невялічкай кніжцы — самая балючая, але і самая святая праўда, здабытая яе аўтарам па кроплі, па слову, па зжоўклым лістку архіўнага дакумента. Гэтая праўда крычыць і рыдае пякучымі слязьмі: па горы абрабаваных, знявечаных сялян, іхніх згаладнелых дзяцей, па крушэнні спрадвечных спадзяванняў першых кіраўнікоў рэспублікі аб лепшай долі для свайго народа, па зняважанай чалавечай годнасці ў барацьбе за фальшывую ідэю, а па сутнасці за ўратаванне ўласнага жыцця, па барацьбе, якая ахапіла верхнія эшалоны ўлады на канцы трыццатых гадоў, ды не ўратавала нікога. І абвінаваўцы, і абвінавачаныя, і каты, і ахвяры — усе скончылі аднолькава. Хіба што некаторыя перад тварам смерці забыліся на сваё чалавечае паходжанне і паводзілі сябе... не надта каб добра. Але хто сёння возьме на сябе маральнае права кінуць у іх каменем, сам не апынуўшыся ў іхнім становішчы?
Аўтар склаў кніжку са сваіх ранейшых газетных, журналісцкіх артыкулаў і нарысаў. Але гэта не звычайная журналістыка. Гэта — летапіс народнай трагедыі. І гэта — аўтарскі подзвіг у многіх адносінах.
Толькі чалавек светлай душы здолеў падняць усё гэта з забыцця і аддаць на суд людзям.
Будзем жа ўдзячныя яму.