Верасень 1987 г.
Аднойчы, яшчэ даўно, у выпадковай размове адзін вядомы маскоўскі літаратар, прачытаўшы ў часопісе публіцыстычны артыкул Алеся Адамовіча, запытаўся ў мяне пра аўтара і, пачуўшы ў адказ, што гэта малады беларускі празаік і літаратуравед, здзівіўся: адкуль у таго такое глыбокае разуменне чалавека, такое рашучае непрыняцце фальшы і крывадушна, такое дасканалае веданне часу, літаратуры і яе няпростых заканамернасцяў.
Адкуль? Хто ж яго ведае, але што тое здаўна і ў поўнай меры ўласціва Адамовічу, дык гэта пэўна. Я, напрыклад, не ведаю другога такога літаратара ў Беларусі, хто б так глыбінка і дакладна разумеў свет і прыроду чалавечых заганаў, асабліва ў наш час, калі столькі ўжо выплыла на паверхню і яшчэ больш тоіцца, чакае на сподзе, то даючы надзею, то павяртаючы ў роспач. Чалавецтва ўвачавідкі падышло да свае жахлівай мяжы, калі выратаваць яго ад пагібелі можа толькі катаржна-плённая праца душы, у пакутах народжаная духоўнасць. Шматпакутны лёс нашай зямлі сёння, як ніколі раней, залежыць ад высілкаў кожнага, ад нашай крыштальнай сумленнасці і самаахвярнае безагляднасці. І нам прыемна ўсведамляць, што ў гэтай справе ёсць выдатныя прыклады, адным з якіх з'яўляецца шматгадовая літаратурная і грамадская дзейнасць нашага земляка, выдатнага пісьменніка і мысліцеля Алеся Міхайлавіча Адамовіча.
Так, ён перш за ўсё мысліцель, філосаф сучаснай ядзернай эпохі, які яшчэ задоўга да пачатку перабудовы, у гады так званага застою, не толькі заклікаў іншых, але і сам актыўна і паслядоўна дбаў пра новую свядомасць, якая б паклала асновы мірнага суіснавання народа. Праўда, тады многія ягоныя пастулаты крыкліва адвяргаліся дагматыкамі, іх выкаранялі з ягоных артыкулаў і выступленняў, іх аўтара вусна і пісьмова абвінавачвалі ў... У чым толькі яго не абвінавачвалі! Але, як пісаў нядаўна выдатны літаратурны крытык Ігар Дзядкоў, «шчасце і няшчасце мастака, што некаторыя важныя рэчы ён гаворыць раней за іншых, І не таму, што разумнейшы за некага. Дастаткова, калі мае перавагу ў маральнай паслядоўнасці і сіле спачування». Гэта так. Адамовіч, вядома, пераўзыходзіў многіх як сілай аналітычнага мыслення, так і безумоўнай маральнай непахіснасцю перад няпраўдай. Не зважаючы ні на што, ён праз гады застаецца сабой, і цяпер тыя яго высновы пяці- і дзесяцігадовай даўнасці сталі заканамернымі імператывамі нашай міжнароднай палітыкі і шырока падтрымліваюцца дэмакратычнымі коламі свету.
Талент Адамовіча надзвычай шматгранны. Можна нават сказаць, што гэты чалавек — творца універсальных магчымасцей, які бліскуча засведчыў сябе ў розных жанрах літаратуры. І ўсё ж ён пісьменнік, празаік шырокага жанравага дыяпазону — ад лірычнай аповесці да эпічнага рамана. Яго аналітычна-філасофская проза, найбольш ярка прадстаўленая «Хатынскай аповесцю» і «Карнікамі», безумоўна, з'яўляецца вяршыняю беларускай і савецкай ваеннай прозы. На многіх старонках гэтых твораў знайшло дзівоснае па гармоніі паяднанне Адамовіча-мастака і Адамовіча-правідца, часам роўнага па сіле таленту Дастаеўскаму. Чытаючы іх, не перастаеш здзіўляцца, якім чынам спасцігнута ўсё гэта, з якіх завулкаў чалавечай душы здабыта? Мусіць, тое ж можна сказаць і пра яго «Апошнюю пастараль» — гэты здзіўляючы літаратурны вопыт сучаснага апакаліпсіса, які можа здасца пачварнай фантастыкай, постядзернай антыутопіяй. Але Адамовічу можна паверыць. Як ніхто з сучасных мастакоў слова ён адчувае надта абвострана маштабы ядзернай пагрозы чалавецтву і як ніхто з сучаснікаў гатовы без аніякага разліку, накшталт рыцара сумнага вобразу, з адным аголена-балючым сумленнем кінуцца супраць пагрозы. Часам тыя, што заўжды стаяць убаку і, канешне ж, адчуваюць сябе разумнейшымі, грэбліва ўсміхаюцца: «Хіба так можна нешта зрабіць? Там жа сцяна!» Але Адамовіч не прывык вагацца ці разлічваць свае шанцы і, здараецца, насуперак логіцы робіць! Ці не сведчанне таго — ягоны безразважны ўдзел у ліквідацыі пагрозы чарнобыльскай катастрофы — учынак, што, як вядома, каштаваў Адамовічу немалых страт, затое дапамог людзям засцерагчыся ад вялікай нечаканай бяды. І цяпер многія і не падазраюць, каму абавязаны жыццём і здароўем. Але, можа, гэта і добра. Адамовіч ужо пэўна не з ліку славалюбівых.
Не славалюбівы — гэта безумоўна. Ужо будучы прызнаным пісьменнікам, вучоным-літаратураведам, прафесарам універсітэта, ён кінуў усе свае літаратурныя клопаты і разам з Брылём і Калеснікам падаўся ў народ запісваць — не сваё — народнае веданне вайны, ратаваць ад забыцця трагічныя лёсы «хатынскіх вёсак». Некалькі гадоў беспрытульнага блукання па глухіх кутках Беларусі, сотні сустрэч і кіламетры магнітафонных стужак далі нацыянальнай літаратуры унікальны твор, своеасаблівую антыфашысцкую біблію. Менавіта гэтая кніга шчасліва ўсчала новы жанр ваеннай дакументалістыкі, бліскуча прадоўжаны затым «Блакаднай кнігай»(усё таго ж А. Адамовіча і Д. Граніна), усёй творчасцю С. Алексіевіч і іншых.
Але калі не зваблівы покліч славы, дык што ж тады рухае ім, што кіруе ягонаю апантанасцю? Мабыць, гэта, аднак, абвостраная прага справядлівасці, глыбокачалавечая цяга да праўды, да якой спрадвеку так трудна бывае дапяцца. Мусіць, гэта было таксама ў аснове адамовічавага звароту да толькі што адкрытай па тым часе творчасці выдатнага класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага, проза якога намаганнямі Алеся Адамовіча была ўведзена ў літаратурны абарот рэспублікі і краіны. Зрэшты, калі аб тым гаварыць, дык аўтарытэт Адамовіча як крытыка-літаратураведа здаўна надзвычай высокі ў савецкай літаратуры. А ў Беларусі тым больш. З канца 50-ых гадоў і да нашага часу, мабыць, ніхто з крытыкаў так плённа і рашуча не ўплываў на нацыянальны літаратурны працэс, як гэта рабіў Адамовіч. Ён жа сваім рупным прыкладам і беззаганнай прынцыповасцю садзейнічаў выхаванню цэлай плеяды выдатных крытычных талентаў, якія цяпер шырока вядомы і па-за межамі рэспублікі. Гэты ягоны ўплыў на літаратуру краіны толькі мацнее з гадамі, бо забяспечаны крэдытам высокай навуковасці і маральнай чысціні ягонай асобы.
Верны высакародным ідэалам гуманістычнага мастацтва, Алесь Адамовіч здаўна, можа, яшчэ з канца 50-ых гадоў, вядзе бязлітасную барацьбу супраць шэрасці, бяздарнасці і канфармізму, якія сталі ваяўнічаю пошасцю ў нашай літаратуры. Вядома, тое не прыносіць яму суцэльных поспехаў, часам яму помсцяць жорстка і балюча; мусіць, літаратурная барацьба — справа не меней жорсткая, чым барацьба класавая, хай сабе і ў межах аднаго грамадства. Літаратура, аднак, даўно ўжо прывыкла, што адамовічавы прысуд пэўнаму твору — неабвержны і канчатковы, бо заўжды заснаваны на скрупулёзнай доказнасці і бездакорным літаратурным гусце. Абвергнуць крытычныя адамовічавы вярдзікты яшчэ не ўдавалася нікому. Вядома таксама ягоная непрыязь да неўтаймаванай бюракратызацыі літаратуры, да эфемерных літпасад, прэмій і званняў. І гэта зразумела. Самому Адамовічу не трэба ніякіх званняў, апроч літаратурнага імя, здабытага талентам і сумленнем. І гэта выдатна.
Буйнамаштабнаму таленту Адамовіча, аднак, заўжды цесна ў рамках аднойчы абранай ім галіны, нават аднаго мастацтва. І ягонае свядомае імкненне да універсальнасці і шырыні не магло не прывесці да самага сінтэтычнага мастацтва сучаснасці — кіно. Кінематаграфічны лёс Адамовіча, на шчасце, быў да яго літасцівы, мабыць, таму, што даў яму адэкватнага па таленту рэжысёра ў асобе Элема Клімава. За шмат гадоў напружанай працы, пошукаў і знаходак, апантанай барацьбы з тагачаснай кінабюракратыяй быў створаны сапраўдны шэдэўр — «Ідзі і глядзі», які трыумфальна абышоў экраны ўсіх кантынентаў. Гэты фільм стаў падзеяй сусветнага кінематографа, адзін з самых лепшых майстроў якога, амерыканец Стэнлі Крамер, нават прапанаваў Адамовічу сваё супрацоўніцтва ў стварэнні сумеснага савецка-амерыканскага фільма. Беларускае кіно такім чынам выходзіць на сусветную арэну, і ў тым немалая заслуга нашага славутага земляка.
Алесь Адамовіч нямала зрабіў для росквіту нацыянальнай літаратуры, усёй сучаснай гуманістычнай культуры. Можна сказаць, што ягоная проза і публіцыстыка, густа насычаныя думкамі і ідэямі, сёння актыўна спасцігаюцца чалавецтвам. Але, думаецца, увесь Адамовіч яшчэ як след не засвоены грамадствам. Мабыць, у поўнай меры ім суджана быць спасцігнутым пасля — ВЯЛІКАЕ БАЧЫЦЦА на адлегласці. У дадзеным выпадку — на адлегласці часу, які, калі ён наступіць, расхіне ўсю веліч гэтага чалавека, мысліцеля і мастака, якога дала свету наша беларуская зямля.