ГУТАРКА З НАРОДНЫМ ДЭПУТАТАМ БССР С. НАВУМЧЫКАМ


Сакавік 1991 г.


— У нашай мінулай гутарцы для «ЛіМа», якая адбылася летась у жніўні, асноўным гарантам незваротнасці дэмакратычных працэсаў вы назвалі згуртаванне левых сіл. Аднак згуртаваліся — і даволі шчыльна — якраз сілы кансерватыўнага накірунку. Працэсы, якія цяпер адбываюцца, — ці не ёсць гэта паражэнне дэмакратаў?

— Так ужо заведзена ў палітычным жыцці свету: пакуль дэмакраты высвятляюць ідэйны грунт, дамаўляюцца пра маральныя прынцыпы, узгадняюць тактыку і стратэгію, у той час рэакцыянеры чыняць таемную змову і шчыльна гуртуюцца. Паводле няпісаных законаў мафіі. Меркаваннямі маральнага парадку яны жыццё сабе не абцяжарваюць. Шкада, але дэмакраты ў гэтым сэнсе павучыцца ў іх не могуць — не тая ментальнасць.

Дэмакраты ў барацьбе з рэакцыяй заўсёды церпяць паражэнне. Даўно вядома, што дэмакратыя можа чагось дамагчыся толькі ў дэмакратычным грамадстве. У таталітарным жа перамогі на яе баку не бывае ніколі.

— На IV з'ездзе народных дэпутатаў СССР затвор дыктатуры быў узведзены. І меней чым праз месяц прагучалі стрэлы — спачатку ў Вільні, потым у Рызе... Указы Прэзідэнта пра сумеснае патруляванне, умяшанне КДБ у эканамічную дзейнасць прадпрыемстваў — усё гэта класічныя першапачатковыя элементы надзвычайнага становішча. Як мяркуеце. Васіль Уладзіміравіч, — ці рэальны варыянт працяглай, крывавай дыктатуры, якая зноў адкіне нас у эпоху «класавых баёў»?

— Усё будзе залежаць ад палітычнай волі грамадства.

І тут узнікае пытанне: ці валодае наша беларускае грамадства якой-небудзь выразнай палітычнай воляй? І нават так: ці ёсць у нас тое палітычна свядомае нацыянальнае грамадства? Прынамсі, дагэтуль не было ніколі. Улада цвёрдай рукі, дыктатура, пра якую марыць наменклатура і добрая частка людзей працоўных, адкіне нас не ў эпоху «класавых баёў», а ў адзін вялікі канцлагер, Дзе будзе выдатны лагерны парадак, лагернае аднадумства, лагерны тэрор. І будзе парадак — роўны і дакладны. Кожны будзе жыць строга па рэгламенце — гадзіна ў гадзіну: жыць, працаваць і паміраць. Усё — строга па норме, у свой час. Пры поўнай згодзе. І ні табе мітынгаў, ні забастовак, ні нефармалаў, ні апазіцыі. Затое будзе Вялікі, Шаноўны, Усімі Любімы Правадыр — Дыктатар. Як, зрэшты, ужо і было. Мабыць, у нас інакш, не бывае.

Зноў жа варта зазначыць «з усёй бальшавіцкай праматой», як некалі прынята было гаварыць, што падзел грамадства даўно страціў класавы характар. Класавая і нават партыйная прыналежнасць ужо нічога не азначаюць, бо сапраўдны антаганізм, як гэта слушна заўважыў нядаўна Алесь Адамовіч, праходзіць па лініі «сексоты-несексоты», і цяжка сказаць, каго цяпер у нас болей. Напярэдадні вайны, паводле сведчання сына Георгія Малянкова, вучонага А. Малянкова (часопіс «Журналіст», № 2, 1991 г.), сексотаў было ў нас 10 мільёнаў. Цяпер, трэба думаць, болей, і яны складаюць магутную дзейсную сілу тых, хто выйшаў з акопаў на свой апошні і рашаючы бой.

— Вы сказалі, што пра дыктатуру трызніць не адно толькі чыноўніцтва. Сапраўды, ад простых людзей часам чуеш: хопіць гэтага вэрхалу, патрэбна моцная рука. Людзі, здаецца, згодныя на любога Сталіна — толькі б хлеб у крамах быў. Нездарма ж кажуць — кожны дыктатар прыходзіць у абліччы выратавальніка. Як вы лічыце, цяперашні эканамічны развал — заканамерны вынік сацыялістычнай сістэмы, следстве нейкіх першапачатковых памылак 1985 года альбо — правакацыя з мэтай укараніць у псіхалогію чалавека неабходнасць «жорсткай рукі»? Ці — усё разам?

— Толькі каб быў хлеб у крамах... Хлеба яшчэ трохі ёсць — не хапае дыктатара... Але ён будзе.

Мне думаецца, што цяпер, у святле ўсяго, што адбываецца, толькі дурны ці зламыснік можа сцвярджаць, што сацыялізм яшчэ не вычарпаў сябе, што недзе ёсць добры, лагодны, з чалавечым тварам сацыялізм, да якога трэба імкнуцца. Яно, можа, дзе і ёсць, але ўжо ў нас ніякага быць не можа. У нас не атрымліваецца інакшы, чым той, які мы мэнчылі сем дзесяткаў гадоў, і на тым выдахліся дашчэнту.

На добры розум, дык, пасля ўсяго перажытага, нам трэба б абвясціць па-за законам усё сацыялістычнае словаблудства, таксама як і тых ідэолагаў, якія зрабілі з яго сабе пажыццёвую прафесію, каб яны сваёй ідэйнай парнаграфіяй не разбэшчвалі людскія душы. Нават і ў выпадках, калі тое разбэшчванне мае «не вельмі высокі інтэлектуальны ўзровень».

Звычайна палітычныя партыі ладзяць жыццё калі не на карысць усяго народа, дык хоць бы дзеля ўласных інтарэсаў, дзеля дабрабыту сваіх членаў. Камуністы ж — ні для сябе, ні для народа. У лепшым выпадку дзеля вузкага кола кіраўнічай эліты. А так — дзеля мёртвых утапічных ідэй, дзеля бясконцага множання ракет і танкаў, касмічнай прапаганды, дзеля Кубы, Анголы, Афганістана. Зноў жа, не ў інтарэсах жабрацкіх народаў гэтых краін, а дзеля ўладных амбіцый мясцовых імператараў-авантурыстаў, якія за БМП і аўтаматы Калашнікава гатовы часова прыняць камуністычную веру. У той жа час уласны народ працягвае гібець у голадзе і нэндзе. І пасля ўсяго сказанага ў некаторых з нашых кіраўнічых камуністаў хапае наіўнасці пытацца: завошта народ так ненавідзіць сваю кампартыю, якая першай пачала перабудову.

Перабудову-то пачала, ды ў які кірунак яе павярнула?

Увогуле можна зразумець нязрушную прыхільнасць камуністаў да «сацыялістычнага выбару» (калі толькі можна «выбарам» назваць узброены захоп улады). Іх яўны, фантасмагарычны сацыялізм, арганічнае непрыняцце прыватнай уласнасці — гэта тое адзіна магчымае асяроддзе, пры якім і можа існаваць кампартыя; без таго яна не можа знайсці ніякай жыццёвай асновы ў грамадстве. Гэта партыя ўяўнага, «бібліятэчнага» сацыялізму, з адменай ці пагібеллю якога рассыпаецца ўшчэнт яе няўклюдны прагматызм і яе змярцвелая ідэалогія. Таму, пакуль яна будзе пры ўладзе, яна не пацерпіць побач ніякую іншую ідэалогію, іншы грамадскі лад. Яна будзе ўпарта будаваць усё той жа сацыялізм, бо нічога іншага будаваць не хоча і не ўмее. Але ўся справа ў тым, што і з гэтым будаўніцтвам у яе нічога не атрымліваецца. У тым і бяда нашай гісторыі, трагедыя нашага народа. Краіна апынулася ў вузкай цеснай нары, з якой няма ходу ні ўзад, ні ўперад.

— Але вось некалькі цытат з выступленняў на апошнім пленуме ЦК КПБ: «...так жорсткі адпор прыхільнікам так званага Балтыйска-Чарнаморскага Саюза і іншым сепаратыстам», «напомню словы Івана Кузьміча Палазкова, сказаныя на Пленуме ЦК КПСС, — аб тым, што палітыку нельга рабіць дрыжачымі рукамі і дрыжачым голасам. Вось арыенцір усім нам, — ад радавога камуніста да Генеральнага сакратара». І, нарэшце: «Кампартыі Беларусі няма у чым каяцца перад сваім народам»...

— Каяцца трэба ўсім перад усімі.

Вядома, апроч камуністаў. Тыя не пакаюцца, бо дужа разлічваюць на палітычны рэванш, які яны маюць намер ажыццявіць без дрыжыкаў у руках і без сумненняў у пачуццях. Як гэта ўжо было неаднойчы. А іншым... Народу? Не пашкодзіла б і народу. Ужо хоць бы перад гісторыяй і наступнымі пакаленнямі — за тое, што на стагоддзе затрымалі прагрэс, на крывавых недарэчнасцях зацыклілі нашу гісторыю, што менавіта па нашай віне нашы нашчадкі і ў XXI стагоддзі будуць жабракамі, прынамсі, самымі беднымі ў Еўропе. І гэта пры такіх рэсурсах і такіх геапалітычных магчымасцях...

— Ужо багата сказана і пра юрыдычную некарэктнасць фармулёўкі пытання будучага рэферэдуму. І пра палітычную сумніцельнасць гэтай акцыі. І ўсё ж — ці будзе вынік рэферэндуму мець нейкі істотны ўплыў на далейшыя працэсы ў рэспубліцы і ў СССР? Дарэчы, група дэмакратычных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце Беларусі прапанавала наступную фармулёўку пытання ў бюлетэні: «Ці лічыце вы, што СССР павінен быць ператвораны ў Саюз Суверэнных Рэспублік шляхам заключэння прамых міждзяржаўных пагадненняў паміж Беларуссю і іншымі суверэннымі дзяржавамі?»

— Навошта ўсенародны рэферэндум, калі Вярхоўны Савет Беларусі прыняў ужо пастанову: «Прызнаць мэтазгодным уваходжанне Беларускай ССР у склад Саюза ССР». Такім чынам, усё ўжо вырашана за месяц да ўсенароднага рэферэндуму.

Канцэпцыя гэтага рэферэндуму лішні раз сведчыць, што мы ніколі не вырашаем свой лёс — за нас тое робяць іншыя. Ставяць свае ўмовы, фармулююць наша рашэнне, маніпулююць народнаю воляй. Мы зноў у каторы раз трапілі ў зачараванае кола: каб вольна і па справядлівасці вырашыць пытанне дзяржаўнага суверэнітэту, трэба быць суверэнным народам. А каб быць суверэнным народам, трэба мець дзяржаўны суверэнітэт. Каторы раз успомніш славутае: «так» альбо «не», а ўсё астатняе — ад нячысціка.

Баюся, тут усё — ад нячысціка.

— Каторы раз пераконваешся, што палітычная наша бездапаможнасць — кроўнае дзіця нацыянальнага нігілізму, знявагі культуры і мовы...

— Нашы слёзныя скаргі на агонію нацыянальнай мовы даўно сталі агульнай рытарычнай мясцінай. Цяпер ужо пэўна відаць, што папяровыя законы ды імітацыя бюракратычнай актыўнасці апошніх гадоў маюць на мэце замаскіраваць ад народа тую агонію, выдаць яе за культурную рэанімацыю. У гэтай сувязі ні чым іншым, як непрыхаваным крывадушшам, нельга растлумачыць «хітравумную» пазіцыю тых беларускіх літаратараў, якія так гучна крычаць у абарону нацыянальнай мовы, а самі навыперадкі кідаюцца да супрацоўніцтва з КПБ — гэтым зацятым магільшчыкам нацыянальнай культуры. У той час як сумленныя людзі тысячамі здаюць партбілеты, гэтыя дамагліся членства ў яе кіруючых органах. Кінуты, так сказаць, на іх інтэлектуальнае ўмацаванне. Ці яны думаюць, што з цэкоўскіх вяршынь ім будзе зручней давяршыць тое, што не ўдалося давяршыць з колішніх шматгадовых пасад сакратароў СП Беларусі? Калі так, то яны маюць рацыю: болей беларусканенавіснай сілы, чым тая, якой яны служаць, на Беларусі, мабыць, не будзе. Што ж, тады застаецца пажадаць ім поспеху. З гэткімі тэмпамі напрыканцы стагоддзя пастаўленая імі задача будзе выканана поўнасцю.

— Сапраўды, існуе, відаць, нейкая мяжа, пасля якой кампраміс палітычны пераўтвараецца ў кампраміс маральны... Тым не менш, аналізуючы дзейнасць дэмакратаў — у прыватнасці, парламенцкай апазіцыі ў ВС БССР, — некаторыя папракаюць нас у імкненні да канфрантацыі, свядомым жаданні ісці на абвастрэнне канфлікту паміж палітычнымі сіламі.. Усё часцей чуецца: «Ідэі вашым неблагія, але вось форма іх ажыццяўлення... Не, хлопцы, вы, калі прыйдзеце да ўлады, будзеце яшчэ горшыя за бальшавікоў, пачнеце вешаць камуністаў». Гэта — у горшым выпадку, ну а ў лепшым: «Палітыка —майстэрства кампрамісу». Якой вам, Васіль Уладзіміравіч, бачыцца цяперашняя тактыка дэмакратычнага руху?

— Мне бачыцца вельмі незайздроснай доля нашай парламенцкай апазіцыі, якая рупіць нялёгка і ў значнай ступені марна. Уціск партыйнай большасці праяўляецца штодня — у вялікім і малым. Гэта мы бачым на шматлікіх прыкладах — ад выключэння мікрафонаў перад дэпутатам Сямдзянавай да агідных персанальных нападкаў на нібыта валютныя «заробкі» дэпутатаў на радыёстанцыі «Свабода», якая, як вядома, ганарару не плаціць. Ні ў марках-доларах, ні нават у «драўляных» рублях.

Сюды ж адносіцца і шалёны дэпутацкі націск на друк, у прыватнасці на самую, можа, дэмакратычную цяпер «Народную газету». Прывучаная за шмат гадоў да безумоўнай паслухмянасці «рэптыльнай прэсы», пэўная частка дэпутатаў бачыць гэтую прэсу толькі ў ролі абслугі, песняра і апалагета менавіта той партыі, да якой сама належыць. Безумоўна, у тым адзнака пэўнага ўзроўню дэпутацкай маральнасці, не кажучы ўжо пра дэмакратызм, побач з якім такія норавы не стаялі і блізка. Мабыць, да тых жа метадаў адносяцца і запалохванні наконт таго, што будзе, «калі вы прыйдзеце да ўлады». Тое, што тады будзе, вельмі няпэўна і праблематычна, а вось што было пры іхняй уладзе — у тым выдатна пераканаўся ўвесь белы свет. Прынамсі, дагэтуль дзякуючы тэлебачанню і асабліва радыё беларускі люд мог назіраць і слухаць, як і што робіцца ў ягоным парламенце.

Але менавіта тое надта ж напалохала некаторых дэпутатаў, якія ўрэшце дамагліся шчыльна зачыніць дзверы Дома ўрада, каб ніхто нічога не чуў і не бачыў. Але ж добрыя справы ад людзей не хаваюць.

Зрэшты, падобны метад «самаедскага парламентарызму» знайшоў сваё перайманне і ў саюзным Вярхоўным Савеце. З апошніх падзей такога роду можна нагадаць абмеркаванне тэлевізійнага выступлення Барыса Ельцына, калі тое абмеркаванне набыло форму нястрымнай жаночай істэрыі, зададзенай, дарэчы, выступленнем менавіта беларускай дэпутаткі. Або выступленне маршала Ахрамеева з настойлівым дамаганнем адмяніць тэлетрансляцыю сесіі, бо, ці бачыце, яна пагражае моцы савецкай сям'і.

Па ўсім відаць, дэмакратычны рух у сучасным посттаталітарным грамадстве не шмат што здолее. Мабыць, сучасныя варункі абавязваюць дэмакратаў да адзіна магчымага — не даць канчаткова скампраметаваць сябе антыдэмакратычным сілам, неяк зберагчы свае ідэалы, да якіх калі-небудзь можна будзе вярнуцца.

Калі для таго прыйдзе час...

Загрузка...