ЗВАРОТ ДА ВЫБАРШЧЫКАЎ


Красавік 1989 г.


Дарагія выбаршчыкі, шаноўныя грамадзяне Беларусі!

Менш чым праз месяц вы пойдзеце на выбарчыя ўчасткі, каб выбраць тых, каму вы давяраеце прадстаўляць вас у высокіх органах дзяржаўнай улады. Хоць тое будзеце рабіць не першы раз, гэтыя выбары не такія, як усе ранейшыя, гэта сапраўды выбары, і ад іх вынікаў будзе нешта залежаць у вашым жыцці. Можа залежаць больш, калі вы выбераце тых, хто памятае інтарэсы народа і гатовы абараніць іх на любым узроўні. І будзе залежаць мала, калі большасць вашых галасоў будзе аддадзена тым, для каго няма іншых інтарэсаў, апроч інтарэсаў начальства, апарату, кіраўніцтва, ад якіх у іхнім жыцці ўсё — ад павышанай нядаўна зарплаты да чорнае «Волгі» і усялякіх яўных і тайных ільгот. Звычайна гэтыя людзі — шматвопытныя дэмагогі, хуткія на абяцанкі, якімі яны звыкла карыстаюцца на працягу ўсёй сваёй кар'еры. Будзе — іх любімае слова, самае ж нелюбімае — ёсць, бо якраз таго, што найбольш патрэбна, у нас і няма. У тым ліку і ў значнай меры і па віне гэтых шматгадовых кіраўнікоў усіх рангаў.

Асаблівы ваш клопат і ўвага павінны быць звернуты на безальтэрнатыўных кандыдатаў або кандыдатаў з адным (падстаўным!) супернікам, выбары якіх ператвараюцца ў фальш, у пародыю на выбары, і ёсць не што іншае, як абраза тысячаў выбаршчыкаў. Паглядзіце і памяркуйце, хто ідзе на гэта і што ён вам гаворыць. Як ягоныя словы аб дэмакратызацыі і перабудове ўжываюцца са звычаямі сталінскіх часоў. Бо калі б гэтыя людзі мелі элементарны гонар, дык, апынуўшыся адзінымі ў бюлетэні, яны б знялі свае кандыдатуры. Каб не ганьбіць прынцыпы дэмакратыі, гонар партыі Леніна, якую яны прадстаўляюць, уласную вартасць. Дык не. Для іх галоўнае. — улада, не зважаючы ні на што.

Ідучы на выбары, трэба мець на ўвазе, што пэўную частку выбару ўжо зрабілі за вас выбарчыя камісіі. Менавіта гэтыя камісіі, створаныя апаратам і цалкам падпарадкаваныя яму і ягонай міласці, пры рэгістрацыі старанна адмяталі ўсіх, хто не адпавядаў іхнім меркам. Была зроблена няўдалая, аднак, спроба адмесці каля сотні кандыдатаў, вылучаных грамадскімі арганізацыямі, таварыствам беларускай мовы, экалагічным таварыствам. У поўным аб'ёме спроба не ўдалася, аднак нямалая колькасць вартых людзей пераважна з інтэлігенцыі была адхілена пры рэгістрацыі. Затое прайшлі ўсе партсакратары, раённыя, абласныя і рэспубліканскія апаратчыкі. Цяпер вам галасаваць за іх. Глядзіце і вырашайце самі. Толькі мы хацелі б папярэдзіць: ні ў якім выпадку не байкатуйце выбары. Байкот выбараў, няўдзел у іх — вельмі наруку гэтым апошнім. Яны пра тое толькі і мараць. Ім даволі будзе іхніх паслугачоў з ліку прыбліжаных і падначаленых, рабочай і сялянскай эліты. Абы было мала супроць, і іхняя дарога да ўлады забяспечана.

На апошнім этапе выбараў выключнае значэнне будзе мець грамадскі кантроль за іхнімі вынікамі. Мы ўжо гаварылі, што сабой уяўляюць калі не ўсе, дык шмат якія выбарчыя камісіі, і каму яны будуць служыць. Таму кожная працэдура падліку галасоў павінна быць пад кантролем грамадскасці, сродкаў друку і масавай інфармацыі, аб чым павінны паклапаціцца загадзя.

Воля народа не павінна прапасці марна.

Таму — усе на выбары!

Загрузка...