ПРАДМОВА ДА ЗБОРНІКА «ИНАКОМЫСЛЯЩИЕ». ВЫДАВЕЦТВА «БЕЛАРУСЬ»


1991 г.


Яшчэ некалькі гадоў назад тое было немагчыма.

У атмасферы таталітарнай рэгламентацыі, змярцвелага сну афіцыйнай філасофіі і паўсюднага паліцэйскага нагляду над грамадскай думкай, здавалася б, немагчыма ніякае іншадуманне, ніякае адступленне ад зацверджанага высокаю воляй, аднойчы і назаўжды вызначанага. Іншага і не было. Думкі імкнуліся загнаць у глыбіню душы, у падкорку паралізаванага мозгу, каб яны нідзе і нічым не праяўляліся не толькі ў выглядзе друкаванага слова, але і ў размовах. Ды гэта не значыць, аднак, што яны не існавалі, не бруілі ў чалавечых душах і галовах лепшых, разумнейшых сыноў нацыі. Тая нацыя ніколі не пакідала жадання жыць лепш. Ладзіць жыццё па-людску.

Цяпер тое прарвалася шырокім патокам, як прарывае веснавая паводка хоць бы і бетанаваную і адмыслова збудаваную плаціну. Стыхія мацней за разліў, за самы хітры рукатворны бар'ер на шляхах жывога жыцця. У тым ліку стыхія сумленнай, энергічнай, неспатольнае думкі. Яна шукае. Няхай не заўсёды знаходзіць, часам марна блукае па блытаных сцежках жыцця ў пошуках ісціны. Ніхто з аўтараў гэтай кніжкі не абсалютызуе знойдзенае, ведаючы, што ўжо знойдзенае, вызначанае, — гэта перш за ўсё спыненае. Жыццё ж заўжды няспыннае. Жыццё ў спрадвечным руху. Гэтак жа ў руху і сумленны няўрымслівы пошук аўтараў.

Яны вельмі розныя, тыя аўтары, хоць і аб'яднаныя вокладкай адной кніжкі. Мабыць, сярод іх цяжка знайсці нават двух больш-менш падобных адзін да аднаго паводле ўласных біяграфій, складу характараў ды і светапоглядаў таксама. Але ёсць адна вызначальная для ўсіх рыса — іх цвёрда выказаны дэмакратызм. Гэта тыя, хто ў наш гістарычны пералом выйшлі сказаць перад народам ягоную пагарджаную праўду. Народу, які, як нішто іншае, умее маўчаць. Яны ж маўчаць не хацелі.

Важна і цікава, што тая іх праўда не вынікае з замшэлых догмаў фальшывых тэорый. Яна нараджаецца на грунце сучасных ведаў і асабістага вопыту. У кагось з вялікаю доляй духоўнага вопыту папярэднікаў, у іншых — толькі з асабіста перажытага і зразумелага. Але амаль ва ўсіх энергія яе скіравана на пошук ісціны. Бо ў той ісціне — выйсце з тупіка, з жахлівае пасткі, у якія нас загнала шматгадовае ўладаранне злой, цёмнай сілы.

Ніхто, аднак, упаасобку яго, не знайшоў, тое выйсце, усе шукаюць. Шукаць запрашаецца і чытач. Мабыць, толькі ўсеагульным намаганнем у кірунку агульначалавечых каштоўнасцей і можна ка штосьці натрапіць. Каб не ўмсрці. Не загінуць паасобку, не знікнуць з твару зямлі як нацыя. І прытым даць жыць іншым. Гэтая няўрымслівай думка непазбежна скіравана з бязрадаснага сёння ў загадкавую будучыню, і тады малююцца пэўныя перспектывы. Перспектывы суверэннага развіцця краіны ў варунках дэмакратыі і прагрэсу.

Пачытай, шаноўны чытач, падумай, памяркуй. Безумоўна, думкі тае кніжкі не ўсе на вагу золата, але, несумненна, усе ад шчырага сэрца. Бо належаць яны людзям сумленным, заклапочаным вялікім клопатам занядбанай нацыі.

Загрузка...