СЦВЯРДЖЭННЕ


У Аляксея Пысіна фактычна два рабочыя сталы. Адзін — у рэдакцыі газеты «Магілёўская праўда», дзе паэт працуе нязменна вось каторы год — вядзе літаратурную кансультацыю, піша нарысы, выступае па пытаннях культуры. (За гэтым сталом я і застаў яго, прыехаўшы ў Магілёў.) Ну і другі, так сказаць, асабісты, дома. Між імі і дзеліць свой час паэт. Гэта, вядома, не так проста — дзяліць час, асабліва калі ведаеш яму цану. Але ў Пысіна неяк атрымліваецца. Даўні, са стажам, газетчык, былы салдат, ён умее ісці па жыцці з «поўнай выкладкай». Выедзе з Магілёва па месяц ці на дзесятак дзён у Дом творчасці альбо ў адпачынак — і зноў за свае рабочыя сталы. Сталы гэтыя за доўгія гады парадніліся. Часам яны пастолькі збліжаюцца, што з'яўляюцца як бы дапаўненнем адзін аднаго. Аляксей Васільевіч расказвае, як узнікла першая яго паэма — «Жураўліны бераг». Паехаў ён з фотакарэспандэнтам у камандзіроўку. Веснавы разліў. Вясновая смуга. Вёска. Сустрэча з пастаўпікам-энтузіястам, які стварыў клуб на грамадскіх асновах. Іншыя сустрэчы, іншыя людзі — дачка настаўніка, яе сяброўкі па працы па ферме. Сляды вайны, яе горкая непазбыўная памяць. Але вясна бярэ над усім верх. І, як адна з вясновых прасветлін, — унучка настаўніка, якая вельмі хоча сфатаграфавацца... Прыехалі — напісаў нарыс. Але зразумеў, што не выказаўся да канца. Узяўся за паэму. Пісаў, як кажуць, на адным дыханні. Прыходзіў з работы, зачыняўся і пісаў, пісаў... Паэма была намнога большая, чым яе канчатковы варыянт — прыходзілася потым мясцінамі скарачаць, адкідаць неабавязковае. Усё ў паэме — пачынаючы з яе назвы і імён герояў і канчаючы канфліктам — ад жывых уражанняў з той вясновай паездкі ў вёску.

Наогул Аляксей Васільевіч, як ён прызнаўся ў час нашай размовы, любіць камандзіроўкі — яны даюць магчымасць сустракацца з людзьмі, бачыць жыццё, так сказаць, зблізку.

— Цікава пабыць сярод людзей, — гаворыць ён. — І слова жывое пачуеш, і песню народную. Нядаўна ездзілі — якія песні пачулі!..

Слухаючы гэтыя словы, я падумаў: «Вось і адказ, чаму многія вершы паэта блізкія сваімі вобразамі і сваім інтанацыйным ладам да фальклорнай паэтыкі, чаму ён часта звяртаецца да народнай песні. Жывое народнае слова, гутарковае і песеннае, — нязменная любоў і трывалая апора паэта».

І яшчэ адно прызнанне:

— Як узнікаюць часам вершы? Быў, помню, у Горках. Убачыў кветкі. З'явіўся радок: «Асенніх кветак белы карнавал...» Радок быў, але яшчэ не было ясна, пра што будзе верш. А потым напісаўся і верш — тым радком пачынаецца.

Неяк раней, калі мы сустрэліся аднойчы ў Саюзе пісьменнікаў, Аляксей Пысін сказаў мне: «Нешта цяжка стала пісацца. Доўга шукаеш слова. Раней, здаецца, пісалася лягчэй...»

Цяпер Аляксей Васільевіч зноў загаварыў пра гэта:

— Цяжка пішацца. Не ведаю, у чым справа...

— Відаць, у патрабавальнасці, у пачуцці адказнасці. Прыйшла сталасць.

— Магчыма, і так. Не ведаю... Ведаю толькі, што такія вершы, якія часам даводзіцца чытаць, пісаць лёгка. Але каму гэта лёгкасць патрэбна?

Пытаюся, чым заняты паэт зараз, якія ў яго планы. Літаральна гэтымі днямі, гаворыць Аляксей Васільевіч, адаслаў карэктуру новага зборніка, што скора выйдзе ў выдавецтве «Беларусь». Як называецца? «Твае далоні». Ці ўключаны паэмы ў зборнік? Так, уключаны. Тры паэмы — «Жураўліны бераг», «Белы камень» і «Кара». Першыя дзве друкаваліся. Трэцяя — яшчэ не. Гэта паэма пра чалавека, які дэзерціраваў у час вайны і больш дваццаці гадоў хаваўся ад людзей. Гэта — чалавек з вёскі Горна, на Краснапольшчыне, суседняй з маім родным Высокім Барком. Паэма — аб адказнасці чалавека за свае ўчынкі, за свае справы.

Якія планы? Буду пісаць новыя вершы. Задумана паэма — «Сустрэча пад абеліскам». Прысвячаецца яна людзям, якія ў маладосці сустрэлі вайну, прайшлі ваенныя выпрабаванні і вось сустракаюцца — ён і яна — у мірны час...

— Нешта пра сябе і час?

— Пагляджу, што атрымаецца. Тэма мне вельмі блізкая.

Аляксей Пысін піша і для дзяцей. Паэмы і вершы. Ёсць у яго задума напісаць для юнага чытача паэму пра Ташкент, пра тое выпрабаванне, якое вы пала не так даўно на долю ташкентцаў у выніку землетрасення...

Б'е паводкай; бяскрылая Пціч.

Ці свавольнае мора наперадзе.

Ты над выспамі стань і пакліч:

Хто на свеце жывы, на тым

беразе?!

Гэта радкі з новых вершаў, якія задумаў і піша Аляксей Пысін. Ёсць у яго і верш пра сады, якія былі некалі, у час вайны, апалены агнём, а зараз зноў мірна шумяць і пладаносяць. І ў садах гэтых,

Сцвярджаючы, што дол і высь

— суседзі, Сышліся ярусы пладоў і зор.

У вершах А. Пысіна — як у творах сапраўднай паэзіі — ёсць таксама гэтае сцвярдянэпне. Сцвярджэнне адзінства ўзнёслага і зямнога, агульнага і канкрэтнага, мінулага і сённяшняга — словам, «долу і высі», «пладоў і зор».

1967

Загрузка...