ДЫ СІЛА ЁСЦЬ КРАСЫ ІНАКШАЙ..


Летась Аляксей Русецкі надрукаваў у часопісе «Полымя» рэцэнзію на зборнік вершаў маладога паэта І. Ласкова. Рэцэнзія называлася «Навука і паэзія», і ў ёй не толькі разглядалася першая кніга паэта-хіміка, але і былі выказаны думкі аб нашай усёй маладой паэзіі і, у прыватнасці, узнята пытанне аб «фізіках» і «лірыках». Уласна кажучы, «узнята» — не тое слова, Аляксей Русецкі горача абгрунтоўваў і адстойваў блізкі яму тэзіс — лірык павінен быць і фізікам, павінен авалодваць павуковым светапоглядам, муза мусіць «зазірнуць і ў храм навукі».

Аляксей Русецкі не спрашчаў праблему, як гэта рабілася часта ў спрэчках аб «лірыках» і «фізіках», не заклікаў паэтаў мяняць сваю лабараторыю на лабараторыю вучонага і — што вельмі важна — не ставіў пад сумненне, як гэта зноў-такі рабіў той-сёй у час памятных дыскусій, жыццяздольнасць паэтычнага мастацтва ў наш атамны век. Не. Ён не спяшаўся здаваць як паэт, як прадстаўнік прыгожага пісьменства свае пазіцыі, тым больш «панікаваць». Аўтар рэцэнзіі, наадварот, падкрэсліў, што паэзія нараджаецца ад вялікай любві чалавека да жыцця і што «людзі, як і тысячы гадоў назад, імкнуцца ачалавечыць з'явы, прадметы рэчаіснасці, сагрэць іх сваім пачуццём». З такім сцвярджэннем нельга было не пагадзіцца.

Але ў той жа час у артыкуле прагучала нота, якая выклікала жаданне паспрачацца (і якая, як я адчуваў, была нечым супярэчлівай і для самога А Русецкага). У сувязі з вершамі І. Ласкова, прысвечанымі хіміі і хімікам, Аляксей Русецкі абараняў права паэта абмеянавацца рамкамі нейкай адной навукі, праводзіў, як я ўжо гаварыў, думку аб тым, што ў наш час паэзія павінна грунтавацца на навуковым светапоглядзе (гэтыя словы — навуковы светапогляд — сустракаюцца ў рэцэнзіі некалькі разоў).

На гэта, помню, хацелася адказаць вершам. У галаве круціліся радкі: «Паэзія — не хімія... Алхімія! Не веды, вера, як гарэнне, сіняя. Не формула віна — само віно...» і г. д. Хацелася знайсці нейкі лагічны довад, і памяць падказвала адзін запіс у дзённіку Л. Талстога. Чытаючы англійскага філосафа Роскіна, Талстой запісаў: «Аб мастацтве. Добра. Навука гаворыць, ведае, мастацтва стварае. Навука сцвярджае факт, мастацтва праяўленні... Мастацтва мае справу з фактамі, навука са знешнімі законамі. Мастацтва гаворыць: сонца, святло, цяпло, жыццё; павука гаворыць: Сонца ў 111 разоў большае за Зямлю».

Згаджаючыся з А. Русецкім, што «мы ужо не можам успрыняць месяц як бледны «лик Дианы», бо неаднаразова бачылі фатаграфіі свяціла, зробленыя зблізку», нельга было ў той жа час пагадзіцца з тым, што паэт павінен глядзець на месяц вачамі вучонага...

Чаму я прыгадаў сваю мінулагоднюю спрэчку з Аляксеем Русецкім?

Прыгадаў я яе ў сувязі з новай кнігай паэта «Служба святла».

Я ўжо ведаў такія вершы А. Русецкага, як «Муза ў белым халаце», «Адкрыццё», «Нейтрына», «Мне разгадаць бы...», — вершы, так сказаць, навуковага цыкла, — ведаў, што і ў вершах муза бачыцца паэту ў вобразе лабаранткі ў белым халаце, што паэт, як ён прызнаецца, «асуджаны бачыць, бы вокам рэнтгена, нават рэбры красы». І «Службу святла» я пачынаў, шчыра кажучы, чытаць з пэўнай бояззю: ці не занадта захапіўся Аляксей Русецкі эксперыментаваннем? Ці не вельмі вялікую даніну аддае ён гэтаму самаму навуковаму светапогляду? Як гэта, думаў я, адбілася ў кнізе?

Але мае сумненні — з кожным наступным вершам — рассейваліся. Ужо ў вершы «Адкрыццё», дзе расказваецца аб цікавым адкрыцці вучоных: хларафіл зялёнага ліста і гемаглабін чырвонай крыві маюць шмат агульнага, — ужо ў гэтым вершы я адчуў, як лірык бярэ верх пад фізікам, хваляванне паэта — пад бясстраснасцю вучонага. Паэт тут не столькі вытлумачвае, трактуе, колькі ўзрушліва радуецца крэўнай роднасці чалавека з прыродай, — неадольнасці жыцця. («Адзіны ў нас жыве гарэння дух»...)

Чытаю далей. Верш «Год спакойнага сонца...».

Год спакойнага сонца...

А мне б —

дзень спакойнага сэрца:

флегматычна глядзіць

на свяціла трубой

тэлескоп,

а слупок стэтаскопа —

прыткні да грудзей —

здрыганецца,

загудзе галасамі хвароб.

Ага, значыць, з аднаго боку — спакойнае сонца, з другога — неспакойнае чалавечае сэрца, з аднаго — флегматычны тэлескоп, а з другога — чуйны слупок стэтаскопа. Чаму ж паэт аддае перавагу — раўнадушнасці прыроды ці чалавечаму неспакою? Чыста пазнавальнаму сузіранню ці змаганню са злом?

Сонца ззяе каронай,

шчаслівае годам спакойным,

хіба сэрца не рада жывое

спакойнаму дню?

Супроць пошласці, подласці

зноў пачынаем мы войны,

ці ж надзенеш на сэрца

браню?

Не надзенеш браню...

Адказ ясны і недвухсэнсоўны. Каментарыі, здаецца, не патрэбны.

Далей ідуць вершы «Нейтрына», «Крышталь...». Спыняюся на апошнім:

Гармонію вуглоў і граняў

з лінейкай вывяраў я сам:

я ўведаў моц і сілу ззяння,

што мае зыркая краса.

Ды сіла ёсць красы інакшай,

грукоча сэрца ад яе,

нямее розум мой,

ды як жа

намеры захаваць свае?

Яна бярэ мяне і паліць,

і не ўцячы мне, дзе б ні

быў, —

яна мне ззяе зноў праз далеч,

як зорка закліку й журбы.

Вось вам — і «муза ў белым халаце», і «навуковы светапогляд», і «рэбры красы». Аказваецца, «сіла ёсць красы інакшай», ёсць зорка, якая азначае нешта большае, чым проста аб'ект для тэлескопа, ёсць у чалавечым жыцці нешта такое, што не ўкладваецца ў лагічныя катэгорыі ці матэматычныя формулы... Ды і што шмат гаварыць. Ёсць дзіўнае чалавечае сэрца, якое «і крычыць, і смяецца, і сціскаецца моўчкі, бурай поўнае», і на якое не надзенеш браню.

На гэтым я канчаў сваю спрэчку з Русецкім-тэарэтыкам, на слове «сэрца» мы з ім пагадзіліся, і далей я ўжо чытаў проста вершы Русецкага-практыка, Русецкага-паэта.

А вершы ішлі сапраўдныя. Нешматслоўныя, скупаватыя на яркія, кідкія фарбы, стрыманыя, глухаватыя па тону, але такія паўнаважкія, такія шматзначныя. Асабліва ўражвалі тыя радкі, у якіх паэт раскрываў нам сваё сэрца (зноў яно — сэрца!), дзяліўся з намі сваімі запаветнымі перажываннямі.

Вось зноў прыйшоў красавік, піша паэт, зноў прыйшла вясна, і, здаецца, ты зноў перажываеш сваю юнацкую пару, але нешта ўжо мінула беззваротна, «але не пройдзеш ты з пучком пралесак, з юнацкага майго не прыйдзеш лесу».

Вось ты вяртаешся ў родныя мясціны, «дзе араў... і сеяў, слухаў жаўранкаў песні»; ты ўспамінаеш, ты бачыш змены, бачыш «новыя дахі, незнаёмы бярэзнік», і ты, да сваёй радасці, заўважаеш, што «толькі тыя, усё тыя ж маіх жаўранкаў песні».

Ты перабіраеш сваю памяць, ты азіраешся навокала, суадносіш існае з сваёю юнацкаю марай, яны не супадаюць, і ты, «нібыта ў нечым вінаваты, хвалюешся панура, і штодзень гудзе антэнай кожны нерв напяты, — няма палёгкі для мяне нідзе!».

Ты быў сведкам, як «бурай ляцеў вецер часу, плыў ледзь прыкметна, паволі», ты шмат чаго пабачыў, шмат перажыў, і тым не менш ты, як юнак, усё прагнеш жыць і ўсё спадзяешся: «Будзе галоўнае нешта».

Гэта — вершы «Красавік», «Дзе араў я і сеяў», «У памяці, нібы на фотаплёнцы», «Бурай ляцеў вецер часу». А вершы «Жаўранак» («Яму ж і летні дзень кароткі. Мой век кароткі...), «Асенні сівер свішча ў вокны», «З юнацкага дзённіка», «Праводзь мяне, сонейка!»... Шчымліва-горкія і ў той жа час мужныя радкі апошняга з іх нельга чытаць без хвалявання.

Змалку ў полі я твой

сустракаў усход,

ззяў мне першы прамень

над густым сасоннікам:

я праводзіў увечар цябе шмат

год;

галаву мне за лета, бывала,

выбеліш...

Дык праводзь жа і ты

у дарогу,

сонейка,

у дарогу мяне,

пасля скону-гібелі...

Верш даволі вялікі, я не магу яго ўвесь прывесці. Прачытайце яго, і вы пераканаецеся, як умее паэт канцэнтраваць свае пачуцці, як «густа» ўмее пісаць.

Наогул, як я пераканаўся, чытаючы «Службу святла», Аляксей Русецкі найбольш натуральна адчувае сябе і найбольш арганічна раскрываецца ў сферы лірычнага верша, верша-споведзі, верша-роздуму. Так, мы ведаем паэта як аўтара паэм, у прыватнасці публіцыстычна-філасофскай паэмы «Яго вялікасць». Ёсць публіцыстычныя вершы і ў зборніку «Служба святла» — «Прыгаданае», «У пустыні рыжай, у Кзылкумах». Але ў тым і справа, што вершы гэтыя прайграюць у параўнанні з іх лірычнымі братамі па кнізе. Няма ў іх той вынашанасці, арганічнасці і, у выніку, той паўнаважкасці.

Аляксей Русецкі любіць, я б сказаў, матэрыю, фізічна ўспрымальныя рэаліі (тут у ім гаворыць «фізік»), ён лепіць свой верш, як скульптар. І які выдатны вынік атрымоўваецца тады, калі паэт удыхае ў верш сваю душу, калі жыццёвыя рэаліі асвятляюцца яго думкай і яго пачуццём! Музы, як і Афрадыта, дораць шчасце таму, хто верна служыць ім. А мы помнім, чым узнагародзіла багіня кіпрскага мастака Пігмаліёна.

1968

Загрузка...