ПАЭТ — АСОБА - ЖЫЦЦЁ


Такое словаспалучэнне, як «крытычная мера» — лагічная памылка, своеасаблівы аксімарон. Але калі мець на ўвазе, што нішто так нас не дысцыплінуе, не падцягвае, не мабілізуе, нішто так не ўносіць у справы канструктыўны, цвярозы, а значыць, і крытычны дух, як гэта робіць мера, — яна тут — нястомная і вялікая рэвалюцыянерка, — то натуральнасць спалучэння гэтага паняцця з эпітэтам «крытычная» становіцца відавочнай. I разам яны могуць быць вызначэннем крытэрыю. Так што, аказваецца, патрабаванне меры адносіцца не толькі да мастацкай літаратуры, да паэзіі і прозы, але і да крытыкі.

Чаму я загаварыў пра крытычную меру?

Відаць, таму, што хацеў лішні раз звярнуць увагу: без адпаведнай крытычнай столі, крытычнай атмасферы не можа быць аднаго з важных стымулаў развіцця літаратуры. Крытыка не нараджае паэта або празаіка, але паколькі ў творчасці таго або іншага важнае месца займаюць стыхійнасць, выпадак, інтуіцыя — без гэтага, як вядома, творчасці няма, — то яна, крытыка, безумоўна адыгрывае важную ролю ў фарміраванні яго светапогляду, яго маральных, грамадзянскіх прынцыпаў. З другога боку, без крытыкі мы не можам змагацца з небяспекай правінцыялізму, якая падсцерагае заўсёды калі не ўсю літаратуру, то частку яе. Правінцыялізм, як правільна заўважана, можа праяўляцца ў форме двух захворванняў. Адно з іх — самазадаволенасць, якая ахоплівае літаратуру тады, калі ў ёй надаецца ўласнай прадукцыі значэнне, якое намнога перавышае яе сапраўдную каштоўнасць. Другая хвароба заключаецца ў тым, што нацыянальная літаратура недаацэньвае сваіх пісьменнікаў і іх месца ў сусветнай літаратуры…

Заўважу да слова, што ў нашай перыёдыцы даюць пра сябе ведаць сімптомы той або другой хваробы. У цэлым літаратурнакрытычны багаж як быццам папаўнеў, узбагаціўся, з’явіліся значныя працы, даследаванні, асобныя кнігі Адамовіча, Арочкі, Бечыка, Бярозкіна, Бугаёва, Гніламёдава, Лойкі, Каваленкі, Калесніка. Але калі ўзяць нашу перыёдыку, у прыватнасці газетную, дакладней кажучы, наш «ЛіМ», то ў яго крытычным аддзеле ў апошні час, як мы ўсе ведаем, надзвычай выразна праявіліся гэтыя абодва захворванні правінцыялізму: самаздаволенасць і некрытычнасць, беспрынцыповасць там, дзе якраз ім і няма месца, і недаацэнка — зноў-такі там, дзе можна было б якраз быць больш шчодрымі на пахвалу, на станоўчы разгляд. Не ведаю, як гэты аддзел будзе весціся надалей, але апошнія гады справа абстаяла менавіта так: пышным, зыркім цветам цвіў правінцыялізм.

I тут нам якраз і не абысціся без той крытычнай меры, пра якую я гаварыў.

Нельга нам без яе і ў другім сэнсе. Нядаўна на старонках «Литературной газеты» прайшла яшчэ адна дыскусія пра паэзію — дыскусія на тэму: «Паэзія» і «стихотворство». (Не ведаю, як лепш перакласці на беларускую мову гэтае слова. Арочка гаворыць аб другаснасці, Лойка аб шэрапісе, гэта, вядома, словы-сінонімы. Але яны не замяняюць слова «стихотворство».) Я быў запрошаны прыняць удзел у гэтай размове, ды не змог гэта зрабіць. I адна з прычын таму — збянтэжанасць ад разбежкі крытэрыяў, якая назіралася ў першых дыскусійных артыкулах — выступленнях крытыкаў Іны Растоўцавай і Сяргея Чупрыніна. Растоўцава змагаецца з, так сказаць, антылірычнымі настроямі сярод паэтаў, ратуе за эмацыянальнасць, лірызм паэзіі, Чупрынін, наадварот, выступае за эпізацыю апошняй і спасылаецца ў сваіх доказах на практыку пэўных паэтаў. Калі Растоўцава мяркуе, што «отказ от лирического переживания, попытка заменить переживание «эффектом» наблюдения приводит поэта «к поражению, к стихотворству», то Чупрынін, насуперак свайму апаненту, лічыць, што адмаўленне ад лірызму на карысць эпічнасці якраз і прыносіць паэту поспех, з’яўляецца для яго ледзь не выратаваннем ад «успевших окаменеть форм и приемов поэтического волеизъявления». Больш таго, Чупрынін знаходзіць, што такі разрыў з лірызмам не толькі станоўчы, прагрэсіўны, але нават з’яўляецца сведчаннем таго, што «дух творческого эксперимента все сильнее овладевает умами», «что идет активизация экспериментаторских поисков» і г. д.

Аб чым сведчыць такая, да камічнага дзіўная, разбежка ў падыходах да адной і той жа праблемы? Я гавару не аб рознасці поглядаў, не аб розных пунктах гледжання, я гавару менавіта аб палярнасці саміх крытэрыяў.

Аб тым, што, як пісаў паэт, «определенья поэзии нет»?

Есть очертанья у туч грозовых,

А у любви и у музыки — нет…

Вечная тайна! Сама назовись!

Кто ты, поэзия, дай мне ответ!

Так, вызначэнне паэзіі — справа нялёгкая сапраўды. Нават Бялінскі, які, як вядома, вельмі тонка адчуваў паэзію і спрабаваў не раз вызначаць яе, робячы гэта арыгінальна і пераканаўча, тым не менш не раз гаварыў аб складанасці і суб’ектыўнасці падобных спроб. «Калі двое, — пісаў ён, — пачнуць тлумачыць адзін аднаму, што кожны з іх мае пад словам «паэзія», то і выходзіць на паверку, што адзін называе паэзіяй ваду, а другі — агонь… I вельмі натуральна: калі цяжка вызначыць паэзію навуковым чынам, то яшчэ цяжэй намякнуць на яе значэнне штодзённай мовай грамадства, усім і кожнаму зразумелай».

Так, адна з прычын, магчыма, у цяжкасці самога вызначэння. Але справа не толькі ў гэтым. Справа перш за ўсё ў тым, што ў сваіх размовах і спрэчках аб нашых літаратурных праблемах, у прыватнасці аб праблемах паэзіі, мы часта выходзім з надуманых пасылак, штучных збудаванняў і забываем пра галоўны крытэрый — крытэрый жыццёвай праўды. На ўсходзе, у нашых сярэднеазіяцкіх рэспубліках, існуе і зараз так званы айтыш — спаборніцтва самадзейных паэтаў-музыкантаў. На свята ці з нейкай іншай нагоды (скажам, з нагоды гасцей) яны пачынаюць выступаць, стараючыся абыграць як мага больш фактаў з навакольнага жыцця. I вось хто больш скажа праўды, хто выступіць больш ярка, г. зн. больш праўдзіва і дакладна, — той і выходзіць пераможцам…

Патрабаванне арганічнасці, якое гучала сёння ў нашых дакладах, у прыватнасці ў выступленні Міколы Арочкі, тычыцца не толькі паэзіі, не толькі літаратуры, але і крытыкі (як бачыце, на яе распаўсюджваюцца шмат якія законы, уласцівыя мастацтву). Яно і зразумела. Суаднясенне фактаў і з’яўпаэзі . з фактамііз’явамі сённяшняга дня, з праблемамісучаснага грамадскага жыцця, з яго духоўным і ідэйным кліматам можа якраз і праліць святло на тэндэнцыі яе развіцця, на тыя цяжкасці, якія яна, паэзія, несумненна, перажывае ў нашы дні — дні навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Бо не сакрэт жа, што калі НТР распаўсюджвае свой уплыў на ўсе сферы грамадскага жыцця, у тым ліку і на сферу духоўную, культурную, то яна не можа не ўплываць і на светаадчуванне паэта, на змест і структуру паэзіі. Тут адной нейчай добрай ці дрэннай воляй усяго не вытлумачыш. Існуюць і аб’ектыўныя прычыны і заканамернасці.

Разглядам нашай літаратуры, з якімі мы пазнаёміліся, уласцівы рэалістычная мера, крытэрый жыццёвай праўды. Гэта несумненна добра. Але некаторыя меркаванні выклікаюць жаданне паспрачацца, выклікаюць пярэчанне… Мікола Арочка заўважае, што пачаў набываць сілу працэс эпізацыі. Дапусцім, што гэта так. Але вось яго сцвярджэнне, што гэты працэс — адна з перспектыўных тэндэнцый, — патрабуе больш пераканаўчага доказу. Не так даўно крытыка з захапленнем гаварыла аб лірызацыі прозы, разглядала такую з’яву, як з’яўленне лірычнага элемента ў празаічным творы. I разглядала яе як з’яву станоўчую, прагрэсіўную… Цяпер вось мы сцвярджаем, што паэзія імкнецца да эпізацыі і што гэта — правільны шлях. Атрымоўваецца, што паміж прозай і паэзіяй ідзе ўзаемаабмен уласцівымі ім асаблівасцямі і якасцямі, своеасаблівае ўзаемапераліванне крыві? Што, проза хоча стаць паэзіяй, а паэзія — прозай? Аб чым тут ідзе гутарка — аб нейкіх сапраўды рэальных працэсах ці аб тым, што кожны жанр абнаўляецца па ўласцівым яму законе і прыкметы абнаўлення ствараюць ілюзію гэтай самай лірызацыі ці эпізацыі? Тут ёсць пытанне.

Далей. Мікола Арочка гаворыць аб тым, што паэзія апынулася перад неабходнасцю глыбока эпічнага асэнсавання працэсаў грамадскай думкі і чалавечай псіхалогіі, перад неабходнасцю выпрацоўкі спецыфічна паэмных сродкаў… Па-першае, можа ўзнікнуць пытанне: а што гэта такое — спецыфічна паэмныя сродкі? Гутарка тут ідзе аб нейкіх іманентных, унутранаўласцівых паэме рэчах? Ці, можа, аб фармальна-вонкавых адзнаках гэтага паэтычнага жанру? Другое пытанне: чаму толькі глыбока эпічнага, а не і глыбока лірычнага асэнсавання? Можа быць, яшчэ не выкарыстаны, не выяўлены да канца рэзервы і патэнцыяльныя магчымасці і лірычнай паэзіі, лірычнага асэнсавання сённяшняга складанага жыцця? Можа быць, бабулькалірыка яшчэ ў стане «тряхнуть стариной» і таксама паслужыць добрую службу чалавецтву, паслужыць нам верай і праўдай? Дарэчы, Арочка амаль нічога не гаварыў аб так званай інтымнай лірыцы, лірыцы кахання. Інакш бы яму прыйшлося аддаць належнае ёй у асэнсаванні тых жа самых працэсаў грамадскай думкі і чалавечай псіхалогіі, пра якія ён піша.

М. Арочка, палемізуючы з паэтамі-лірыкамі, якія недаацэньваюць жанравыя заканамернасці, аспрэчвае іх думку, што талент вырашае ўсё. Ён тут салідарызуецца з той жа Растоўцавай, якая сцвярджае, што паэт вольны ў выбары формы, што рашае тут яго свядомая ўстаноўка. Як бы не так. Не, ён сапраўды не выцягне, не ўздыме тэму ў любой жанравай форме, — тут Арочка мае рацыю, — але ён уздыме тую тэму і вырашыць яе ў той форме, якія найбольш адпавядаюць яго таленту, яго мастацкаму выбару. I ў гэтым сэнсе талент вырашае ўсё. А калі мець на ўвазе ўвесь складаны творчы комплекс — светапогляд, грамадзянскія перакананні, характар — то ўжо дакладна, што рашаючае слова за імі — за талентам і гэтым комплексам.

Аркадзь Куляшоў напісаў сваю паэму «Хамуціус» не таму, што быццам бы пасля свядомага ўзважвання і вывучэння заканамернасцяў жанру драматычнай паэмы рашыў увасобіць тэму Каліноўскага менавіта ў гэтым жанры. А, відаць, таму, што не мог вырашыць яе ў іншай форме, што менавіта жанр драматычнай паэмы быў найбольш блізкі яму, калі ён браўся ўвасабляць вобраз героя.

I ўжо, думаю, зусім зразумела і натуральна тое, што калі Аркадзь Куляшоў, скажам, адчувае сябе лепш у жанры ліраманалагічнай паэмы, то Панчанка ці Танк — у форме лірычнага верша. Праблема формы — гэта ў канчатковым выніку праблема той жа арганічнасці, праблема творчай асобы ў паэзіі. Стыль — гэта чалавек, жанр, форма — гэта талент, творчая асоба.

Але пры чым тады тут «майстэрства», якое заключае трыяду, што вызначыла тэму нашага абмеркавання? — можа ўзнікнуць такое пытанне. Як яго разумець, калі паэт як быццам мала што вырашае адвольна ў сэнсе фармальна-выяўленчых сродкаў? Уся справа тут у тым, як разумець гэта паняцце — майстэрства. Калі разглядаць яго як умельства, як навык, як валоданне сумай адпаведных тэхнічных прыёмаў, то тады, прабачце, я асабіста не зусім разумею, што гэта ўсё такое і пры чым тут паэзія… Вершы не робяцца, вершы нараджаюцца. Так, Маякоўскі гаварыў аб тым, як рабіць вершы, гаварыў аб працы над вершам і г. д. Ён наўмысна акцэнтаваў на такой будзённай тэрміналогіі, стараючыся гэтым самым, як ён сам прызнаваўся, дыскрэдытаваць старую паэтыку. Але гаварыў жа ён па сутнасці — давайце прыгадаем — не аб рабленні вершаў, а аб іх нараджэнні, аб складаным псіхалагічным працэсе творчасці… «Я хожу, размахивая руками и мыча еще почти без слов… Постепенно из этого гула начинаешь вытаскивать отдельные слова… Откуда приходит этот основной ритм-гул — неизвестно…» і г. д.

Вопыт Маякоўскага, пры ўсёй яго своеасаблівасці, не выключэнне. Ён у пэўным сэнсе тыповы. Такія ж або амаль такія ж прызнанні мы чулі і ад іншых. Хто гаварыў пра той жа гул, хто пра гук, хто аб прадчуванні верша, хто пра музыку ў душы, хто пра штуршок пад сэрцам, хто пра камяк у горле. Гаварылі, словам, пра нараджэнне верша, часам пакутлівае, пра яго, так сказаць, унутранае паходжанне. Так, потым былі і праца, і пошук слова, закрэсліванні і чарнільныя плямы. Але галоўнае ўжо было прадвызначана — тым гулам, тым гукам, той музыкай, тым штуршком… Іншымі словамі — рухам душы, рухам інтуітыўна-маральнага пачуцця, якія і складаюць пярвічную субстанцыю паэзіі.

Поэт, пинающий собаку,

Божусь, не вступит с тигром в драку.

И не напишет, хоть убей,

Ни «Илиад», ни «Одиссей»…

У лорда Байрона был пес,

Любимый Байроном всерьез.

«Друг самый верный, самый близкий», —

Писал о нем поэт английский…

А ты — собаку пнул ногой.

Нет, ты не Байрон! Ты — другой.

Да слова сказаць, у гэтай жартаўлівай, але мудрай эпіграме правільна заўважана паслядоўнасць, у якой залежаць адна ад другой арганічнасць паэзіі і яе грамадзянскасць, пра якія гаварылася ў дакладзе Арочкі. «Паэт, які ўдарыў сабаку, не ўступіць у бойку з тыграм…» Іншымі словамі, няма ў цябе за душой маральнага зместу — не будзеш сапраўдным грамадзянінам.

Ды гэта невялікае адступленне.

Дык вось той варыянт майстэрства, пра які я сказаў толькі што, відаць, не мае дачынення да сапраўднай паэзіі. Такое, у двукоссі, майстэрства хутчэй за ўсё спадарожнічае вершатворству, паспрабую ўжыць гэтае слова, тым адмысловым копіям, якія, як б’е трывогу Мікола Арочка, шырацца і растуць. А капіраванне, копіі ў паэзіі — з’ява, вядома, ненармальная. Я гутарыў з вядомым нашым матэматыкам, акадэмікам Яругіным. Мікалай Паўлавіч гаворыць: «Роля асобы, аўтарскай індывідуальнасці ў паэзіі безумоўна важнейшая, чым у навуцы. Праўда, творчасць Лабачэўскага, Эйнштэйна, Каралёва — таксама з’ява рэдкая. Але яна даступная пасля іх многім, чаго нельга сказаць аб паэзіі, аб літаратуры. «Ціхі Дон» ці «Новую зямлю» скапіраваць нельга. I ў гэтым шчасце пісьменнікаў — іх выратоўвае непаўторнасць».

Быць непаўторным, быць самім сабой у сваёй творчасці — ці не ў гэтым і заключаецца сапраўднае майстэрства? Ці не ў тым, каб тваё слова было максімальна дакладным адэкватам тваёй справы, твайго пачуцця, твайго жыццёвага кроку, твайго грамадзянскага клопату. У дакладзе Арочкі называўся верш Пімена Панчанкі «Творчасць», які, як вы помніце, пачынаўся сумнавата-элегічнай нотай: «З паэзіяй мне развітацца пара…», а канчаўся па-баявому мужнымі радкамі: «Не здамся! Бяссоннаю працай спалю сябе, ды ад праўды я не адступлюся. I словам я сцверджу ўсё, што люблю ў народзе сваім і ў сваёй Беларусі». Мяне, помню, асабліва ўразілі гэтыя радкі. Уразілі адной нейкай таямнічай, незвычайнай асаблівасцю. Як быццам бы ўсе знаёмыя словы: бяссонне, праца, праўда, сцверджу, люблю, народ. I стаяць яны як быццам у знаёмым парадку — ніякіх асаблівых змяшчэнняў і інверсій. I, можа, нават залішне гучныя яны для вершасповедзі. I ў той час — іх прымаеш сэрцам, яны хвалююць, яны выклікаюць суперажыванне… У чым справа? — думаў я. Гэты таямнічы «ларчык» калі не проста, то ўсё ж адкрываецца і сведчыць аб тым, што сапраўдная паэзія там, дзе сапраўднае пачуццё, дзе, як гаварылі класікі, ёсць агонь душы, жывы, рэальны змест…

Прывяду і яшчэ адзін, супрацьлеглы факт, са свету нашага ўспрымання паэзіі. На днях дачка заяўляе, што не хоча вучыць верш, дакладней, страфу з верша, якую выбрала для яе настаўніца да нейкага школьнага мерапрыемства. Чаму? — Бачу, што верш не падабаецца. Пытаюся, чаму не падабаецца. Ты вось паслухай, кажа яна, што гэта за верш, і чытае, трохі наўмысна націскаючы:

А грозны наблізіцца час,

не знойдзе Заслонаў спакою,

праз нетры прыскоча да нас,

сціскаючы верную зброю…

Яе ж каментарый: «Што ён заяц, што прыскоча… Непрыгожы верш».

Я згадзіўся з ёй. Верш цяжка чытаецца, не ўспрымаецца ні зрокава, ні слыхам: «праз нетры прыскоча…»

Так, мы забываемся часам, што паэзія, не скажу — прыгожая славеснасць, бо гэты тэрмін гучыць трохі па-эстэцку, скажу: хлеб духоўны, хлеб для душы чалавечай. I колькі трэба клопату і любві, каб хлеб гэты быў належнай якасці, каб адпавядаў запатрабаванням нашага сучасніка.

«Паэт — утысячароны чалавек». Творчасці сваёй ён належыць усімі фібрамі сваёй душы. Ён неаддзельны ад сваёй чалавечай сутнасці, ад сваёй асобы. Яго ж асоба, яго характар, яго пераконанні, яго светапогляд звязаны з жыццём. I вось пакуль у гэтым ланцугу — паэт — асоба — жыццё — усе элементы непарыўна злучаны, пакуль паміж імі падтрымліваецца дзейсная — як прамая, так і зваротная — сувязь, слова яго будзе напоўнена жывым паэтычным зместам, будзе свяціцца вялікім ідэйна-маральным і грамадзянскім сэнсам. Калі ж гэтая сувязь парушаецца і адбываецца замыканне — слова перастае жыць і свяціцца, яно робіцца «кимвалом бряцающим». А чалавеку, а народу нашаму патрэбны словы жывыя, словы, якія хвалююць, узбагачаюць, спрыяюць яму ў яго будні і святы.

1974

Загрузка...