ШТО ПАТРЭБНА Ў ЖЫЦЦІ?


Гэта ўжо амаль правіла: пасля таго як паэт выдасць свой першы зборнік, ён на нейкі час змаўкае (у сэнсе — не друкуецца), перажывае, так сказаць, перыяд «міжкніжжа». Відаць, асэнсоўвае першы этап і развітваецца, як развітваюцца з дзяцінствам ці юнацтвам, са сваімі першымі вершамі, відаць, рыхтуецца да новага, больш складанага этапа, якім з'яўляецца другая кніга. Такая ж падрыхтоўка патрабуе пэўнага часу — гэта як зборы ў дарогу, цяжкасці якой ужо нейкім чынам разведаны.

Былі такія зборы, такая «паўза» і ў Д. Бічэль-Загнетавай пасля таго, як яна выпусціла сваю першую кнігу «Дзявочае сэрца». І паўза, трэба сказаць, недарэмная, плённая. Аб гэтым сведчаць новыя вершы паэтэсы, з якімі яна выступіла нядаўна ў перыядычным друку.

Асабліва цікавай і характэрнай здалася мне падборка вершаў, змешчаных у красавіцкай кніжцы «Маладосці». У «Дзявочым сэрцы» былі ўсхваляваныя, напоўненыя эмацыянальна вершы, добрыя, свежыя паэтычныя замалёўкі. Усё гэта было. І ў той час аўтару не хапала яшчэ глыбіні погляду, не хапала роздуму над жыццём. Што ж да новых вершаў паэтэсы, то яны якраз і вызначаюцца тым, што ў іх пачынае гучаць такі роздум. Адчуваеш, што паэтэса абдумвае і свой асабісты жыццёвы вопыт і больш пільна прыглядаецца да навакольнага жыцця, да людзей, пачынае аналізаваць, параўноўваць, нешта адмаўляць і нешта сцвярджаць. І калі ў пранікнёным, цікавым увогуле вершы «Хлопцы», якім адкрываецца нізка, вясковыя хлопцы паказваюцца яшчэ вельмі абагулена, без якіх-небудзь канкрэтных маральна-псіхалагічных ацэнак, то верш «Іншы з самага святога рання...» — другога плана. У ім паэтэса спрабуе падысці да чалавека больш патрабавальна, з пэўнай маральнай меркай. І тады яна заўважае, што іншы

Пройдзе рэчку — ногі не намочыць

Ды, сухі, лавіруе далей, —

Так, каб і не крыўдзіць вельмі

іншых

І каб быць за гэтых іншых вышай,

І каб гэтак хлёстка справы выйшлі,

Што не ступлена ні пядзі лішняй...

Даўшы даволі трапную характарыстыку пародзе людзей, якіх называюць яшчэ прыстасаванцамі, аўтар супрацьпастаўляе ім чалавека, які,

Як ратай вясною па раллі,

З добраю трывогай чалавечай

Днём і ноччу,

днём і ноччу крочыць...

Паэтэса задумваецца над пытаннем: як жыць? Спрабуе акрэсліць сапраўдныя жыццёвыя каштоўнасці, высветліць маральны ідэал. Лясны спакой, лясная ціш (верш «У цішыні», ён, дарэчы, блізкі па свайму пастрою да «Паэмы майго лесу» Пімена Панчанкі, надрукаванай адначасова ў «Полымі») паводзіць на думку, што

Развучыліся роўна жыць,

Усё бяжыць, імчыцца, спяшыць.

Ідэалы, падзеі, пачуцці —

Ўсё займела касмічную хуткасць.

Мастакі і паэты ў вершы

Стрымгалоў адкрываюць навейшае,

Без аглядкі бягуць у вечнасць,

Баючыся, што вольных месцаў

Там, у вечнасці, не застанецца.

Аўтару яўна не да спадобы мітусня яе некаторых сяброў па пяру, іх славалюбівыя турботы, «Служенье муз не терпит суеты». Яна лічыць, што

Чалавеку патрэбна ў жыцці,

Хоць часамі —

такая ціш.

Гэта вечная навізна —

Сон-трава, крыніцы, сасна,

Цішыня адкрыццяў завершаных,

Цеплыня, узаемнасць, вернасць.

Хай, як сёння, гэтак навечна

Над зямлёю пахам сасновым

Разальецца ціша вясновая!

Адкрываць, і кахаць, і сніць

Без паспешнае мітусні!

Ёсць у той жа падборцы і верш, дзе паэтэса як бы дае кавалачак жыцця «без паспешнае мітусні!». Гэта верш пра тое, як «шаткавалі капусту двое», пра сямейны мір і лад, пра людское «шчасцейка». Не пра шчасце ў яго мяшчанскім ці абстрактна-рамантычным сэнсе, а іменна пра шчасцейка — па-зямному здаровае, трывалае, надзейна забяспечанае дружнай працай, блізкасцю да прыроды, узаемнай любоўю. Верш атрымаўся надзвычай светлы, сонечны.

Як вядома, з творчым ростам прыходзяць і новыя мастацкія сродкі. Гэтае правіла дае знаць аб сабе і ў дадзеным выпадку. Бічэль-Загнетава смела абнаўляе, у прыватнасці, рыфму. Праўда, не ўсе знойдзеныя ёю рыфмы ўдалыя, некаторыя з іх вельмі ўжо прыблізныя (сціплыя — апусціліся, шуме — падумалі, двое — восень), але тое, што паэтэса шукае новыя магчымасці фанетычна-гукавой выразнасці радка, гэта, безумоўна, добра. Гэта таксама сведчыць аб тым, што талент яе сталее.

1964

Загрузка...