ЦАНА СЛОВА


З вершамі Аляксандра Дракахруста я пазнаёміўся некалькі год назад, калі ён прыязджаў да нас у Мінск з далёкаўсходнімі пісьменнікамі. А. Дракахруст, вайсковы чалавек, жыў тады на Далёкім Усходзе, і вершы яго, помню, былі прысвечаны арміі і Далёкаму Усходу. Якія гэта былі вершы, добрыя ці дрэнныя, я цяпер ужо, шчыра кажучы, не помню. Чамусьці не запомніліся яны.

З той пары сплыло нямала вады — і ў Ціхім акіяне і ў нашай Свіслачы. А. Дракахруст стаў мінчанінам. Мы прывыклі ўжо бачыць у сваім літаратурным асяроддзі гэтага прыгожага, разумнага, душэўнага чалавека ў шынялі (ён працягваў працаваць ваенным журналістам). І мы пазнаёміліся з яго новымі вершамі, якія сабраны ў кнізе «Бухта Збянтэжання» («Бухта Смятения»), што выйшла нядаўна ў выдавецтве «Беларусь».

Скажу адразу: другая сустрэча з вершамі Аляксандра Дракахруста прыемна ўразіла мяне. Я адразу адчуў, як пасталеў талент паэта. Вершы зборніка, прынамсі, лепшыя з іх, нельга было пакінуць без увагі, яны запаміналіся, краналі, гучалі па-чалавечаму проста і натуральна, па-жыццёваму праўдзіва і мудра.

Прыгадваючы ваенны час з яго суровымі, часам жорсткімі законамі, паэт піша:

Нетрудно приказать:

«Любой ценой!»

Ты заплатить попробуй эту

цену!

Вершы А. Дракахруста — аб цане. Чалавечых дарог і пакут, чалавечых надзей і страт. Чалавечай любві і чалавечай стомы. Аб цане чалавечага жыцця. Паэт ведае шмат чаму цану. У тым ліку і цану слову. І таму ён можа прызнацца ў вершы: «Но я молчу. И ни на что не жалуюсь». І таму ён супраць таго, каб хлусіць, ухіляцца ад сумленных адказаў у размове з сынам:

Я с ним говорю, как с

мужчиной,

Я с ним не играю в слова...

І таму ён супроць «и длинных фраз, и яркой позолоты» на помніках героям. Як быццам бы, гаворыць ён, без усяго гэтага

В их подвиги потомки

не поверят

И не поймут их жертвенной отваги...

І таму паэт, — тут ужо маральнае перакананне пераходзіць у эстэтычнае, — супроць прыгожых слоў і пустапарожніх метафар, асабліва калі гутарка ідзе аб горкіх рэчах.

У вершы «Мальчишки зеленые», напісаным ад імя юных салдат, што загінулі ў мінулую вайну, А. Дракахруст піша:

Мальчишки зеленые

В рубахах зеленых —

Нет, нет,

мы не стали

Дубками и кленами,

Не вышли травой,

Не проклюнулись колосом

И гомоном листьев,

Не подали голоса...

Мы просто зарыты

В земле изувеченной,

В спасенной земле...

И придумывать нечего!

І ў іншых сваіх вершах пра вайну (яны складаюць асобны раздзел зборніка) паэт прытрымліваецца гэтага правіла — «І прыдумляць не трэба». У такіх, напрыклад, вершах, як «Мать», «Любой ценой...», «Я помню: писарь наш батальонный». Апошні верш — адзін з самых праўдзівых паэтычных твораў пра вайну, якія мне даводзілася чытаць.

Карацей — каштоўнасць вершаў Аляксандра Дракахруста ў тым, што ён ведае, як я ўжо зазначыў, шмат чаму цану, гаворыць пра свае веды, свой вопыт. Прытым паэт дае ў вершах не вынікі свайго роздуму, свайго асэнсавання свету, а іх працэс. Ён асэнсоўвае перажытае як бы ў нашай прысутнасці. І таму такі задуменны яго голас, і таму ён гаворыць у спакойным, стрыманым топе, без прэтэнзій на вонкавую арыгінальнасць.

Я не лічу, вядома, што ўся паэзія павінна быць іменна такой, яна можа быць і іншай: і больш гучнай, і больш парывістай, і больш узнёслай. Але вось у А. Дракахруста менавіта такія вершы, і гэта добра. Добра, што за вершамі — пэўны характар, жывая асоба, жывы чалавечы вопыт.

Ёсць у зборніку «Бухта Збянтэжання» і творы нязначныя, неарыгінальныя, з тых, якія мы называем прахаднымі. Часам аўтар па-рэпарцёрску прывязаны да факта, не ўзнімаецца да пэўнага абагульнення.

Але калі б я вёў сшытак вершаў, якія мне па-сапраўднаму спадабаліся і якія хочаш мець пад рукой і чытаць сябрам, то для гэтага сшытка я знайшоў бы вершы і ў кнізе Аляксандра Дракахруста.

1967

Загрузка...