УЗЫХОДЖАННЕ


Паэзія — таксама вера. І ў яе, у паэзіі, ёсць свой бог, сваё бажаство. Не ў рэлігійным, вядома, сэнсе, а ў тым, у якім вялікі атэіст Пушкін паставіў гэтае слова побач са словам натхненне — «и божество, и вдохновенье». І ў яе, у паэзіі, ёсць свае мінуты экстазу, свае малітвы.

К планете припадаю па закате.

Затылком — к переменчивой

звезде.

В беде я землю умоляю —

Мати!

О, помоги мне быть на высоте.

Гэта малітва, звернутая да зямлі. А вось — да неба:

Как про себя немая,

Как про себя нагая,

Я про себя точно

Знаю, кто я такая.

Небо мое, здравствуй!

Кто я? Звезда...

Для лірычнай гераіні Святланы Яўсеевай — гутарка ідзе пра яе новы зборнік «Новолунье» — вельмі характэрная такая вось глыбокая ўзрушанасць, такое вось трывожна-ўсхваляванае пытанне: «Хто я?» Пытанне, якое не дазваляе ёй ні на мінуту супакоіцца, а тым больш самаздаволіцца, душэўна ачарсцвець. Маральны ідэал яе высокі і светлы. І ў той жа час па-зямному канкрэтны, акрэслены. «По-человечески, по-женски» (словы паэтэсы) яна не «хочет повестки. Вдруг опять?!». А ў другім вершы («Браканьеры») запальчыва-злосна кідае: «Я знаю, не было б войны, когда б не браконьеры!» І калі б яшчэ не «зладзеі», якія «тоже любят Блока. И Льва Толстого. Черт возьми!» (Верш «В библиотеке»). «По-человечески, по-женски» — і па-цвятаеўску, дадам яшчэ, — яна не можа цярпець «мебельного честолюбья», «скудного, остандарченного уюта». Яна не прызнае сонную, пляжную прыгажосць, якая «бывает непотребной, если нет движенья у нее». Яе абураюць пыхлівасць, зайздрасць, дробязнасць і іншыя нізкія інстынкты і заганы, якія жывуць яшчэ ў чалавеку і прыніжаюць яго. Менавіта супраць іх і скіраваны крытычна-выкрывальны пафас паэмы «Большая Медведица», асобныя раздзелы якой так і называюцца: «Вещечеловеки», «О зависти», «О тщеславии», «О собственности», «О предателе». І рэчы ў паэме называюцца сваімі імёнамі, называюцца рашуча, прама, на ўвесь голас, з той катэгарычнасцю, якая, калі мець на ўвазе не пафас, а форму, паварочваецца нават дзе-нідзе публіцыстычнымі пераборамі.

Адчужаным паміж сабой «рэчачалавекам» аўтар паэмы супрацьпастаўляе інтэрнат, «аб'яднанне людзей, дзе ўсе, як зоры ў сузор'і Вялікая Мядзведзіца — адсюль і назва паэмы, — роўныя, дружныя, аднолькава светлыя «и нет звезды основной».

Запаветны ідэал паэтэсы — чысціня. Не тая, якую нараджае пыхлівасць, не тая, што напаказ, за якую дае прэмію ў студэнцкім інтэрнаце «неизбежный сансовет», а сапраўдная, натуральная, унутрана ўласцівая. Чысціня маральная. І паэтэса вядзе нас у свет, дзе няма ніякага бруду, які «сжигает жывое, как лава», а ёсць «пречистый город» (С. Яўсеева любіць гэты трохі архаічны эпітэт — «пречистый», гэтак яна, як і звычайны — чысты). Ёсць сад, дзе працаваў яе бацька і дзе «дупла закрашены, кроны чисты, в извести крепкие спины. Яблони, словно богини, статны...». Ёсць чыстыя матчыны рукі — «два луча, пропахшие укропом». Ёсць чыстыя, «как воды Немана пречисты», губы каханага. Губы, якіх не бывае ў кар'ерыстаў, у хабарнікаў, «растратчиков казённых денег», губы, якія неабходны «не только мне — моей стране». Лепшыя вершы зборніка і прадыктаваны гарачай верай у чалавечую чысціню і прыгажосць.

Пра сябе, пра сваю ўпартую, невынішчальную волю да чысціні, да ідэалу паэтэса сказала ў паэме так:

Что я вырубить желала —

Вырубила. Вполне!

Что горенью подлежало —

Выгорело во мне.

Ведаеш, прачытаўшы новую кнігу паэтэсы, што паэзія для яе — не проста словатворчасць, а справа яе сумлення і яе душы, яе боль і роздум, і не можаш не верыць гэтым словам аб самаачышчэнні. І не можаш быць абыякавым да іх, спачуваеш іх аўтару — не проста ж вось так самаахвярна жыць і працаваць. (У другім месцы паэтэса так напісала пра сваю работу: «Наш труд — уже до гробовой доски».) І даруеш, хочаш дараваць ёй і менш удалыя вершы, і ўсё тое, што не задавальняе ў зборніку. А асобныя пралікі яго нельга не заўважыць.

Ёсць у паэзіі закон, адкрыты Блокам: чым цяжэйшае нараджэнне гуку, тым больш ясную форму імкнецца ён набыць. «Гук» у С. Яўсеевай, асабліва ў яе лірычных вершах, як правіла, глыбінны. І, натуральна, шукае найбольш выразнага выяўлення, найбольш яснай матэрыяльна-вобразнай абалонкі, і часта знаходзіць.

Але ў некаторых выпадках адчуваеш толькі яшчэ самі гэтыя пошукі, толькі само імкненне да яснасці, але канчатковага выніку гэтага імкнення няма. Асноўная думка верша «И опять я начинаю рейс» выканана ў двух апошніх радках:

Я бы вымерла, да не умру,

Слишком много рек в меня

впадает!

Сказана добра. Свежа і вобразна. Але ці да гэтага, менавіта, вобраза імкнуўся ў дадзеным выпадку «гук»? Сумняваешся таму, што паэтэса прыпадабняе сябе на працягу верша і поўнаму трамваю, які вось-вось з'едзе з рэек, і спалоханаму гарнастаю, і сіраце. Комплекс асацыяцый, як снежны камяк, расце, у вершы з'яўляюцца і яшчэ і «дуплистые дубы», і «низкие стрелы». Словам, што ні страфа — то свая метафара, свой вобраз. І ў выніку верш пазбаўляецца адзінства вобраза. Змест яго даходзіць, можна зразумець паэтэсу, яе хваляванне, яе думку (яна яе растлумачыла ў апошніх радках), але яснасці, завершанасці формы, да якой імкнуўся трудны «гук», няма.

Трапляюцца ў кнізе — па той жа, відаць, усё прычыне, а магчыма, і з-за недахопу густу — вобразы крыху штучныя, надуманыя. Напрыклад — моль у аднайменным вершы. Моль тут яўна не вытрымлівае той сэнсавай нагрузкі, якую на яе ўскладаюць, не «цягне» ў якасці ворага прагрэсу. Так жа, як не можа быць сур'ёзным увасабленнем прагрэсу і сучасны гардэроб («висит прогресс — капроновый, стеклянный...»).

Дакараеш часам паэтэсу, чытаючы яе новыя вершы, і за свядомую яўна схільнасць да залішняй, неапраўданай метафарычнасці і вычварнасці. Асабліва калі апошнія паварочваюцца перламі, накшталт: «И теперь мои ресницы — со слезами не на ты». Або: «Вам нравилось радовать нас, пробивать будни гвоздиками своих улыбок». Або (пра зялёныя вочы): «Опіі всегда препятственного цвета».

Не магу не адзначыць і недастатковую патрабавальнасць паэтэсы да рыфмы. Побач з рыфмамі свежымі, што называецца сучаснымі, даволі часта мільгаюць і застарэлыя (лесов — стволов, снегами — городами, такие — роковые, враг — табак, ресницы— задымится), и занадта прыблізныя, такія прыблізныя, што ўжо не маюць практычнага значэння. Напрыклад: отдала — плода, небеса — да, потом — пород і г. д...

...Сваю кнігу С. Яўсеева адкрыла вершам «Восхожденье» («Узыходжанне»).

Восхожденье! Что ни день, то

вышка.

Крым потом, пока еще Сибирь.

Я еще не родила мальчишку,

Я еще не растеряла сил.

Первый дом еще по получила,

Первый долг еще не отдала.

Сад возделала — не надкусила

Первого плода!

Верш, як бачым, характэрны для паэтэсы — і рыфмамі, і сваёй сутнасцю. І ў першую чаргу гэтым вось праграмным: «Крым потом, пока еще Сибирь». Крым — гэта спакой, спачын, ціхі плёскат хвалі і пляжнае забыццё (глядзіце верш «На пляже»). Сібір — гэта нязведанасць, дарога, цяжкасці, пошукі, гэта — узыходжанне. І хочацца пажадаць С. Яўсеевай, каб узыходжанне яе працягвалася, каб яна заўсёды верыла так, страсна і непарушна, у тую светлую зорку, пра якую яна піша ў паэме. Бо паэзія — таксама вера. У самым зямным і самым чалавечым сэнсе гэтага слова.

1965

Загрузка...