І ПРЫЙШЛО СЛОВА «ЛЮБІМ»...

Гісторыя аднаго верша


«Раскажыце, калі ласка, як быў напісаны Ваш верш «Пра дзярзанне»... Ці добра Вы ведалі Міхася Лынькова?» — з такім пісьмом звярнуліся да мяне чытачы з Рагачоўскага раёна.

Размова зайшла аб адным з самых дарагіх мне вершаў, аб вершы ў самым канкрэтным значэнні слова аўтабіяграфічным, непасрэдна звязаным з маімі адносінамі да Міхася Ціханавіча Лынькова — пісьменніка і чалавека. Таму я рашыў падзяліцца сваім адказам на старонках газеты...

Верш быў напісаны да сямідзесяцігоддзя М. Ц. Лынькова і надрукаваны з прысвячэннем у газеце «Літаратура і мастацтва». Я мог быць тады і быў сапраўды задаволены: бо ўнёс сваю долю ў слаўныя імяніны. Узнікла глыбока вынашаная патрэба выказацца. І ў нейкі момант стала ясна, што лейтматывам выказвання будзе прызнанне ў любві і што яго, гэтае прызнанне, не выкажаш інакш, як у вершы. (Вось, бадай, адзін з выпадкаў, калі становіцца асабліва зразумелым і паходжанне, і прызначэнне вершаванага слова.) І прыйшлі словы: «Мы любім Ваш гумар...» Прыйшлі натуральна — па штуршку знутры, з-пад сэрца...

Першым было слова «любім».

І гэта не выпадкова.

Любоў зарадзілася даўно, спела, накоплівалася задоўга да свайго выяўлення ў вершы. Яе вытокамі былі першыя чытанні, першыя школьныя ўрокі літаратуры. (Сапраўдныя ўрокі літаратуры — гэта заўсёды ўрокі любві, любві да чалавека, да радзімы, да жыцця.) Нам, першаму пасляваеннаму пакаленню школьнікаў, была асабліва зразумелая мова твораў Міхася Лынькова, іх жыццёвасць, эмацыянальная ўзрушанасць, чалавечнасць, іх асветленыя добрым гумарам мудрасць і спагадлівы клопат пра чалавека. У дзяцей з іх здольнасцю інтуітыўна падзяляць дабро і зло, нюх на такія рэчы вельмі тонкі, і нашы сэрцы даверліва адкрываліся насустрач вялікаму, добраму сэрцу аўтара «Гоя», «Над Бугам», «Баяна», «Міколкі-паравоза», «Васількоў»... Словы «так позна-позна і так рана-рана», якія мы паўтаралі пасля ўрока, уваходзілі ў наша жыццё і ў нашу свядомасць як адна з паэтычных формул складанай дыялектыкі чалавечага шчасця.

Былі сустрэчы з героямі Міхася Лынькова. І вось адбылася хвалюючая першая сустрэча з ім самім — у 1952 годзе, у студэнцкай аўдыторыі. Запомніўся асабліва такі момант. Міхася Ціханавіча фатаграфуюць, ён жмурыцца ад рэзкага святла бліца і, усміхаючыся, жартуе: «Паспрабуй зрабі пры такім святле разумную міну». Мы, студэнты, таксама смяёмся, мы яго разумеем, мы рады, што ён такі ў жыцці, Міхась Лынькоў, — зусім не разыходзіцца са сваімі кнігамі, са сваімі героямі. Бывае ж так, што ўяўленне аб аўтару, якое складваецца па яго творах, адно, а ўражанне ад сустрэчы з ім, жывым, рэальным, другое. А тут адно з другім не разыходзіцца. Тыя ж гумар, дабрата, сціпласць. Тое ж адчуванне другога чалавека. Тыя ж мудрасць і задуменнасць...

Рысы гэтыя давалі потым знаць аб сабе ў час яго выступленняў, заўсёды значных, у час спатканняў і гутарак з ім у Саюзе пісьменнікаў. Помню, мне даручылі зрабіць даклад аб рабоце з маладымі аўтарамі. Даклад атрымліваецца даволі рэзкі, таго-сяго крытыкую «невзирая на лица», шчыра дзялюся сваімі думкамі. Адпаведна рэагуе і зала... «Дзярзаеш, уюнаша?» — пытаецца Міхась Ціханавіч, падыходзячы ў час перапынку. Знаёмы і як быццам бы жартаўлівы выраз, але ў дадзены момант ён гучыць і пэўна, і сур'ёзна, у пытанні гэтым — разуменне і падтрымка. Я вонкава смяюся, а ў душы дзякую, намацваю ўнутрана апору.

Гэты эпізод я і меў на ўвазе, калі пісаў:

«Дзярзаеш, уюнаша?!) — аднойчы ў мяне

Вы спыталі.

І сёння хачу я Вам, дзядзька Міхась, адказаць...

Я ўдзячны лёсу, што потым ён паспрыяў мне і яшчэ раз, даўшы магчымасць правесці некалькі дзён разам з Міхасём Ціханавічам, Соф'яй Захараўнай і іх маленькай унучкай Ірай у Доме творчасці імя Якуба Коласа (Каралішчавічах). Мы абедалі за адным сталом, хадзілі па лесе, пілі доўгімі асеннімі вечарамі чай, які ўмела любоўна заварваць Соф'я Захараўна. Разы са два Міхась Ціханавіч частаваў мяне каньяком з той самай срэбнай чаркі, якую атрымаў у падарунак ад Купалы... Было гэта восенню 1969 года, гэта значыць, якраз напярэдадні сямідзесяцігадовага юбілею, да якога, як я ўжо казаў, і быў напісаны верш «Пра дзярзанне»...

Другі раз верш прыйшоў мне на дапамогу, калі Міхася Ціханавіча ўжо не было ў жывых. Вестка пра яго смерць насцігла мяне ў дарозе, у самалёце Сімферопаль — Мінск. Я вяртаўся з поўдня, жураўлі ляцелі ў гэты час на поўдзень. А Міхась Ціханавіч сабраўся, як стала раптам вядома, у свой апошні шлях... Прыйшлі ўспаміны... Потым сталі прыходзіць, ужо як словы на развітанне, радкі:

...Мне больш даспадобы Ваш выраз,

які стаў крылатым,

Вы знаеце словам цану.

Вы зведалі шмат на зямлі.

Вучылі дзяцей Вы,

салдатам былі, дыпламатам,

вучоным былі,

рыбаком нарачанскім слылі.

«І плакала Рыва...»

І плакала каня пад лугам...

І каркаў груган...

І трызніў салдат над Бугам...

І гіне Астап

Не, той не памірае,

каго вядзе дух дзярзання і парывання.

Я вяртаўся дамоў, дзе мяне чакалі невясёлыя весткі, вяртаўся, каб назаўсёды развітацца з адным з самых блізкіх мне пісьменнікаў і людзей. Высока, над аблокамі, у сонечным ззянні, гулі рухавікі магутнага паветранага лайнера, і пад іх гул мае пачуцці выказваліся радкамі, прысвечанымі яшчэ жывому Міхасю Ціханавічу:

«Дзярзайце, уюнашы!»

сказана: страх гняце,

да смерці вядзе ён,

да зорак дзярзанне вядзе.

Жартаўлівы выраз — жартаўлівы, вядома, па форме, а не па зместу — рабіўся апошнім наказам, апошнім запаветам настаўніка.

1977

Загрузка...