ДЗЕНЬ І ПАЎВЕКА


Дзень паэзіі...

Я бяру гэтыя словы без двукосся. Я люблю гэтае хвалююча звонкае словаспалучэнне — дзень паэзіі, і мне заўсёды хочацца вывесці яго з цесных рамак двукосся і надаць яму, замест умоўна-літаратурнага, канкрэтна-рэальны, жыццёвы змест. Дакладней — зрабіць яго агульным назоўнікам светлых дзён года і нашага жыцця.

Дзень першага весняга промню —

дзень паэзіі.

Дзень першага весняга грому —

дзень паэзіі.

Дзень першых дажынак —

дзень паэзіі.

Дзень першых сняжынак —

дзень паэзіі.

Дзень першай сустрэчы —

дзень паэзіі.

Дзень светлай любві чалавечай —

дзень паэзіі.

І яшчэ адну асацыяцыю выклікаюць у мяне словы «дзень паэзіі». Уяўляецца, як устае, як узыходзіць гэты дзень:

Над днямі звычайнымі,

звычайнымі суткамі,

што ў часе плывуць

караванамі-суднамі,

нагружанымі штодзённай прозай,

усякай усячынай.

рознасцю рознай;

над варожасцю і нянавісцю,

над грубаю лаянкаю і гугнявасцю,

над яе вялікасцю

коснаязыкасцю, —

узыходзіць —

счэзні, ўся дрэнь! —

дзень паэзіі,

новы дзень.

Але гэта — паэтычна-лірычнае адступленне. Перада мною ж ляжыць «Дзень паэзіі» — кніга. Зборнік вершаў. Трэцяе па ліку такое выданне, якое стала, здаецца, традыцыйным.

Я гартаю зборнік. Чытаю вершы. Пад вершамі падвярстана «Хроніка 1917-1967» — летапіс асноўных падзей і фактаў паэтычнага жыцця рэспублікі за пяцьдзесят год.

Наша сучасная, паслякастрычніцкая паэзія прайшла з краінай пяцідзесяцігадовы шлях. І сённяшні яе дзень так ці інакш суадносіш, сувымяраеш з яе паўвекам, з яе ўчорашнім днём. Гэтак жа, як яе ўчорашні дзень, аглядваеш з вышыні сённяшніх дасягненняў.

Калі чытаеш «Хроніку», то мімаволі спыняешся на некаторых фактах і падзеях...

Год 1917... Газета «Вольная Беларусь» пачала друкаваць паэму Якуба Коласа «Сымон-музыка».

Міхась Чарот піша першы верш «Чужына»...

Год 1919... У Маскве выходзіць першы зборнік вершаў Янкі Купалы на рускай мове...

Год 1921... У газеце «Савецкая Беларусь» надрукаваны першы верш Андрэя Александровіча «Да моладзі»...

Год 1922... Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства выпусціла ў свет першую ў савецкі перыяд кнігу вершаў Янкі Купалы «Спадчына».

23 мая «Савецкая Беларусь» публікуе верш Кандрата Крапівы «Сваты» — першы твор пісьменніка на беларускай мове.

Выходзіць з друку першая кніга вершаў Міхася Чарота «Завіруха».

Выдадзены зборнік вершаў Якуба Коласа «Водгулле», першая кніга паэта пры савецкім часе...

Год 1924... «Маладняк» апублікаваў першы верш Алеся Дудара «Паэты рэвалюцыі»...

Год 1925... З вершам «Першая песня» выступіў упершыню ў друку Максім Лужанін...

Год 1926... 18 жніўня газета «Чырвоная Полаччына» публікуе першы верш Петруся Броўкі «Ой, не шапчы, бярозка...».

«Ты мой брат» — так называецца першы верш Аркадзя Куляшова, надрукаваны ў клімавіцкай раённай газеце «Наш працаўнік». Аўтару — дванаццаць год...

Год 1927... У выданні «Маладняка» выходзіць першы зборнік вершаў Пятра Глебкі «Шыпшына»...

Год 1928... У снежні «Маладняк» апублікаваў паэму Паўлюка Труса «Дзесяты падмурак».

1 лютага адна з газет Грамады («Рэха працы») надрукавала першы верш Валянціна Таўлая...

Год 1932... 7 красавіка ў львоўскай аднадзёнцы «Беларускае жыццё» з'явіўся верш маладога паэта, упершыню падпісаны псеўданімам Максім Танк...

Год 1934... Пад псеўданімам Алесь Загорны ў альманаху «Ударнік» надрукаваны першыя вершы Пімена Панчанкі «Ураджайнае» і «Моладзі»...

Год 1938... Упершыню выступіў у друку з вершам «Матчына песня» Анатоль Вялюгін.

Мікола Аўрамчык надрукаваў у «Полымі рэвалюцыі» свой першы верш «Парашутыстка»...

Год 1939... Упершыню выступіў у друку Кастусь Кірэенка.

Выйшаў першы зборнік Рыгора Няхая...

Гады 1941, 1942, 1943, 1944... Ваенныя вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Петруся Броўкі, паэма Аркадзя Куляшова, кнігі Пімена Панчанкі, Анатоля Астрэйкі.

Год 1946... Вучань шостага класа Гайнаўскай НСШ Ніл Гілевіч надрукаваў свой першы верш «Яблынька»...

Год 1951... Выходзяць першыя зборнікі Аляксея Пысіна, Аляксея Русецкага...

Год 1960... Выдаюцца першыя кнігі Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Паўлава, Янкі Сіпакова...

Год 1967... Выдавецтва «Беларусь» выпускае ў свет першыя зборнікі маладых паэтаў — Міколы Купрэева, Сяргея Панізніка, Івана Леткі...

Прашу прабачэння за доўгую вытрымку з «Хронікі». Я не змог устаяць перад спакусай прывесці, адзін за адным, гэтыя факты, перад жаданнем нагадаць яшчэ раз гэтыя «першы верш... упершыню надрукавана... першая кніга». За датамі і фактамі чуецца хада нашай паэзіі — ад Купалы да самых маладых, наглядна прасочваецца яе хуткі рост, яе жывая дынаміка.

Божа! Якая маладая яна ўсё ж, наша сучасная паэзія! Як лёгка перакідваецца ў часе мосцік ад яе пачатку, яе калыскі да яе высокага сённяшняга парога! Як лёгка ўкладваецца яе гісторыя ў адрэзак часу, меншы за век аднаго чалавечага жыцця!

І сапраўды. Сёлета споўнілася 85 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Яны маглі б яшчэ жыць. Сярод нас жывуць і плённа працуюць паэты, якія стаялі побач з Купалам і Коласам ля калыскі нашай сучаснай паэзіі, выдавалі разам з імі свае першыя кнігі (у савецкі час). Сярод нас маглі б, безумоўна, жыць і тварыць, быць сёння ў росквіце сваіх сіл паэты, якія загінулі заўчасна на франтах мінулай вайны і чые імёны раней часу адышлі ў гісторыю. Сярод нас жывуць і знаходзяцца ў добрай творчай сталасці паэты, якія ведалі асабіста Янку Купалу і Якуба Коласа і прымалі з іх рук, з рук заснавальнікаў, эстафетную палачку і атрымоўвалі іх блаславенне. (Зазначу, што эстафета перададзена ў добрыя, надзейныя рукі, мы сёння ў гэтым пераконваемся.)

Помню, і паэт ужо іншага пакалення Ніл Гілевіч яшчэ выступаў на адным вечары разам з дзядзькам Якубам.

Бачыце, якая простая пераемнасць, як дружна ўмясціліся на невялічкім гістарычным прамежку розныя літаратурныя пакаленні. Так, цікавая, з'ява — наша сучасная беларуская паэзія. Гісторыку літаратуры — сённяшняму і сучаснаму — тут ёсць над чым падумаць.

Але вернемся да «Дня паэзіі», да яго асноўнай, яго паэтычнай часткі.

Калі я гартаў зборнік, то яшчэ раз — вакол гэтага было нямала спрэчак і размоў — думаў пра значэнне і мэты такога выдання. І зразумеў, што, апрача ўсяго іншага, «Дзень паэзіі» — гэта добрая магчымасць творчага спаборніцтва паэтаў розных манер і розных пакаленняў. Спаборніцтва ўзаемакарыснага, патрэбнага як кожнаму з паэтаў, так і ўсёй літаратуры ў цэлым. Бо літаратура — такая справа, дзе кожнаму — шырокае поле дзейнасці і дзе ў той жа час усе апрацоўваюць адно і тое ж поле — поле чалавечага жыцця. І таму, натуральна, адзін вучыцца ў другога, у прыватнасці, маладзейшы, менш вопытны вучыцца ў старэйшага — майстэрству, а той у сваю чаргу вучыцца ў маладзейшага, менш вопытнага — свежасці ўспрыняцця.

Словам, на старонках «Дня паэзіі» ідзе спаборніцтва, ідзе паэтычны турнір. Зусім не пад дэвізам «хто каго». Гэты дэвіз тут ні пры чым. Тут адзін дапаўняе другога, кожны робіць свой уклад, уносіць сваю лепту. І справа ў тым, якая гэта лепта. Больш значная ці менш значная.

Калі не памыляюся, пяць пакаленняў удзельнічае ў сёлетнім спаборніцтве, у гэтай, як гавораць спартсмены, таварыскай сустрэчы. Актыўна выступаюць нашы старэйшыя паэты: Уладзімір Дубоўка з двума вершамі, Станіслаў Шушкевіч — з трыма, Максім Лужанін і Мікола Хведаровіч — з вялікімі раздзеламі новых паэм. «Паэты — ўсе адной крыві...» Паэты аднаго пакалення — тым болей. І не выпадковы, вядома, той факт, што паэмы аўтараў аднаго пакалення ў нечым істотным сугучныя і вырашаюць адну і тую ж задачу — асэнсаваць эпічнымі сродкамі свой час, перажытае. Гэтак жа, як не выпадковая блізкасць вершаў — Уладзіміра Дубоўкі. «Дзе ж яны, коні мае вараныя...» і Міхася Машары «У дарозе» (блізкасць біяграфічная). Тут праяўляюцца асаблівыя прыкметы пакалення.

А вось голас паэта ўжо іншай генерацыі, іншай, так сказаць, узроставай групы:

Паўвека... Гэта шмат — паўвека.

Сплылі, змялелі сотні рэк.

І ўжо адно тваё павека

Нібы закрылася навек...

Пляткарце, мілыя, пляткарце,

Што нехта ў крук мяне сагнуў,

А я улёгся па плацкарце

І правадніцы падміргнуў.

Знаёмы голас? Пазнаяце? Ён радуе высокім жыццёвым тонусам, жыццесцвярджэннем, ці, лепш сказаць, жыццялюбствам. І яшчэ больш радуе, — калі чытаеш верш далей, — глыбока ўсвядомленай адданасцю людзям, праніклівай чалавечнасцю — гэтай найпершай і найгалоўнейшай уласцівасцю сапраўднай паэзіі:

Эх, правадніца, правадніца,

Люблю я твой вандроўны дом.

Хачу з табою парадніцца,

Зрабіцца паўправадніком.

Каб ад паглядаў чалавечых

І загарацца, і гарэць;

І хоць далёка, хоць пад вечар

Што не сустрэў яшчэ — сустрэць.

Каб на людскім дарожным сходзе

Патрэбным гэтым людзям быць

І ведаць, дзе каму сыходзіць,

Якія станцыі любіць.

Гэта — верш Пімена Панчанкі. Тут жа я хачу назваць і выдатныя вершы Максіма Танка — «У кожным сэрцы...», «Хірасімская калыханка», «Варшава ў дзень памінак». І хачу працытаваць апошні з іх:

«Расстраляны...

Расстраляны...

Расстраляны...»

Іх больш, як мемарыяльных дошак,

На вуліцах тваіх, Варшава.

Іх больш, як лісця ў парках

і алеях,

Іх больш, як зорак у жалобным

люстры Віслы.

О матка полька!

Што ты углядаешся

У паранены асколкамі

асфальт і камень,

Зацепліўшы ў руках дрыготкіх

свечку?..

Няўжо яшчэ з-над бруку

выступаюць

Тваіх дзяцей

закатаваных цені?

Дазволь і мне ад тваёй свечкі

Запаліць святло.

І я мо ўбачу тых,

З кім меўся тут сустрэцца...

Прыведзеныя радкі б'юць проста ў сэрца, прымушаюць схіліць у глыбокай пашане галаву перад расстралянымі, перад усімі ахвярамі мінулай вайны. Іншы каментарый тут не патрэбны. Як не патрэбны ён і да вершаў Аляксея Пысіна «Дзявочы халадок бярозы...», «У дзяцей казарменны пад'ём...», да верша Аляксея Русецкага «Бурай ляцеў вецер часу...», да верша Янкі Сіпакова «Зялёны ліст», верша Генадзя Бураўкіна «Час хаду ў новы дзень прыспешвае...». Амаль усе гэтыя вершы аб'ядноўвае абвостранае пачуццё смутку і болю за ахвяры ваеннай трагедыі, непазбыўная памяць вайны.

Але тут я лаўлю сябе на тым, што адыходжу ад ускладзенага на сябе абавязку — быць суддзёй спаборніцтва паэтаў розных пакаленняў. Значыць, Максім Танк, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Аляксей Русецкі... Дадзім яшчэ сюды добрыя творы паэтаў таго ж ці прыкладна таго ж узросту — «Размову з сумленнем» Алеся Бачылы, верш Міхася Калачынскага «Салавея», верш Кастуся Кірэенкі «Мы вяртаемся таму...» — і я схіляюся да таго, каб пальму першынства за сёлетні «Дзень паэзіі» аддаць паэтам, якія ведаюць цану паўвека («Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»).

Праўда, што скажуць мае равеснікі, тыя, чые імёны ў паэтычнай хроніцы пачынаюць з'яўляцца ў пяцідзесятых гадах? Ці не будуць яны на мяне ў крыўдзе? Тым больш што спаборнічаюць яны дастойна, з веданнем справы, я б сказаў яшчэ: прафесійна (што і натуральна — ім жа па трыццаць, па трыццаць пяць). Тым больш што і яны прадставілі цікавыя, спелыя вершы. Я ўжо назваў верш Янкі Сіпакова. Я з задавальненнем нагадаю вершы (у тым парадку, як яны стаяць у зборніку) Сцяпана Гаўрусёва, Навума Кісліка, Хведара Жычкі, Дануты Бічэль-Загнетавай, Алега Лойкі, Алеся Наўроцкага, Еўдакіі Лось, Уладзіміра Паўлава, Браніслава Спрынчана, Ніла Гілевіча... (Н. Гілевічу за верш «Раўняюць, хлопцы, рэчку» стаўлю асобна высокую адзнаку). Сілы немалыя. Праяўленыя, раскрытыя і, можа, яшчэ не раскрытыя да канца, патэнцыяльныя (хаця які паэт, калі ён паэт сапраўдны, можа раскрыцца да канца, можа спыніцца на дасягнутым!)... І я з прыемнасцю магу адзначыць, што добра працуе маё пакаленне, добра працуе і паспяхова спаборнічае. Але, пры ўсім пры тым, на гэты раз гран-пры — будзем аб'ектыўныя і справядлівыя! — я яму не ўручаю. Паглядзім, што будзе ў наступным «Дні паэзіі».

Думаю, што не вельмі ўдала выступаюць у сёлетнім спаборніцтве і самыя маладыя нашы паэты. Пакідае ўражанне верш Яўгеніі Янішчыц «Непрыручаная птушка». Вось, уласна кажучы, і ўсё... Астатнія маладыя аўтары выступаюць, што называецца, не ў лепшай форме.

Пераклады... Яны ёсць у зборніку, яны пашыраюць яго абсягі, добра дапаўняюць уласнабеларускае мастацкае слова. І застаешся ўдзячны Максіму Танку, Язэпу Семяжону, Васілю Сёмуху і іншым перакладчыкам за тое, што яны пазнаёмілі нас з выдатнымі вершамі замежных паэтаў.

У той жа «Хроніцы 1917-1967» ёсць такое паведамленне: «1928 год... У выданні «Маладняка» выходзіць кніга перакладаў Юркі Гаўрука «Кветкі з чужых палёў». Тут прадстаўлены паэты Англіі, Амерыкі, Германіі, Францыі, Італіі і Польшчы. Гэта першы зборнік перакладаў замежных паэтаў на беларускай мове. Таму ў прадмове Юрка Гаўрук насцярожана пісаў: «Я не ведаю, як прымуцца гэтыя «Чужыя кветкі» на беларускай глебе, як аднясуцца да іх беларускія працоўныя масы».

Сёння мы можам з упэўненасцю сказаць, што «чужыя кветкі» добра адчуваюць сябе на беларускай глебе, што гэтых перасаджаных кветак становіцца ўсё больш і што наша паэзія выйшла з таго ўзросту, калі яна магла варыцца ва ўласным соку. Яна прыслухоўваецца да голасу сусветнай паэзіі, класічнай і сучаснай, яна вучыцца на яе лепшых узорах. Адсюль і той факт, што побач з сваімі вершамі беларускія паэты змяшчаюць вершы замежных калег.

А з другога боку, мы наглядаем даволі інтэнсіўны выхад нашых, беларускіх «кветак» на глебу іншых краін і народаў. Няма патрэбы прыводзіць тут вядомыя факты, пра іх паведамляецца ў той жа «Хроніцы». Адзначу толькі адзін факт. У «Дні паэзіі» змешчаны артыкул Анатоля Вялюгіна «Дубовы лісток» («На карце свету мая Беларусь як дубовы лісток...»). У артыкуле гэтым даецца, у гістарычна-аглядным плане, характарыстыка беларускай паэзіі, і з'яўляецца ён не чым іншым, як прадмовай да анталогіі нашай паэзіі, якую выдае дэпартамент друку ЮНЕСКА на англійскай і французскай мовах. Добра, што гэты артыкул надрукаваны, — ім як бы падводзіцца адна з рыс пад пяцідзесяцігадовым багажом нашай паэзіі.

Вялюгінскімі словамі мне і хочацца скончыць сваё слова пра наш сёлетні «Дзень паэзіі»: «Карта свету. Дубовы лісток як сімвал: вячыста і высока шуміць век-вечна зялёная крона беларускай паэзіі».

Хай шуміць! Хай зелянее! Да новых «Дзён паэзіі»!

1967

Загрузка...