ПУНКТЫ ПЕРАСЯЧЭННЯ


За акном падае снег… Снежань… Я гляджу ў акно і прыгадваю, што менавіта ў такую пару, недзе ў сярэдзіне снежня, у канцы года, пазнаёміліся ўпершыню мы з Андрэем Германавым на пероне мінскага вакзала… Балгарскі госць пачаў да гэтага часу перакладаць з беларускай мовы, у прыватнасці творы нашай класічнай паэзіі, і, выкарыстаўшы першую магчымасць, прыехаў у Беларусь, каб пазнаёміцца з ёй, радзімай паэтаў, вершы якіх прыйшліся яму па душы. I вось такое, хоць напачатку і вельмі кароткае, знаёмства адбылося. Апрача ўсяго іншага госць, паўднёвы славянін, убачыў нашу зіму, наш снег (гэта было ў 1967 годзе, калі зіма яшчэ была снежнай). Мы тут як гаспадары паспрыялі яму, павезлі ў Дом творчасці, што пад Мінскам, у лесе, паказалі заснежаны лес… I ў выніку потым у А. Германава з’явіўся верш «Беларускі снег», вядомы ўжо нашаму чытачу ў перакладзе Ніла Гілевіча.

Над прасторам анямелым,

над гуртамі срэбных стрэх —

кружыць дзіўны, кружыць белы,

беларускі кружыць снег.

Можаш змераць сто і дзвесце

белых сцежак у бары —

толькі спынішся нарэшце

на глухім лясным двары…

(Гэты верш, дарэчы, быў адзначаны, пасля надрукавання ў балгарскім «Дні паэзіі», як адзін з лепшых твораў зборніка.)

Роўна праз два гады, гэта значыць недзе зноў у сярэдзіне снежня, Андрэй Германаў яшчэ раз прыехаў у Мінск. I мы чыталі яму па-беларуску яго «Беларускі снег», а ён нам па-балгарску — нашы вершы. Ён ужо пераклаў апрача твораў Я. Купалы, Я. Коласа і М. Багдановіча вершы П. Броўкі, А. Куляшова, Н. Гілевіча, А. Грачанікава, аўтара гэтых радкоў… Нягледзячы на істотныя граматычныя адрозненні дзвюх братніх моў і звязаныя з гэтым пэўныя цяжкасці пры перакладзе (балгарскі паэт, напрыклад, не можа аперыраваць у рыфмоўцы флексіямі, не ўласцівымі яго мове), пераклады А. Германава гучалі тым не менш неяк вельмі натуральна, адпаведна, былі гранічна блізкімі да арыгіналаў — і па сутнасці, і па форме.

Словам, знаёмства працягвалася, сяброўства, чалавечае і творчае, умацоўвалася. Памятаю, што менавіта ў адзін з тых снежаньскіх вечароў я зрабіў першую спробу перакладаць з балгарскай мовы, дакладней кажучы, стаў перакладаць вершы Андрэя Германава. I тут, неяк незаўважна для сябе самога, адчуў сябе раптам сааўтарам цудоўных, эмацыянальна выразных і ў той жа час па-філасофску глыбокіх радкоў пра траву: «Ах, як расце яна! Няўмольна. Як прагне вышыні! Няўтольна. Адкуль такія ў яе сілы, што, як бы толькі не касілі, якія б ні тапталі боты, якія б ні пяклі спякоты, — яна зноў ззяе ў расе і зноў расце, расце, расце!..» Я быў удзячны аўтару арыгінала за хвіліны шчаслівага творчага суперажывання і зразумеў тады, што менавіта ў такім вось суперажыванні і заключаецца адзін са стымулаў так званага мастацкага перакладу. Заўважу, да слова, што пазней, калі я ўжо меў пэўны перакладчыцкі вопыт, я яшчэ зразумеў (і пісаў пра гэта А. Германаву), што перакладаць твор сябра — гэта значыць і браць на свае плечы частку сяброўскай ношы, запрэгчыся з ім, кажучы пабалгарску, у «един ярем».

Былі сустрэчы снежаньскія, Андрэй Германаў бачыў Беларусь зімовую, такой яна адлюстравалася ў яго вершах. А потым, у наступны свой прыезд, ён убачыў яе, нарэшце, у вясновым святле, у маёвай зелені. Гэта быў май 1972 года, былі памятныя дні балгарскай літаратуры ў БССР, у якіх прыняў удзел разам са сваімі калегамі Д. Ангелавым, Н. Вылчавым, I. Давыдкавым і Андрэй Германаў. Гасцяванне на гэты раз выйшла за рамкі літаратурнага асяроддзя; па адным з маршрутаў дэкады А. Германаў паехаў па рэспубліцы, меў магчымасць глянуць на яе шырэй, сустрэцца з чытачамі — рабочымі, калгаснікамі, настаўнікамі, студэнтамі… Вярнуўшыся на радзіму, ён з захапленнем і ўдзячнасцю пісаў у газеце «Пулс» пра свае ўражанні. Напісаў пранікнёны верш, прысвечаны Хатыні. Увогуле — парадніўся з Беларуссю, з яе літаратурай, яе паэзіяй. Аднойчы ён паведамляў мне, што, будучы праездам у Маскве, сустрэў там выпадкова беларускую пісьменніцкую дэлегацыю… «Дыхнула на мяне нечым мілым, простым, цёплым, і апаліла пякучая настальгія. Захацелася ў Беларусь! Ніхто не забыты, нішто не забыта!»

Цяпер, я спадзяюся, зразумела, колькі ёсць важкіх падстаў для выдання гэтай кнігі. Яна — не проста адзін з чарговых перакладных зборнікаў паэзіі, гэта яшчэ і канкрэтны вынік жывога творчага супрацоўніцтва, акт нашага сяброўства, нашай супольнасці.

Але справа не толькі ў гэтым. Калі б нават адсутнічалі тыя прычыны і абставіны, пра якія ішла размова, вершы Андрэя Германава ўсё адно павінны былі б рана ці позна стаць здабыткам беларускага чытача. Бо інакш яго ўяўленне аб сучаснай балгарскай паэзіі было б няпоўным. Яна, гэтая паэзія, сёння вельмі разнастайная, багатая на імёны, таленты, пошукі. Але тым не менш Андрэй Германаў у ёй не губляецца, ён займае сваё адметнае месца, яго ні з кім не зблытаеш. Ды гэта, уласна кажучы, і натуральна. Інакш і не можа быць, калі гутарка ідзе пра сапраўднага паэта — паэта, які свеціць сваім уласным, а не адлюстраваным святлом. Эпітэт «сапраўдны» найлепш стасуецца з імем Андрэя Германава. I, бадай, найлепшым характарызуе яго як паэта. Помню, што калі я ўпершыню знаёміўся з яго вершамі, то перш за ўсё кінулася ў вочы і падкупляла ў іх менавіта гэтая вось сапраўднасць, прысутнасць рэальнага, жывога, я б сказаў, дзейнага пачатку. (Спадзяюся, што ўсім нам, хто перакладаў кнігу, удалося гэты пачатак перадаць.)

Урэшце, сакрэту тут асаблівага няма, зноў-такі. Як вядома, лепшая творчая манера — адсутнасць усякай манеры. Андрэй Германаў не мае патрэбы ні ў яўнай паэтычнасці, ні ў стылізацыі, ні, тым больш, у дзяшовым арыгінальнічанні. Для гэтага ён занадта сур’ёзна глядзіць на паэзію, занадта давярае ёй сябе як чалавек, грамадзянін, асоба. Вершы для яго — гэта яго эмоцыі, яго роздум, яго радасць і яго боль, яго жыццё. Ён стварае іх па сваім вобразу і падабенстве. Што гэта так, ён прызнаецца сам, гаворыць пра гэта ў сваіх вершах («Гісторыя гэта бясконца старая», «Хітрун», «Усмешка» і інш.). Што гэта так, я мог асабіста пераканацца, калі пазнаёміўся з ім бліжэй у яго роднай Балгарыі. (Балгары — народ гасцінны. Андрэй Германаў тут не выключэнне. Ён запрасіў у госці: «Прыязджай, калі ласка… Паездзім па маёй камяністай зямельцы…» Сустрэўшы, пасадзіў побач на сваю машыну і павёз па краіне, паказваючы і расказваючы…)

У лірыцы паэта можна выдзеліць (умоўна, вядома) дзве плыні — патрыятычную і маральна-філасофскую. Да першай адносяцца вершы, прысвечаныя непасрэдна Балгарыі, яе мінуламу і сённяшняму, яе героям і яе звычайным працоўным людзям, яе гарам і яе далінам… Падарожнічаючы з Андрэем па яго «камяністай зямельцы» (лепшага падарожжа я не ўяўляю!), я ўвачавідкі пераконваўся, якая арганічная для яго тэма радзімы, як закаханы паэт у яе, як помніць яе мінулае і бачыць яе сённяшні і заўтрашні дзень… У музеі Васіля Леўскага ён спыніўся перад партрэтам рэвалюцыянера, з захапленнем глядзеў на яго і гаварыў мне: «Ты паглядзі толькі! Ты толькі паглядзі, які прыгожы чалавек!» I потым, па дарозе, гаварыў пра верш Хрыста Боцева, прысвечаны гібелі Леўскага, потым заспяваў гайдуцкую песню… Другім разам, калі размова зайшла пра мае балгарскія ўражанні, ён прызнаўся: «Была б у мяне магчымасць — я б запрашаўадусюль усіх сваіх сяброў і паказваў бы ім сваю Балгарыю». Думаю, што самым вялікім адкрыццём майго балгарскага падарожжа гэта была незвычайная, сапраўды сыноўская, пяшчотная любоў паэта Андрэя Германава да сваёй Балгарыі — пачуццё, якое напаўняе яго вершы.

У сваіх «Нататках аб творчасці аднаго пакалення балгарскіх паэтаў» Н. Гілевіч зазначае, што самая характэрная і каштоўная якасць А. Германава — абвостраная сумленнасць. Бадай, гэтая якасць і вызначае другую плынь лірыкі паэта — маральна-філасофскую. Тут паэт, зноў-такі, верны сам сабе. Вершы яго падобны на аўтара, аўтар падобны на свае вершы — патрабавальныя, неспакойныя, дзейныя… I, дадам яшчэ, вельмі падобныя на тыя выказванні, якія гучалі з вуснаў Андрэя Германава ў час нашага сумеснага падарожжа ад Сафіі да Варны.

Ёсць у А. Германава пранікнёны, элегічны па настроі верш, які называецца «Я, твой друг». Паэт, гаворачы пра сваё жыццё, пра яго хуткаплыннасць, піша:

Абрысы тонкія яго ўбачыць можна

толькі ў пунктах перасячэння

з жыццямі другіх людзей…

Ацэнім па вартасці гэтае высакароднае, чалавечнае прызнанне нашага добрага сябра, выдатнага балгарскага паэта.

1974

Загрузка...