ДАРОГА І ПЕСНЯ


Ёсць у кожнага паэта апрача агульных некалькі слоў выбраных, слоў улюбёных, слоў, якім ён аддае перавагу, якім застаецца верным на працягу ўсяго творчага шляху.

Ёсць такія словы, такі выбраны слоўнік і ў Максіма Танка. Амаль не задумваючыся, называю першыя з гэтых слоў: дарога, песня... Яны і яшчэ некалькі падобных да іх сваім эмацыянальна-музычным ладам і глыбінна-ўнутрапым сэнсам складаюць ядро, душу лексікі паэта.

Колькі часу шукаў я

Сцяжыны-дарогі

Да бунтарных напеваў

Вясны-перамогі,

Аж пакуль не натрапіў

На след на жаданы

Па звону кайданаў.

Цяпер, песня, я буду

Ісці аж да сонца

Тваім сцяганосцам.

Гэтым радкам — сорак з нечым гадоў. Яны ўвайшлі ў першую кнігу паэта, якая была выдадзена ў 1936 годзе на сродкі рэвалюцыянераў-падпольшчыкаў і называлася «На этапах». (Нагадаем, што зборнік быў тут яна канфіскаваны польскай паліцыяй, а аўтар быў прысуджаны да шасці месяцаў турэмнага зняволення.) Юначыя радкі былі прасякнуты пафасам пошуку «сцяжыны-дарогі», а на вокладцы кнігі, у якую яны ўвайшлі, была намалявана мастаком палявая дарога з прысадамі бяроз паабапал... Гэта — «дарога з першай кнігі, дакладней, гэта пачатак паэтычнай і грамадзянскай дарогі паэта. А вось новая, апошняя па ліку, па часу выхаду ў свет, яго кніга. Яна так і называецца, зноў-такі: «Дарога, закалыханай жытам».

Так, тут яна, дарога, асветленая спакойным летнім сонцам, закалыханая мірным жытнёвым пошумам — у адрозненне ад той трывожнай, баявой, суровай. Недарэмна ж над тым краявідам, якім мастак афармляў вокладку першай кнігі, звісала сімвалічная для свайго часу вінтоўка са штыком. Вокладку новай кнігі ўпрыгожвае спадарожнік сённяшняй дарогі паэта — жытнёвы колас, стылізаваны пад пяро...

Мая дарога дамоў

Даўжынёй на адзін дзень,

І яшчэ на адзін сон,

На адзін папас

І на адну песню.

Я і сёння яе вымяраю

Гэтай даўняй мерай,

Хоць мог бы скараціць

Пры сучасным транспарце

Да трох гадзін.

Але я тады

Бяднейшы быў бы ў жыцці

На столькі незабыўных дзён,

Сноў, папасаў, песень,

Што аж страх падумаць.

А ў другім сваім вершы, як бы тлумачачы незвычайную ўлюбёнасць у дарогу, у падарожжа, Максім Танк піша:

Дарога была маёй песняй любімай,

Надзеяй на неспадзяванае шчасце,

Ратункам ад думак начных, неспакойных,

Працягам жыцця за парог небасхілу.

Нават толькі па тых радках, якія прыведзены, можна ўбачыць, што побач са словам «дарога» стаіць непадзельна ў паэтычнай мове аўтара яшчэ адно абавязковае для яго слова — «песня». А пагартайце яго ранейшыя зборнікі, пачытайце яго кнігу «Дарога, закалыханая жытам», і вы пераканаецеся, як паслядоўна, з кнігі ў кнігу, з верша ў верш, пераходзіць гэтае слова, — выяўляючы не толькі асаблівасць моўна-стылёвых сродкаў паэта, але і яго ідэйна-эстэтычныя пазіцыі. Самая вялікая мара паэта прыйсці са сваёй песняй на дапамогу чалавеку:

Каб стварыў такую песню,

Што няўцешлівых пацешыць,

Што сляпым заззяе зоркай,

Што глухім іх голас верне,

Што ў сухмень расой напоіць,

Што ў мароз акрые світкай,

Што ў галодны час, накорміць,

А параненым — залечыць

Незагоеныя раны, —

Найшчаслівы быў бы ў свеце

І спакойна ў час апошні

Я закрыў бы свае вочы.

Словам, паэзію, мастацкае слова паэт не ўяўляе інакш, як слова песеннае, гэта значыць слова, якое ідзе ад жывога жыцця, якое выходзіць з глыбінь народнай свядомасці, з сэрца чалавечага, якое звязана з матчынай пяшчотай і бацькоўскай мудрасцю, з бязмежнай любоўю да роднага краю. У сваёй аўтабіяграфіі Максім Танк пісаў: «Падарожнічаючы па розных краінах, я вынес глыбокае пераконанне: на зямлі, апрача дрэў, траў і кветак, усюды растуць і вершы. Я іх знаходзіў на ўсіх сваіх шляхах, на ўсіх кантынентах. Але самыя светлыя, самыя лепшыя я знаходзіў толькі на роднай зямлі».

Закалыхваючы,

Пэўна, стомленая,

Памылілася маці:

Не на верацяно,

А на сэрца маё

Сваю песню навіла.

Я сёння асцярожна,

З хваляваннем

Разматваю клубок песень,

Каб хаця не парваць яе нітку.

Звініць, з верша ў верш, ясаўруковым вясновым спевам тая матчына песня... Песня, што ад жыцця. Песня, што ад народа. Песня, што ад роднай зямлі. Песня, што ад вялікага, глыбока чалавечнага жадання паэта, каб жыццё было ўсё лепшым і лепшым, каб былі ў ім, у жыцці, і шырокай дарога, і ціхі пошум прысад, і друясба, і любоў, і мір, і памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё за ўсё гэта, і светлая вера ў заўтрашні дзень... Заўсёды маладая, няўрымслівая, неспакойная, песенная паэзія Максіма Танка знаходзіцца ў дарозе, у няспынным руху, а дарога абяцае паэту ўсё новыя і новыя песні.

1976

Загрузка...