...І СТЫХІЯ ПАЭЗІІ


Ёсць кнігі, якія, калі іх чытаеш, абуджаюць у цябе «пачуцці добрыя», робяць цябе, здаецца, лепшым і мудрэйшым, а потым, калі яны прачытаны і «засвоены», становяцца неад'емнай часцінкай твайго духоўнага свету.

Да такіх кніг можна з поўным правам аднесці і новы зборнік паэзіі Сяргея Дзяргай. Зборнік называецца «Чатыры стыхіі». Назва гэта так расшыфроўваецца ў анатацыі: «Наведаўшы Дрэздэнскую галерэю, аўтар азнаёміўся з карункамі французскага мастака Франсуа Рэнье пад агульнай назваю «Чатыры стыхіі».

Паэта зацікавіла задума мастака, і ён паспрабаваў перадаць яе словам. Так з'явіліся вершы: «Паветра», «Вада», «Агонь» і «Зямля» пад той жа назваю «Чатыры стыхіі».

Але «Чатыры стыхіі» як назва зборніка — нешта большае. Пад гэтым сімвалам трэба разумець — пачуцці чалавечыя, справы чалавечыя, мары чалавечыя, здзейсненыя і няздзейсненыя.

Гэта кароткае аўтарскае тлумачэнне можа быць у нейкім сэнсе ключом для разумення асноўнага зместу зборніка, яго вызначальнага пафасу. Кніга сапраўды прасякнута любоўю да чалавека, верай у яго высокае прызначэнне, у яго светлае заўтра. Пафас чалавечнасці і жыццесцвярджэння — галоўны пафас «Чатырох стыхій». Пра гэта сведчаць нават ужо назвы раздзелаў зборніка і асобных яго твораў: «Зерні праўды», «Дарагое маё», «Крыніца жыцця», «Светлае», «Ранішні прамень», «Сапраўднае», «Лжывая вада», «Над спакоем крыніц», «На ласкавым хлебе» і г. д.

Яны гучаць светлай, радаснай, як сонечная раніца, музыкай.

Характэрны ў гэтых адносінах адзін з лепшых твораў зборніка верш «А чаму б і не?».

Хіба ты ўсе слёзы

выплачаш?

Хіба ты ўсе крыўды

выбачыш?

Хіба сэрца сваё

выдарыш?

Хіба зло з карэннем

выдзерыш?

Адкажы ты мне,

Адкажы ты мне! —

пытае паэт. І тут жа адказвае:

А чаму б і не?

А чаму б і не?

Калі ўсюды твары

ветлыя,

Калі нават цені

светлыя,

Калі любіцца,

кахаецца,

Калі сэрца

не вагаецца,

Калі лёс, як воўк,

не крадзецца,

Калі сябар з сябрам

радзяцца,

Калі зорка ўжо

засвечана,

Калі дужасць-моц

засведчана,

Калі лёгка,

не бядуецца,

Калі новы свет будуецца, —

А чаму б і не?

А чаму б і не?

Гэта аптымістычнае «А чаму б і не?» гучыць як упэўнены выклік розным скептыкам і малаверам, як спрэчка з усімі, хто не верыць, што «новы свет будуецца», хто сумняваецца ў высакароднасці людзей, у іх светлым будучым. «Радасць сходзіць на лёс чалавечы», — сцвярджае паэт. Сцвярджэнне гэтае, вера ў нашу справу і нашу вялікую праўду, што «па сусвету велічна ідзе», гучыць лейтматывам і ў цыкле вершаў, прысвечаных Леніну (імі, дарэчы, адкрываецца зборнік), і ў такіх творах, як «Цымлянскае мора», «Сілы міру», «Родная мова», «Акупацыя» і інш.

Светлым, жыццярадасным светаадчуваннем вызначаецца і філасофская лірыка паэта, у прыватнасці такія вершы, як «Светлае», «Крыніца жыцця», «Зерне», «Казка», «Чатыры стыхіі», «Філосаф мае сілагізм». У іх услаўляецца краса і веліч зямнога быцця, яго неўміручасць. Герой верша «Светлае» гаворыць, пасля таго як яму ўдалося перамагчы смерць:

І цяпер, прыгадаўшы пару,

Як стаяў на парозе адчаю,

Смерці моц пад сумненне бяру,

Кожны рух свой жыццю прысвячаю.

Натуральна, што жыццелюбівая, чалавечная, мудрая паэзія С. Дзяргая ваяўніча настроена ў адносінах да старога свету, свету «фальшывага і варожага», да сіл зла і цемры, якія «намагаюцца, пнуцца... варожаць, — як крыніцу жыцця знічтожыць?».

Адна хвіліна,

Хвіліна жалобнага маўчання

У памяць таго, што было, —

Гэта вельмі мала,

Хірасіма.

Вечным маўчаннем гармат,

Цішынёй вечнага міру

Ушануем памяць

Ахвяр тваіх,

Хірасіма.

(“Хірасіма”)

Наогул зборнік «Чатыры стыхіі» вельмі багаты і разнастайны па свайму зместу, вызначаецца надзвычай шчодрай палітрай. Можна было б гаварыць і аб такіх цудоўных лірычных вершах, як «Неспакойная ноч», «Брат мой, дзень мой», «Ранішні прамень», можна было б спыніцца і на творах, дзе паэт так умела, па-майстэрску выкарыстоўвае скарбы народнай творчасці («Казка», «Ой, дзяўчо», «Ой, бяда салаўю, бяда!», «Свацця»); можа было б асобна разглядаць і творы, якія паэт сціпла назваў «Фрагментамі» і ў якіх тым не менш зроблена ўдалая спроба асэнсаваць гістарычнае мінулае беларускага народа. Але ў рамках кароткай рэцэнзіі гэта немагчыма зрабіць, немагчыма даць поўную характарыстыку кнігі «Чатыры стыхіі». Яна, паўтараю, надзвычай ёмістая, надзвычай насычаная.

Таму дазволю сабе яшчэ толькі адну заўвагу. У зборніку «Чатыры стыхіі» ёсць некалькі вершаў, дзе гаворыцца пра мастацтва, пра сілу мастацкага слова, дзе, інакш кажучы, выкладаецца эстэтычнае крэда паэта. Гэта — вершы «Мысль і слова», «Каб соль не страціла...», «Словы» і інш. У адным з іх («Словы») паэт, адганяючы словы «агідныя, халодныя, ілжывыя, атрутныя», заклікае:

Прыйдзіце, словы

Мужныя,

Надзейныя,

Праўдзівыя,

Важкія,

Гартаваныя.

Вось такія словы і прыходзяць да паэта. Прыходзяць і робяць яго вершы сапраўднай паэзіяй — усхваляванай, чалавечай, мудрай.

1963

Загрузка...