ДРУГАЯ СУСТРЭЧА З «ДЭМАНАМ»


Нядаўна ў размове з вучнямі-старшакласнікамі, членамі літаратурнага гуртка, я даведаўся, што «Дэмана» зараз у школе «не праходзяць», «праходзяць» толькі «Мцыры». Мяне засмуціла такая не зусім зразумелая карэктыва ў школьнай праграме. Мае пакаленне знаёмілася з «усходняй аповесцю» Лермантава на школьнай парце.

Прынамсі, для мяне асабіста ўрок, прысвечаны лермантаўскай паэме, асабліва памятны. Помню, настаўніца расказвала, як узнік вобраз Дэмана ў рускай паэзіі і, у прыватнасці, у паэзіі Лермантава, што сказаў пра паэму «Дэман» Бялінскі, які, дарэчы, перапісаў яе для сябе, бо паэму не хацелі друкаваць. Царскія ўлады і іх цэнзары баяліся мяцежнай лермантаўскай паэзіі, баяліся Дэмана — ворага неба. Калі высокапастаўленыя асобы, расказвала настаўніца, праслухалі паэму, то пацікавіліся, чаму Лермантаў не піша ў духу афіцыйнай народнасці, ці хаця б у стылі свайго «Барадзіна» або «Песні пра цара Івана Васільевіча». Што такое — афіцыйная народнасць?.. Так урок, прысвечаны «Дэману», уводзіў нас у гісторыю літаратуры, у гісторыю Расіі ўвогуле.

Ну, а перш за ўсё, вядома, ён уводзіў нас у свет высокай паэзіі, паэзіі свабоднага, гордага, непрымірымага чалавечага духу, паэзіі, пафас якой, па словах таго ж Бялінскага, заключаўся ў маральных пытаннях аб лёсе і правах чалавечай асобы.

Печальный Демон, дух

изгнанья,

Летал над грешною землей,

И лучших дней воспоминанья

Пред ним теснилися толпой...

Затаіўшы дыханне, мы слухалі настаўніцу (на наша шчасце, яна любіла паэзію і ведала шмат на памяць). Слухалі і самі запаміналі ўзнёсла-журботныя радкі паэмы, каб ужо назаўсёды ўзяць іх у свой духоўны багаж.

Недзе ў той жа час, калі мы знаёміліся на школьных уроках з рускай класічнай паэзіяй, пачалі друкавацца ўпершыню на беларускай мове раздзелы з пушкінскага «Яўгенія Анегіна». Перакладчыкам іх быў Аркадзь Куляшоў. Як гучыць па-беларуску «Дэман» Лермантава, мы тады яшчэ не маглі ведаць. Ён чакаў сваёй чаргі. І нарэшце дачакаўся. І пераклад яго на нашу мову зрабіў зноў-такі Аркадзь Куляшоў («Полымя», 1969, № 4).

Прызнаюся, што першае, ці, лепей сказаць, нават папярэдняе, чытанне перакладу я пачаў з даследчыцкім ухілам, з параўнання, з супастаўлення. Я пачаў выбіраць тыя мясціны, якія помніліся са школы і потым не раз прыгадваліся, і пачаў нецярпліва параўноўваць, як яны гучаць па-беларуску, як ідзе старому каханню новая сукенка. Думаю, што такое чытанне і такое нецярпенне лёгка растлумачыць. Справа тут была, вядома, не ў насцярозе, не ў нейкім апасенні. Для гэтага не было падстаў. Мы не так даўно прачыталі ў перакладзе Куляшова цудоўны «Спеў аб Гаяваце». А крыху раней мы мелі магчымасць пазнаёміцца і з першымі перакладамі Аркадзя Куляшова з лермантаўскай паэзіі, мелі магчымасць пераканацца, як хораша, як паўнацэпна гучаць вядомыя нам даўно радкі на роднай мове. Я маю на ўвазе і такія шэдэўры, як «Выхожу один я на дорогу...», «В полдневный жар в долине Дагестана...», а таксама «Мцыры». Такім чынам, было ўжо зразумела, што Аркадзь Куляшоў любіць і добра ведае паэзію Лермантава, тонка адчувае яе рытмічны і стылістычны лад і звяртаецца да яе як перакладчык па праву гэтай любві і блізкасці. І няцяжка было прадбачыць, што будзе ўяўляць у яго інтэрпрэтацыі «ўсходняя аповесць» Лермантава.

Словам, пачаў я чытаць пераклад «Дэмана» выбарачна па іншай, суб'ектыўнай, прычыне. Даваў знаць, відаць, аб сабе псіхалагічны бар'ер, неабходнасць пераадолець звычку, пераключыцца з даўно знаёмых, запаўшых глыбока ў памяць радкоў на новы іх адэкват, з рускай мовы Лермантава на беларускую мову Куляшова. Як лёгка, як натуральна адбудзецца такое пераключэнне? Ці не будзе тут якіх страт?

Першы, уступны раздзел («Маркотны Дэман, дух выгнання...») адразу, што называецца, уносіў яснасць. Яшчэ і не зусім як быццам укладваўся ў свядомасці эпітэт «маркотны», але вось ужо ішлі і захоплівалі наступныя радкі аб мінулым Дэмана, аб тых яго днях,

...Калі доляй бесклапотнай

Ён жыў, бязгрэшны херувім,

Калі камета мімалётнай

Сваёй усмешкаю пяшчотнай

Любіла павітацца з ім,

Калі праз вечны змрок

туманаў,

Да ведаў прагны, ён сачыў

За рухам зорных караванаў,

Якім сусвет пустыняй быў.

Калі ён ведаў і любіў,

Шчаслівы першынец стварэння!

Не ведаў злосці і сумнення,

І думак не цямніў яго

Вякоў бясплодных рад нямілы...

І многае... з таго ўсяго...

Чаго згадаць не меў ён сілы!

Так, раздзел прагучаў, як і ў арыгінале, цэльным, мастацкі і лагічна закончаным перыядам. «Пераключэнне» пайшло яўна без накладак.

Заўважалася адразу і такая асаблівасць перакладу, як сучаснасць яго мовы. Тут перакладчыка падсцерагала адна з небяспек, бо высокі, урачыста узнёслы стыль паэмы вымагаў ад яго пошуку адпаведных лексічных і сінтаксічных сродкаў, адпаведных форм сённяшняй літаратурнай мовы. У адваротным выпадку, у выпадку механічнага падыходу да справы, паэма магла б прагучаць архаічна або штучна. Аркадзь Куляшоў выдатна справіўся з гэтай цяжкасцю. Ён, як відаць з прыведзеных прыкладаў, не калькіраваў словы і словазлучэнні, накшталт «жилище света», «блистал», «бегущая комета», «познанья жадный» і г. д., а знайшоў ім адпаведную замену.

Пасля першага раздзела я пачаў адразу параўноўваць тыя мясціны, якія, дзякуючы іх ідэйна-сэнсавай нагрузцы і афарыстычнасці, сталі крылатымі. Хацелася пераканацца, што і тут «усё ў парадку», што вядомыя строфы будуць перададзены па-беларуску гэтак жа празрыста, выразна, кампактна.

Зямлі нікчэмнай уладар,

Ён сеяў зло без асалоды.

Майстэрству змрочнаму свайму

Не сустракаў ён перашкоды —

І зло абрыдала яму.

Характарыстыка заставалася такой жа трапнай і дакладнай. А як выглядаюць памятныя радкі з дыялогаў, з журботна-палымяных прызнанняў Дэмана?

І я людзьмі нядоўга правіў,

Грахам нядоўга іх вучыў,

Усё славутае няславіў

І ўсё чароўнае чарніў;

Нядоўга... палкія надзеі

Згасіў я лёгка ў сэрцах іх...

Ці варты толькі спраў маіх

Хлусы, прытворы, ліхадзеі?..

Або:

Што людзі? Безліч іх пакут?

Прыйшлі, пакінуць родны кут...

Надзея ёсць — на божы суд.

На літасцівасць у прысудзе!

Мая ж туга нязменна тут,

І ёй канца, як мне, не будзе...

Аркадзь Куляшоў справіўся паспяхова і з яшчэ адной нялёгкай задачай — змог перадаць эквівалентна афарыстычнасць, гранёную чаканнасць ёмістага лермантаўскага радка.

Перакладчык, як я ўжо гаварыў, добра адчувае сябе ў стыхіі лермантаўскай паэзіі. І натуральна, што «Дэман» вольна адчувае сябе ва ўладаннях, у небе нашай беларускай паэзіі. І мы можам толькі парадавацца, што гэта сапраўды так. Парадавацца таму, што наша другая сустрэча з «Дэманам» была не проста перагортваннем, не проста паўтарэннем, а стала творчай падзеяй, новай ацэнкай даўно дарагой для нас каштоўнасці.

1968

Загрузка...