ЦІ ІСНУЕ БЛАКІТНЫ ВЕЦЕР?


Блакітны вецер... Так называецца апавяданне. Так называецца ўся кніжка.

Чаму — блакітны? З якога часу вецер набыў такую афарбоўку? Ці гэта даніна маладога пісьменніка аднаму з «ізмаў», скажам — сімвалізму? Пагоня за прыгожым словам?

Не, толькі не гэта. Прачытайце зборнік і вы зразумееце, што і блакітны вецер існуе ў прыродзе і што аўтар кнігі Міхась Стральцоў — не з тых, хто любіць краснае слоўца, гучную фразу і, на першы погляд, зусім не красамоўны. Наадварот, ён немнагаслоўны. Але затое слова яго «нагое и точное», свежае і ёмкае. М. Стральцоў далёкі ад эфектнай фразы і позы, ад сумніцельнага дэвіза: ашарашвайце мешчаніна. Гэта з аднаго боку.

А з другога, што яшчэ больш прыемна, — не зацягнулася ў аўтара «Блакітнага ветру» і тое, што называюць вучнёўствам, пошукамі сваёй тэмы і самога сябе. Ён неяк змог абмінуць «пачатковую школу» з яе азамі, з яе «косай лінейкай», з «палачкамі» і «кручкамі» і адразу ж пачаў выводзіць не толькі літары, ало і. словы. Прытым самыя важныя, самыя істотныя: чалавек і жыццё, дабро і зло, цудоўнае і пошлае, любоў і нянавісць. І словы гэтыя, як мы цяпер бачым, ужо азначаюць не «чыстапісанне» і не «практыкаванне па мове», а самае што ні ёсць чалавеказнаўства — тую галоўную павуку, той прадмет, па якому перш за ўсё малады літаратар і павінен «спецыялізавацца» і затым трымаць экзамен.

Вельмі патрабавальны экзаменатар — чытач — можа быць задаволеным. Міхась Стральцоў, на маю думку, паспяхова здаў экзамен, прытым па аднаму з важных раздзелаў чалавеказнаўства. Аб гэтым гаворыць яго кніжка «Блакітны вецер».

Любоў і спагада да чалавека, засяроджаная ўвага да рухаў яго душы, да яго духоўнага быцця — гэта, можа быць, першае, што ўражвае ў кніжцы, што характарызуе яе, робіць яе такой цэльнай і аднароднай.

Важкім довадам гэтай думкі можа быць апавяданне «Перад дарогай», якое заключае кніжку. Яно не вылучаецца ні спрытна «закручаным» сюжэтам, ні складанымі сітуацыямі і перыпетыямі, ні выключнымі падзеямі. Што, уласна, адбываецца ў апавяданні? Прыехалі гараджане ў вёску па грыбы і, пабыўшы ў лесе, сядзяць у вясковай хаце, на кухні, чакаюць, пакуль сціхне дождж, які перашкаджае вярнуцца ў горад. І гавораць героі апавядання мала, так, перакідваюцца час ад часу словамі. Гаспадыня дома не пачынае асабліва гаворкі, бо баіцца, каб «не так што сказаць». Шафёр Сямён Захаравіч увогуле не з гаваркіх. Тым больш што тут, дзе «зусім, як у вёсцы», ён настроіўся на лірычны, летуценны лад, на роздум. Праўда, жонка мае звычку ўстаўляць «дзе не трэба свае тры капейкі», але і яна падпарадкавалася добраахвотна агульнаму настрою. Такім чынам, нічога значнага на першы погляд у апавяданні не адбываецца.

І тым не менш яно надзвычай змястоўнае, яно многа гаворыць і розуму, і сэрцу. Яго, як добры верш, можна некалькі разоў перачытваць, і кожны раз у ім будзеш знаходзіць нешта новае, не заўважанае раней. У чым тут сакрэт? Перш за ўсё ў тым, што ў фокусе аўтарскай увагі — жывы чалавек. Той, хто чытаў апавяданне, не мог не прыкмеціць і не адчуць, як паказаны ўзаемаадносіны паміж персанажамі. На кухні, дзе яны сядзяць, слухаючы шапаценне дажджу і трэск дроў у печы, пануе атмасфера незвычайнай блізкасці, узаемнай чуласці і добразычлівасці.

У атмасферы, што пануе ў вясковай хаце, праяўляецца духоўная накіраванасць аўтара, яго глыбокая чалавечная пазіцыя. І калі жонка Сямёна Захаравіча ўсё ж не зразумела свайго мужа, які сказаў летуценна: «Яно, маці, і тут добра, зусім як у вёсцы». І калі вясковая жанчына не можа адказаць сабе, што ёй так падабаецца ў гарадскім шафёру — тое, як ён вось так прыкурвае ад вугольчыка, ці нешта большае. І калі бухгалтару Саўчанку крыху няўцям, чаму Сямён Захаравіч не хоча расказваць пра вайну, — то ўжо аўтару, як кажуць, відней. Ён усё бачыць і разумее. Ён ведае, што жыццё яго героя ў нечым «сыходзілася з чужым. Было многа падобнага, але было і тое, чаго, ён ведаў, не будзе ніколі». Ведае, які сэнс тоіцца за словамі: жыццёвы вопыт, жыццёвы лёс. І ў маленькім апавяданні раскрываецца вялікі свет чалавечага сэрца — такі дзіўны і непаўторны. У ім і мінулае і сучаснае, нягоды і радасці, доўг сыноўні і доўг бацькоўскі, павага і любоў да чалавека, які ідзе ў жыцці побач, і да чалавека, з якім выпадкова сустрэўся. У ім, гэтым свеце, — і вайна — «страшная штука, замешаная па чалавечым жыцці і смерці», і мір, «тыя, спакойныя хвіліны», якія часам трымаюцца ў памяці больш, чым «страшнае і цяжкое». Пад Севастопалем, у зацішшы пасля бою, краналася душы Сямёна Захаравіча «пакутная нейкая яснасць, адкрываўся яму, здаралася, краёчак таго, звычайнага і амаль недаступнага ўжо жыцця. Ён бачыў мора: яно ляжала спакойнае, сіняе, светлае, ахутанае ўдалечы ласкавай смугой, дэльфіны куляліся на рэдкіх хвалях, і, здавалася, не было навокал ні вайны, ні смерці, ні спякотнага неба, белага, як выцвілы брызент, ні свежай крыві, што цьмяна блішчала на сонцы».

І, нарэшце, у жыццё героя апавядання ўвайшоў вось гэты дзень — з падарожжам у вёску, з грыбамі, з дажджом, з вясковай кухняй, з ціхай гамонкай, з роздумам і ўспамінамі. Адзін з тых дзён, якія нібыта абнаўляюць чалавека, прымушаюць яго неяк па-новаму паглядзець на сваё жыццё, на сваё месца ў жыцці.

Як бачым, М. Стральцоў не задавальняецца адналінейным, аднамерным паказам чалавека. Ён разумее, які багаты ўнутраны свет сучасніка, і імкнецца паказаць гэтае духоўнае багацце, складанасць інтэлектуальнага і эмацыянальнага зместу чалавека. Гэта можна было ўжо заўважыць нават у першых апавяданнях «Дома», «Мацеевы дровы».

Пачынаеш чытаць апошняе з іх з пэўным недаверам: ці мала пісалася ўжо аб тым, як селянін едзе на дровы, і пісалася прыблізна так жа — «Завіхурыла адразу пасля каляд», «Старому неспакойна. Выйдзе на двор, каб кінуць карове мурагу...» Але вось спыняешся на радках, якія перадаюць стан старога, што толькі прачнуўся: «Стала прыемна ад нейкай асаблівай глыбокай і мяккай цішыні, што панавала ў хаце. І была яшчэ думка аб тым, што вось як добра прачнуцца ў такі глухі і, напэўна, перадранішні час, моўчкі глядзець у цемень і ведаць, што за вокнамі праходзіць ноч». Перад намі — тонкі экскурс у свет чалавечай псіхалогіі.

Лепшае з таго, што было ў першых апавяданнях, у прыватнасці здольнасць паказаць «дыялектыку душы», яе рухі яшчэ прыкметней праявілася ў пазнейшых рэчах М. Стральцова — у апавяданнях «Двое ў лесе», «Блакітны вецер» і, як мы ўжо бачылі, у апавяданні «Перад дарогай».

Пільная ўвага маладога празаіка да ўнутранага свету чалавека не з'яўляецца самамэтай, а яго дабрата, чалавечнасць ніяк не атаясамліваецца з тым хрысціянскім «усёдараваннем», якое часам прымушае «добру и злу внимать равнодушно». Наадварот, у апавяданнях М. Стральцова праводзіцца выразная мяжа паміж дабром і злом, цудоўным і нізкім. Яны вылучаюцца высокім маральным пафасам. І тады ў іх гучыць рамантычна-ўзнёслы матыў «блакітнага ветру». Блакітны вецер — гэта: «трывожная смуга даляглядаў і незабыўнае святло маленства; дажджы густыя, як вецер і пах суніц; шчымлівая радасць у сэрцы і непрыкрытае, вясёлае здзіўленне перад светам». Такім уявіўся блакітны вецер герою апавядання Лагацкаму. Але мы здагадваемся — аб гэтым потым гаворыцца і ў апавяданні, — што справа тут не толькі ў смутку па тым, што страчана беззваротна, у памяці аб маленстве з яго «непрыкрытым, вясёлым здзіўленнем перад светам». Дзяцінства не вернеш, і заўсёды будзе «тужыць душа па нечым, што адышло і што згубілася са сталым вопытам». Лагацкі гэта ведае і сам. Але ў мінуту «прозрения» ён разумее, што, кажучы словамі Ясеніна, «жить надо лучше, жить надо проще». Якім бы ні быў той сталы вопыт, чалавек не павінен траціць здольнасць «здзіўляцца перад светам», не павінен пазбывацца непасрэднага, натуральнага ўспрыняцця жыцця, а галоўнае — ён не мае права дапускаць у сваё сэрца шэрае раўнадушша. І герой апавядання прыходзіць да вываду: «Трэба жыць, трэба смялей і весялей жыць: пазбыцца раўнадушша, чэрствасці, замкнутасці. І тады ніколі не пакіне мяне блакітны вецер».

Заключная нота апавядання гучыць даволі выразна. Свой маральны ідэал, сэнс жыцця герой бачыць не толькі ў тым, каб стаць проста «натуральным чалавекам» ды яшчэ быць верным свайму вясковаму мінуламу, сонечным закуткам дзяцінства, а і ў тым, каб пазбыцца ўсяго наноснага, што перашкаджае яму бачыць і разумець людзей, што адгароджвае яго ад чалавека.

У гэтай сувязі варта спыніцца хаця б коратка яшчэ на адным моманце, даволі істотным для кнігі. «Блакітны вецер». У анатацыі да зборніка сказана: «Гэта — творы пра вёску і горад». Ацэнка павярхоўная і крыху наіўная. Але пэўны сэнс тут ёсць. Ён заключаецца ў тым, што М. Стральцоў сапраўды паказвае чалавека ў яго дачыненні, у яго адносінах да гарадской ці сельскай рэчаіснасці. Прытым сімпатыі любімых герояў аўтара, а значыць і яго самога, як быццам бы на баку вёскі. «Трэба абавязкова з'ездзіць у вёску, да маці», — вырашае ў крытычную часіну Лагацкі. Любяць і помняць вёску цяперашнія гараджане Сямён Захаравіч («Перад дарогай»), Казік («Суседзі»).

Трэба правільна зразумець М. Стральцова. Гутарка ідзе не аб якім-небудзь антыурбанізме, не аб ідэалізацыі вёскі ўвогуле. Не. Пытанне гэтае трэба разглядаць інакш, у сувязі з пошукамі маладым празаікам ідэалу гарманічнага чалавека. Аб гэтым сведчыць хоць бы той факт, што ў шэрагу апавяданняў аўтар выкрывае абывацельскі, чыста спажывецкі погляд на горад, на даброты цывілізацыі і культуры, тую «партфельную логіку», па якой жыве Клыбік («Двое ў лесе»). Дарэчы, Клыбік, які, як кажа яго бацька, «некультурна есці не будзе», таксама гаворыць, што меў намер застацца ў горадзе. Прыкладна гэтак жа ўяўляе сабе горад і Волька («Суседзі»): «Яна будзе жыць у горадзе, і калі прыедзе ў вёску, дык пройдзе з мужам пад руку па вуліцы, усе будуць гаварыць: «Глядзіце, як пашчаслівіла Раманькавай Больцы!» І толькі пазней, пасля пэўных жыццёвых урокаў, Волька паглядзела на горад інакш. Яна зразумела, што гэта — не толькі і не столькі вітрыны магазінаў, вясёлая мітусня тралейбусаў і машын, натоўп людзей на вуліцы, а нешта іншае. Другі горад, «убачаны ёю, узнімаўся ўгору стрэламі кранаў, зычна пераклікаўся паравознымі гудкамі на нябачных пераездах і станцыях...»

Такім чынам, не вёску і горад самі па сабе супастаўляе аўтар, а супастаўляе розныя погляды на жыццё, розныя маральныя пазіцыі — глыбока чалавечую і мяшчанскую. І, горача сімпатызуючы людзям з вялікімі духоўнымі запатрабаваннямі і парывамі, ён выкрывае тых, для каго не існуе ні «блакітнага ветру», ні іншых так званых высокіх матэрыя:.

Гаворачы аб багацці зместу кнігі «Блакітны вецер», я, вядома, не падмяняю нічым гэтае паняцце, маю на ўвазе не толькі добрыя намеры аўтара, а і сапраўды мастацкае асваенне жыццёвага матэрыялу. Аўтару «Блакітнага ветру» ўдаецца неяк адным мазком паказаць сутнасць характару героя, яго своеасаблівасць, адной рыскай адкрыць у чалавеку «знаёмага незнаёмца».

Герой апавядання «Дома» хлопчык Уладзік рос без бацькі. Гэта быў, піша аўтар, разважлівы і не па гадах сталы хлопчык. І далей: «Уладзік нават пра маці сваю, калі тая рабіла ці гаварыла што не так, як яму хацелася, па-даросламу казаў: «Ведама, жанчына». Так расшыфроўваецца канкрэтна-індывідуальны сэнс яшчэ даволі агульных эпітэтаў: «разважлівы», «сталы», здабываецца «корань» характару хлопчыка. Каб паказаць бацьку Клыбіка («Двое ў лесе»), у прыватнасці, такія яго рысы, як нядбайнасць і ляноту, М. Стральцову было дастаткова сказаць, што ён хадзіў абчэсваць сцены старога клетушка для растопкі. Той, хто ведае вясковы побыт, можа адразу ацаніць, як гэта верна падмечана. Аб эпізадычным героі апавядання «Блакітны вецер» сказана толькі, што ён «смешна гэтак саромеўся, запрашаючы да сябе, і чамусьці выцер аб палавік ногі, калі выходзіў». Але мы ўжо добра ўяўляем сабе стан простага рабочага хлопца, які так няўдала запрашаў у госці прафесара.

Увогуле, звяртае на сябе ўвагу топкая назіральнасць маладога празаіка, вастрыня і свежасць той «творчай» памяці, якая падказвае ў патрэбны момант неабходнае слова, дакладную дэталь. Аб адной з даўніх звычак, звязаных з сельскай вечарынкай, аўтар заўваже: «Пастаялі спярша ў парозе, агледзеліся...» Так яно і сапраўды бывае. А якую вялікую нагрузку нясе ў апавяданні «Двое ў лесе» такая трапна падмечаная дэталь, як падраны раменьчык ад басаножкі, што матляецца і б'е па назе жанчыны! Як ён дапамагае нам зразумець і душэўны стан Васіля, і трагедыю Марыны, і лейтматыў апавядання ўвогуле!

У кнізе нямала рэльефных, дакладных малюнкаў прыроды, накшталт наступнага: «Вастраваты ветрык трымаў на падворках сумных пасля золкай ночы вераб'ёў, жаўтлявымі плямамі ўзялася на застарэлай наледзі вуліц учарашняя вада. У тонкіх выслайках воблачкаў палавела над горадам неба...»

Увогуле апісанні М. Стральцова выразныя, трапныя, вельмі верагодныя. Але яму, як ужо адзначалася, пад сілу нешта большае, чым добрае апісанне. Ён шукае свой стыль на шляху вобразна-асацыятыўнага мыслення. Шукае і знаходзіць. Да такіх знаходак можна аднесці і «блакітны вецер» — вобраз, якому аўтар здолеў падаць проста-такі рэальны змест, і «тыя, спакойныя хвіліны», якія занялі такое месца ў свядомасці героя, і бяроза, якая, падаючы, «стала як шумлівая хмара трапяткіх зялёпых матылёў. А потым паволі хілілася яна, і пакуль падала ў невясёлым сваім кружэнні, прывяла з сабою шэры летні дзень з ленаватым дожджыкам, пах вільготнай зямлі і гуркоўніку».

Тут можна было б паставіць і кропку, абысціся без гэтых амаль непазбежных звычайна «але» і «аднак», г. зн. без крытычных заўваг па зборніку. Тым больш што М. Стральцоў, як ужо гаварылася вышэй, не «засядзеўся» ў стадыі вучнёўства, піша з пэўным веданнем справы і, напэўна, сам разумее, што ў яго добра, а што яшчэ дрэнна. Але паколькі апавяданні ўсё-такі не пазбаўлены недахопаў і паколькі той, хто разглядае першую кніжку пісьменніка, мае не толькі права, у тым ліку такое прыемнае, як хваліць, захапляцца, але яшчэ і пэўныя абавязкі, то я спынюся, хаця б коратка, на недахопах.

Яны, на маю думку, звязаны з пошукамі маладым празаікам свайго стылю — такога, які б мог паўней перадаваць складанасць і разнастайнасць жыцця, асаблівасці чалавечай псіхалогіі. У гэтых пошуках ён часта заглядае і ў тую лабараторыю, якую звычайна акупіруюць паэты. Заглядвае і вяртаецца часам не з пустымі рукамі. Хіба можна папракнуць М. Стральцова, напрыклад, у тым, што некаторыя яго апавяданні вельмі паэтычныя? Ды і ўвогуле, як вядома, паэзія і проза — не тыя паралельныя прамыя, якія ніколі нідзе не перасякаюцца. Наадварот, яны «перасякаюцца», узаемапранікаюць і гэтым самым толькі ўзбагачаюць адна другую.

Але ў нейкім сэнсе яны — і паралельныя прамыя: яны ўсё-такі ніколі поўнасцю не супадаюць, існуюць самастойна, развіваюцца па сваіх, уласцівых ім законах. І таму не кожны сродак, не кожны прыём, плённы ў паэзіі, можа быць такім жа плённым у прозе. Паэтычная майстэрня можа іншы раз і падвесці празаіка. Асабліва тады, калі ёю празмерна карыстацца. Падводзіць іншы раз гэтая майстэрня і М. Стральцова.

Узяць, да прыкладу, апавяданне «Блакітны вецер» — рэч цікавую і, відаць, характэрную для Стральцова, для яго пошукаў. Апавяданне можна было б назваць і вершам у прозе. І гэта павінна гучаць як пахвала. Але... Твор жа задуманы і напісаны іменна як апавяданне. У ім жа няма ні «аўтаномнага» вершаванага радка, ні рытму, ні рыфмы, ні іншых фармальных атрыбутаў паэтычнага твора. Значыць, ён павінен быў бы больш адпавядаць патрабаванням «презренной прозы». Як мы бачылі ўжо, маладому празаіку добра даецца лепка характараў. Але вось тут, на жаль, гэта яго здольнасць не праявілася належным чынам. Цікава намечаны, але не акрэслены да канца, напрыклад, вобраз Парукава. Між тым ён мог бы аказаць добрую паслугу аўтару для выкрыцця катэгорыі людзей, якія занадта «ўмеюць уладкаваць сваю душэўную гаспадарку» і рана ці позна даходзяць да прыняцця той самай «партфельнай логікі». Не хапае канкрэтных індывідуальных рысачак і да паўнаты вобраза Лагацкага, — ён занадта абагулены, занадта «апаэтызаваны». Амаль гэтае самае можна, сказаць і пра вобраз Васіля з апавядання «Двое ў лесе».

Можа, менавіта тут, у недастаткова выразнай акрэсленасці некаторых вобразаў і тоіцца прычына таго, што асобныя апавяданні М. Стральцова гучаць крышку «камерна». Гэты эпітэт, дарэчы, падказаны мне адным маладым літаратарам, з якім нядаўна мы гутарылі аб кнізе «Блакітны вецер». Тады я не пагадзіўся з яго заўвагай, а цяпер вось думаю, што доля праўды ў ёй ёсць. Хаця дзеля справядлівасці трэба сказаць, што апавяданне «Перад дарогай» сведчыць аб тым, што аўтар яго паспяхова пераадольвае пэўную «прыглушанасць» сваіх першых твораў.

Некалькі слоў аб форме апавяданняў М. Стральцова, у прыватнасці аб іх кампазіцыйнай тканіне. Відаць, усё-такі правільна заўважаюць некаторыя, што апавяданням часам не хапае дынамікі дзеяння — асабліва знешняга, сюжэтнага. Часткова гэта, відаць, тлумачыцца тым, што яны пабудаваны ў асноўным на псіхалагічным матэрыяле. Але справа не толькі ў гэтым, а хутчэй за ўсё ў той прычыне, аб якой ужо гаварылася, а іменна: у залішнім перанясенні паэтычных сродкаў і метадаў на глебу празаічнага жанру. Вось проза і помсціць аўтару.

Увогуле ж, недахопы кніжкі «Блакітны вецер» не выклікаюць асаблівай патрэбы ў павучаннях, рэкамендацыях, перасцярогах. Харошую кнігу напісаў Міхась Стральцоў. Светлую, чалавечную, таленавітую. Яна паводзіць на роздум, выклікае пачуцці, выхоўвае.

1962

Загрузка...