ЯСНАСЦЬ СТАЛАЙ ПАРЫ..


Калі паэт гаворыць, што яго біяграфію трэба шукаць у яго вершах, то мы павінны яму верыць. Бо інакш і не можа быць, бо тут пацвярджаецца адзін з няўхільных законаў паэтычнага мастацтва. Толькі разумець гэта трэба не літаральна, не ў тым сэнсе, што вось, маўляў, паэт пераказвае ў вершах пэўныя факты і падзеі свайго жыцця, з дзённікавай дакладнасцю інфармуе чытача аб тым і аб гэтым. Разумець трэба ў тым сэнсе, што ў паэзіі, як і ў прыродзе наогул, нічога ні з таго ні з сяго не ўзнікае, што ў аснове верша можа быць толькі пэўны жыццёвы факт, пэўны жыццёвы вопыт.

Материю песни, ее вещество

Не высосет автор из пальца.

И сам бы господь не создал ничего,

не будь у него матерьяльца.

Інакш кажучы, паэт спачатку жыве, а потым ужо піша. Спачатку хвалюецца, а потым вылівае сваё хваляванне ў радкі. Спачатку назірае, думае, асэнсоўвае, а потым дзеліцца ў вершах сваіх роздумам. Прычына — жыццё, вынік — верш. Другой залежнасці і паслядоўнасці тут няма. «Материя песни, ее вещество» — гэта і рэаліі акаляючага свету, і назіранні, хваляванне, роздум паэта, яго пераконанні, яго маральны ідэал.

Генадзь Бураўкін — а я вяду размову менавіта ў сувязі з яго новай кнігай «Жніво» — якраз і адносіцца да ліку тых паэтаў, якія свае вершы не высасваюць з пальца і не бяруць са столі. Ён ідзе ад жыцця — грамадскага і асабістага, ён дыхае (адзін з яго ранейшых зборнікаў так і называўся: «Дыханне»), ён жыве ў сваіх вершах. Жыве з сваім характарам, з сваім грамадзянскім тэмпераментам. Сам ён пра гэта піша так:

Колькі ні кляні свой стол пісьмовы,

Колькі ні хавайся ў сіні сад,

Усё роўна,

як суддзя суровы,

Зноў вяртае ён цябе назад.

І быць можа, ў тым зямное шчасце,

Каб, высока ўзняўшы галаву,

На пісьмовы стол яе пакласці,

Як на прыдарожную траву.

Не збаяцца ўласнага адчаю

І чужой бязлітаснай рукі,

Каб, як бой, плылі перад вачамі

Порахам прапахлыя радкі.

Гэты верш, які аўтар напісаў, маючы на ўвазе радкі Пімена Панчанкі: «На пісьмовы стол, нібы на плаху, болей галавы не пакладу», — сведчыць і пра другое — пра сацыяльную скіраванасць і маральную завостранасць паэзіі Г. Бураўкін. Грамадзянскасць — яго стыхія. Яго лірычны герой — а ў дадзеным выпадку лірычны герой, як гэта і павінна быць, неаддзельны ад аўтара, — актыўны ўдзельнік падзей, сумленны працаўнік, бескампрамісны барацьбіт за праўду і справядлівасць.

Не ўсюды роўная, прамая

Мяне дарога ўдаль вядзе.

І ўсё ж я ўсю яе прымаю —

І ў захапленні, і ў бядзе.

Прымаю гэты свет раскуты

З яго журбой і барацьбой.

Іду, гатовы на пакуты,

На неспакой і вечны бой.

У другім вершы («Што паробіш, калі ціхманы...») паэт піша пра тое, як ён «не чакае нябеснай манны і вядзе баі на зямлі», як часам нялёгка змагацца з маной, але затое якім радасным бывае вынік.

І, о божа, як я быў рады

(Маім ворагам і няўцям),

Калі чыстае зерне праўды,

Хоць адно,

прыносіў людзям...

Пячаткай грамадзянскай баявітасці, змагання за «чыстае зерне праўды» пазначаны такія — адны з лепшых у кнізе — вершы, як «Хлапчукі» і «Кампрамісы». Яны, апрача таго, сведчаць аб уменні аўтара натуральна, непрымушана пераводзіць на мову верша валеныя грамадскія катэгорыі і з'явы.

Ах, кампрамісы, кампрамісы —

Малочных рэчак берагі.

Давай другім і сам карміся.

Кінь сухары — еш пірагі!

Табе ваду заменяць супам,

Худы сяннік — пухавіком.

Ты толькі волю дай уступкам,

Сярод ваўкоў завый ваўком.

Ты толькі збоч,

ты толькі збойся,

Зняверся ў нечым хоць на міг —

І лоўка прашмыгне забойца

Тваіх сяброў, ідэй тваіх.

Наогул, для Г. Бураўкіна як лірыка характэрна здольнасць пісаць пра час, як пра сябе, і пра сябе, як пра час, набліжаць далёкае, канкрэтызаваць маштабнае, рабіць асабіста прысутным агульнае. Аб чым бы ён ні пісаў — пра горад («Мінскі трыпціх»), пра наш век («О, век дваццаты: гэтакія штормы...»), пра ахвяры мінулай вайны («Хатынскі снег») ці пра заўчасную гібель першага касманаўта Гагарына («Паэма расстання»), — ён заўсёды знаходзіць лірычны подступ да тэмы, не баіцца гаварыць ад першай асобы, ад свайго «я», выказваючы такім чынам свае асабістыя адносіны, сваё асабістае перажыванне. Асабліва характэрная ў гэтым сэнсе «Паэма расстання», якая вылілася ў пранікнёны, усхваляваны, па-чалавечаму ўзрушаны рэквіем па героі космасу.

Зборнік «Жніво» адкрываецца радкамі:

Хто раней,

хто пазней,

Толькі ўсе

Зноў і зноў

Мы прыходзім

Да простых,

як хлеб і паветра,

Высноў...

Чытаючы кнігу, пераконваешся, што падобнае прызнанне з'явілася не выпадкова. Гэтак жа, як не выпадковы той факт, што ў кнізе можна знайсці нямала радкоў, звязаных з асеннімі матывамі і малюнкамі (таму, мабыць, і кніга так называецца — «Жніво»), Паэт піша пра асеннюю «смугу і лагоднасць», пра «яснасць сталай пары», калі аглядваюць набыткі, калі падводзяць вынікі зробленага і калі, можа, «прыходзяць да простых, як хлеб і паветра, высноў». Гутарка, словам, ідзе аб тым, што сталее сам паэт з яго лірычным героем. Так яно і ёсць. Аб гэтым сведчаць яго схільнасць да жанру так званай медытатыўнай лірыкі, лірыкі роздуму, у прыватнасці такія творы зборніка, як «Не, я ужо даўно не малады», «Халодны сквер дашчэнту абляцеў» і інш. Аб гэтым сведчаць і «Некалькі жартаўлівых дыялогаў», напісаных з мудрай філасофскай усмешкай. Пачуццё ўсё больш павяраецца розумам, эмоцыі — мудрасцю.

Няма ў мяне юнацкіх прывілегій,

Бяру ўсё на-даросламу ўсур'ёз,

І не баюся ўжо мужчынскіх слёз,

І не смяюся з сябравых элегій...

Словам, сталасць, «яснасць сталай пары». І гэта натуральна, і гэта добра. Больш таго, кажучы: словамі антычнага аўтара, «мудрасць — вось сапраўдных вершаў выток і пачатак».

1972

Загрузка...