ПЕРААДОЛЕННЕ


Адзін з лепшых вершаў, якія склалі новы зборнік Браніслава Спрынчана «Черты лица», — верш «Преодоление». Прыгадваючы сваё рабочае мінулае (Спрынчан некалькі год назад працаваў у кавальскім цэху «Гомсельмаша»), паэт піша аб тым, як, на яго думку, пераадольваецца нялёгкі шлях ад вучня да майстра. Спачатку

...в молодых руках напильник

не пилит что-то ни черта.

Нямала прыходзіцца папацець і пахвалявацца пачынаючаму рабочаму раней, чым прыёмшчык вымавіць сваё сакраментальнае: «Дабро!»

Но вот, в конце концов, без

фальши

запел напильник твой впервой.

И ты к тому, что делать

дальше, —

Дошел своею головой.

Такім чынам, адна з прычын, якія перашкаджалі авалодаць справай, была яшчэ і фальшывая «песня» інструмента. Яна ўводзіла ў зман неспрактыкаванага працаўніка. А што спрыяла яго вучобе, яго поспеху? Што, апрача маладых сіл і гарачага жадання, забяспечвала магчымасць стаць майстрам? Аўтар адказвае так:

Лишь с появленьем чувства

меры —

Того особого чутья,

Ты, может быть,

проникнешь в сферы

Не только серого литья...

І далей:

Конечно, ты еще не мастер,

Хотя не только ученик,

Поскольку в суть вещей отчасти

Самостоятельно проник.

Нельга тут не пагадзіцца з паэтам. Так, сапраўды для таго, каб дасягнуць майстэрства, каб твая праца была не толькі сляпым, фізічным намаганнем, а асэнсаваным, творчым актам, патрэбны самастойнасць, пошук, выхаванне ў сабе пачуцця меры.

Верш «Преодоление» лёгка праецыруецца і на саму літаратурную працу паэта. Тым больш што ён, як я ўжо гаварыў, мае аўтабіяграфічны характар і з'яўляецца спробай асэнсаваць учарашні вопыт з сённяшняга пункту гледжання. Трэба сказаць, што паэтычнае вучнёўства таксама нялёгка давалася Спрынчану. Яго пяро, як і той напільнік, таксама напачатку слізгала па паверхні, не ўразалася ў жыццёвы пласт, фальшывіла. Часта вершам не хапала жывога дыхання, эмацыянальнай напоўненасці, значнай думкі. Асабліва гэта датычылася вершаў на так званую вытворчую тэму. Тут паэт збіваўся на просталінейнасць, на плакатную рыторыку, а з другога боку, на ўяўную паэтычнасць. Папярэдняя кніга «Плавка» сведчыла, што Браніслаў Спрынчан не задавальняецца зробленым, імкнецца «проникнуть в сферы не только серого литья». Звярталі на сябе ўвагу вершы-роздум, вершы, у якіх паэт думае, асэнсоўвае, спрабуе па-філасофску глядзець на факты і з'явы, у тым ліку і на працу, на яе вынікі. Калі да гэтага ён проста апісваў «огненные вихри» сталі, бачыў вагранку, але не заўсёды бачыў самога чалавека, бачыў піку ў руках гарнявога, але не звяртаў асаблівай увагі на яго твар, то цяпер для яго, напрыклад, тое ж нараджэнне сталі набыло ўжо іншае значэнне. Апісаўшы ў вершы, які так і называецца «Рождение стали», працэс плаўкі, аўтар раптам пытаецца:

Только всяк ли озабочен

будущей судьбою стали:

плугом,

лопастью рабочей, —

или побрякушкой станет?

Песней зазвенит над нивой или,

лопнув где в забое,

обернется несчастливой

человеческой судьбою?

Огненной струею ярко

сталь в изложницу вбежала.

Станет скальпелем хирурга,

смертным жалом ли кинжала?

«Только всяк ли озабочен» — гучыць пытанне, гучыць клопат, які прыйшоў у выніку роздуму паэта. Верш «Рождение стали» быў для яго ў пэўным сэнсе пераломным. У гэтым пераконваешся, калі чытаеш зборнік «Черты лица» (сімптаматычная сама па сабе і назва) і знаходзіш у ім такія дасканалыя, напісаныя і з пранікненнем у сутнасць рэчаў, і з пачуццём мастацкай меры, вершы, як «Предвеснье», «Олень», «Память», «В музее», «Донник», «Противоречия», «Жизнь многогранна и контрастна...» і г. д.

Адзін з іх («В музее») развівае тую ж думку, якой прадыктаваны толькі што цытаваныя радкі. Паэт разглядае музейныя экспанаты, зробленыя майстрамі мінулага, бачыць, як

Контрастно на фоне цветастых

ковров

Лоснятся кольчуги, колчаны

и плети...

І яго, як токам, пранізвае адкрыццё:

Постой! Неужели служило

искусство

И тем, кто с кинжалом ходил

на разбой?

Червонного золота черен меча,

По лезвию смерть извивается

вязью —

Мне тонкая вязь представляется

связью

Руки ювелира с рукой палача.

Рука кузнеца и убийцы рука —

Пожалуй, что в трудной судьбе

человечьей

Трагичнее не было противоречий,

Чем это, прошедшее через века.

Супярэчлівасці... Пра іх паэту гавораць музейныя экспанаты, іх ён бачыць вакол, у жыцці і прыродзе, бачыць, гаворачы словамі філосафа, непазбежнасць і адзінства супрацьлегласцей («Из противоречий возникала нужная для жизни острота») і настойліва, з верша ў верш, піша пра гэта — пра складанасць, шматграннасць і супярэчлівасць жыцця. «А в том, что нет в олене лени, повинен все же серый волк», — зазначае ён у адным вершы. «Всё — со своею подоплекой», — такі вывад робіцца ў наступным творы. «Мать-земля за долгий век зло с добром переплела...» — чытаем далей і г. д. Поўнасцю хочацца мне прывесці гэты вось глыбокі па зместу і па-майстэрску зроблены верш:

Жизнь многогранна

и контрастна:

То ворон каркнет в вышине,

То соловей зальется страстно

На ветке в гулкой тишине.

Поет — и море по колено.

Не видит, закатив глаза,

Не чует, выводя колена,

Что зарождается гроза.

Но виден воронову глазу

Мир обнаженный без прикрас.

За три столетия ни разу

Еще он не впадал в экстаз.

Он зорче соловья и чутче,

Учуял дьявольским нутром,

Что в той вон безобидной туче

К утру созреет страшный гром.

И ворон, до поры безмолвный,

Спокойно каркнул, мол, пора —

Туда, где соловьев вчера

С дубов сшибали стрелы молний.

Дакладна ўбачаным, рэалістычным малюнкам вызначаюцца лірычныя вершы паэта, прысвечаныя дзяцінству («Память», «Детство»), роднай прыродзе («Весна! — И в сердце, и в природе...», «Пора сокодвиженья», «На дорогах предапрелья...»), жанчыне («За сутолокой переправ...», «Напряженная, как тишина...»), простым працаўнікам («В кузнице», «Горновой»). Яны апрача ўсяго іншага сведчаць яшчэ і аб тым, што Браніслаў Спрынчан паспяхова авалодвае ўменнем падаваць сваё асабістае, унутранае ў адзінстве са знешнім, паказваць сваё праз агульнае і наадварот. На жаль, некаторыя вершы залішне зацягнуты. Аддае яшчэ парой аўтар даніну і ўяўнай паэтычнасці, «красивостям», як бы апраўдваючы свой радок: «...всегда пою на лад весенний». Дарэчы, гэтыя самыя «красивости» шкодзяць трохі і невялікай паэме «Хатынь» — даволі ўдалай спробе паэта выступіць у такім, новым для яго жанры і паказаць хатынскую трагедыю праз вобраз каваля Іосіфа Камінскага.

Калі ж рэзюміраваць, то кніга «Черты лица» сведчыць аб сур'ёзным творчым росце яе аўтара, аб тым, што адным з сакрэтаў гэтага росту з'яўляецца тое, што Б. Спрынчан «в суть вещей отчасти самостоятельно проник».

1967

Загрузка...