*

мяне ў дзяцінстве маці называла — ляля

А. П.

адтуліна ў радужнай абалонцы, праз якую пранікае святло ўнутр вока :

зрэнка ж. памянш. — паўн.-зах. з., Сен., Слаўг., Касц. <…> чалавечак

м. — гродз.-бар. г., зах.-пал. г., Гарад., Бярэз., Пух., Бабр. <…> лялька ж.,

лялячка ж. памянш. — паўн.-зах. з., Саліг., Жытк.

Тэматычны слоўнік «Чалавек»


пакажы, што ты хаваеш у руцэ

пальчыкі быццам у лялькі, зробленае з кавалачкаў крэйды

і чым даўжэй яна водзіць рукой па маіх валасах

карацеюць ейныя пальцы, сціраюцца, спісваюцца

а я сівею

ножкі ейныя, калі танчыць, пакідаюць малюнкі

а трохі пазней, як не стане грошай, мы ўладкуем цябе на працу

ты будзеш наносіць разметку

[куды дагэтуль не заязджала кола машыны]

толькі цяпер я разумею, чаму яна не ўмее плаваць

[чаму ты не ўмееш плаваць, лялечка]

крэйду лёгка пакрыўдзіць

крохкая

хто цябе сабраў з крэйдзінак? што засталіся ў зарослых імхом класах

закаціліся пад настаўніцкі стол

старыя драўляныя дошкі пакрыла зяленіва, нехта ўпрыгожыў маем

лабірынты шчылінак у зацёртым паркеце, пісягі

ляцелі сарокі, ухапілі ўрокі

я чуў, што на моры на кіяне стаіць белы камень

дзяды над морам праляталі, іхныя слёзкі на камень упалі

ты адтуль?

я хвалююся, калі ты пячэш што-колечы з мукі, я баюся

каб ты не заблукала ў ёй, не схавалася

а печыва тваё заўсёды з такім чароўным смакам

а раптам гэта ты штораз крышку сябе ў цеста крышыла?

а разынкі ў пірагу — гэта твае зрэнкі? чалавечкі? лялечкі?

Загрузка...