*


Sous le pont Mirabeau coule la Seine

Guillaume Apollinaire


паўзе падмарожаная Свіслач

яна даўно не сябруе з менскам больш не адбівае яго

яна любіць калі качкі казычуць яе лапкамі

качкі — выгнанцы

рака — рэзервацыя

яны месяць гушчу вады — за гэта дзякуй

дзякуй таксама рэдкім аматарам круціць катамаранныя колы

што яшчэ паўзе не застыгла не стала колам

яе пашчыпвае мароз ды чайка дзюбаю

абое вязнуць

рыбіны ў ёй з цягам часу сталі нагадваць кратоў

бо інакш аніяк не прабрацца скрозь зеленаваты кісель

[кемкія дзядкі ўзяўшы рыдлёўку й вядро

не кепскі часам прыносяць дадому ўлоў]

паўзе падмарожаная Свіслач

мы часта задаемся пытаннем ¿куды падзяецца наш горад?

я ўспомніў адказ

як быў я малым боўтаў пруточкам у Свіслачы

[гэта было па-за горадам — з бацькам рыбаліць пайшлі]

я разбіваў павуцінне за кустам

трэба падчапіць вось там

падалей цягнуся — бульк

крычу ¡тата! і не чую толькі звініць увушшу

і тут я прыкмеціў як па дне супраць плыні

валакуцца старыя будынкі драўляныя хаты камяніцы і цэрквы

касцёлы і плошчы сядзібы

а між іх шпацыруюць па рухомых вулках дзіўныя людзі

я падумаў

вялікі эскалатар ляжыць на дне Свіслачы

і ўсё гэта падымае ўверх па цячэнні

напэўна я не патануў тады

бо ўчапіўся за травяную чупрынку берага

бо тата схапіў мяне за руку

гэта здарылася калі яшчэ можна было патануць у ёй

цяпер — толькі загразнуць

са Свіслачы нельга напіцца толькі адарваць кавалачак

вылепіць з яго свісцёлку і падараваць дзіцяці

паўзе падмарожаная Свіслач

я ведаю : калісьці я пакажу табе тое месца

Загрузка...