κοινός τόπος [♪]


пакуль мяне не было ў пакой заляцела галубка

не ведаю якім ейнае заканчэнне але цельца

на паркеце шпалерах аконных рамах

узяў паперчыну нешта маркерам пазначана

паклаў ёю птушку ў пакет з супермаркета

выйшаў аддаў дзецям — пахавайце пад клёнам

сам назіраў з акна : толькі шуфлікам ямка —

на працэсію пачалі злятацца галубы з суседняга парку

і дзіцячых пляцовак лапаталі — у гармідары я перастаў бачыць

назаўтра ўсё ўсеяна белымі пацеркамі перлінамі

ўпярэмешку з пер’ем — галубы калі хавалі сваю цароўну

выплёўвалі сэрцы пеючы вітальныя гімны хорам

сёння ноччу я сплю : нехта поруч буркоча

нешта нутро топча і я гатовы табе сваё выплюнуць

градзінай дзічкай шарыкам для пінг-понга пакоцаным

а ты не бяры да галавы не пераймайся

у нас з галубамі па два — так што яшчэ адно ў запасе

Загрузка...