свіцязь


паі-ці-ці паі-ці-ці паі-ці-ці

аднекуль з гарадскога дна

даплывае гук да вушных ракавін

пралупляю тое, што пад бровамі, прыслухоўваюся

памагі-і-іце памагі-і-іце памагі-і-іце

а, гэта даўно знаёмы лямант бабулькі

што жыве на паверх глыбей

я быў павёўся аднойчы, турбаваў міліцыю

зблыталі дом спачатку — быў надпіс трохі змыты

дабраліся нарэшце, стаім пад дзвярыма

я, мянты, суседзі мятыя

адтуль : памагі-іце памагі-іце

кажуць : не будзем ламаць

ты што, не знаеш? гэта старая русалка

яна калісьці лямантам у вір хлапцоў вабіла

накаціла, відаць, настальгія

штодзень між дамоў у выкапанай ім жа яміне

бялявы сабака нявыспаны, праходжу міма

адным вокам лыпае, па спіне ляпаю

а ён лісце аблізвае, усё пільнуе гаспадара

што паехаў у тагасветнае плаванне

перада мной пара свежых гараджанаў

выбраліся на шпацыр, ад іх пахне прынятым душам

рабізна і плёскат аўтамабіляў

тут па жыцці кажуць адно аднаму : не хвалюйся

і любяць на арэлях гойдацца

баяцца падводных камянёў

тэлефонная сетка то ловіць, а то не ловіць

тут у думкі занураюцца

а калі што якое, то лепей часова залегчы на дно

а дзеці — дзеці гуляюцца ў пяску і лужынах

гэты горад падняўся на паверхню

занадта хутка занадта хутка

у насельнікаў — кесонная хвароба

адсюль сышло мора, пакінуўшы соль на асфальтах

Загрузка...