*


я не горац

і нават не народжаны ў краіне

дзе ёсць іншыя горы, акрамя лысых і святых

таму, трапіўшы ў месца, дзе ёсць зялёныя

парослыя дрэвамі, проста з каменю горы

горы, на якія налазіць туман, сагнаны ў кучы, —

магчыма, насамрэч, гэта аблокі

але ж звычайна яны там, наверсе, а калі на ўзроўні вачэй —

значыць туман

тут ён спужаны пагрозлівым выразам твару вяршынь,

збіраецца групамі

адным словам, трапіўшы туды, дзе ўсё гэта існуе

я не магу прыдумаць належнай метафары

бо хутчэй за ўсё мясцовыя пісачы даўно панапрыдумвалі

я проста магу падабраць колькі слоў, на якія яны падобны

спачатку з гарамі так, як з людзьмі іншай расы : яны ўсе на адзін твар

і ты можаш адрозніць іх толькі памерам

ды наяўнасцю / адсутнасцю расліннасці :

вось гэта маленькая і аброслая

а гэтая з плешкай і істотна большая

потым, калі трохі даўжэй на іх глядзець

да галавы прыходзіць уся гэта класічная фішка

пра гераічнасць іхніх паставаў

непакору і ўсе гэтыя вобразы паэтаў

якім вецер раздзімае валасы

але як я ні спрабаваў ад гэтага адксціцца, гэты пафас нахлынае ўсё адно

трасца, небеспадстаўна, бо калі ты па-над аблокамі, то ёсць толькі

адзінае вытлумачэнне сітуацыі : ты на небе, а калі ты на небе

то, халера, пра што яшчэ думаць, калі не пра вечнае

о пакрыўджаны век

о эпоха белліту

Загрузка...