(пасля бойкі з Мархольтам на востраве св. Самсона)
ціха гучыць нейкая музыка — музыка морзэ
ніжні слой атмасферы нібы тынкованы мур
расчыняю гаўбец — дзверы між восенню звонку і восенню тут
запаволены рух галавы наваколле ўзятае ў аб’ектыў
шукаю паратунку ў некрананні з месца
не вельмі слухаюцца клешні таму друкую акордамі
не магу разабраць уласных учорашніх думак :
занатаваў не пераключыўшы раскладку
напісаў мелодыю нараніцу зграў : атрымалася гама
шум-гам за падвойным шклом — начная азёрная вада
разумею гэта па ўласным адлюстраванні
па хвалях на лобе па выгнутых валасах
блешняй плешчацца настольная лямпа
туга запаўняе мяне
дакладней так : туга запаўняе квадрат вакол мяне
сум журба жаль
пошук сінонімаў каб адцягнуць увагу
адхаркваю маркоту
я назіраў за рухам паветраных масаў
сачыў за зменамі атмасфернага і ўласнага ціску
тэмпературны фон арганізму дазваляе эканоміць на алкаголі
і так штырыць калоціць шпрыцам скалолі
толькі яна можа сагрэць мае 70 працэнтаў вады
халодна : я маю ледавіковае паходжанне ў гэтым няма сумневу
пальцы стынуць — грэю на арфе і латах
яна бывае пустая быццам перакрыты для картэжу лес
яна бывае танчэе ад самоты
яна бывае празрыстай
такой што на прасвет бачны
ейныя рэбры косткі вантробы
яна пакрые мімічнымі зморшчынамі
мае ўнутраныя органы
і наадварот
я пакрыю мімічнымі зморшчынамі
ейныя ўнутраныя органы
я так доўга трымаў вочы заплюшчанымі
што ў мяне сапсаваўся зрок
але кроплі туману й дажджу
як мноства маленькіх лінзаў :
бачу выразна ў непагодныя дні
бачу далёка ў сезон штармоў
калі намакаюць мае ўласныя рэчы
я апранаю ейныя
калі мяне небяспечаць уласныя рэчы
я апранаю ейныя
акурат перад самым адлівам я лягу ў човен
каменне водарасці золь
мяне аднясе на твой бераг, Ізоль