Ffynnon Garw


The Englishman who went up a hill but came down a mountain (1995)

Christopher Monger


у нейкі момант пачынаеш разумець усялякіх ацтэкаў егіпцян і г. д.

вось што нам трэба : трэба насыпаць горы

каб нашы дзеці нарэшце пачалі нараджацца з арлінымі насамі

а не з кірпатымі й пляскатымі

насыпаць горы насыпаць

прадаць маёмасць купіць машыны абавязкова з кузавам рыдлёўкі

лапаты шуфлі мяхі — усё для таго каб

насыпаць горы насыпаць горы

каб у нас атрымліваліся не толькі паэты каб смерць у літаратуры

напаткала не толькі калі кінуўся ў раку і не толькі таму што балота

засмокча або мароз а яшчэ і таму што сарваўся з гары

насыпаць горы насыпаць

адну за адной — няхай гэта будзе народны рух і ніхто не кіруе ім

і не звярае з планам

каб сыпалі няроўна а потым можна будзе сачыць за тым

як кожная з іх атрымае імя

як паціху некаторыя пакрыюцца дрэвамі і людзі будуць назіраць

за сваімі гадаванцамі

насыпаць горы насыпаць

а тады трохі пазней з’явіцца нацыянальнае свята — Дзень Гор

а быць можа цэлы тыднёвы фэст

на які будуць ездзіць пазырыць замежнікі

а на гарах будзе расці бульба і нацыянальная годнасць

насыпаць горы насыпаць

да таго ж у праекта ёсць прыемны бонус : тое месца адкуль мы

будзем выграбаць зямлю і каменне для нашых гор стане цалкам

гатовым морам [назва для яго даўно валяецца без справы]

насыпаць горы насыпаць

забяспечыць нашчадкаў на стагоддзі прыбыткам з турызму

возьмем сябе ў рукі — падправім здабытае Стаўры і Гаўры

насыплем горы насыплем

Загрузка...