*


дробачкі Сёння сыплюцца як жвір

хтосьці выпіў капяжы

я мог бы быць тваім цмокам

вазіў бы цябе на спіне па горадзе

выкідаў бы смецце бегаў у краму

аніякіх праблемаў з паркоўкай

ды ў любую хвіліну — на лецішча

і дахі на якіх заставаліся б сляды маіх ступакоў

ганарыліся б і начамі апавядалі б суседнім

як гэта

проста я ведаю : ты любіш

паржавелую бляху гарышчы

і крыху мае лусачкі

ты называла б мяне з асаблівасцямі

паўночна-ўсходняй вымовы

Чмок

ты ляпіла б для мяне з батона

юнакоў і дзяўчат

а ў зімовыя вечары

ты б грэла рукі ля маёй пашчы

а ноздры прыдаліся б як фен

але я не стану тваім цмокам

бо яшчэ з маленства памятаю

чым такія гісторыі сканчаюцца

Загрузка...