мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалага лісця
дрэвы свядома чарнелі
яны чакалі снегу і паляўнічых —
прырода хацела быць маляванай
рэжысёры зацягвалі фільмы, а неба — аблокі
мой лёс быў заснаваны на рэальных падзеях
сонца ў метро хавалася, гойсала там па тунэлях
ужо счарнелыя дрэвы люлялі туман
ён чакаў, а яны засыналі пад уласнае гушканне
туман, бы немаўля, выслізгваў з драўляных абдымкаў
і поўз
а тады пасталеў і пайшоў
дождж
мы хадзілі шэптам, каб не спужаць апалых лісточкаў
яны зляталі да нас на рукі
ціха казыталі далоні дзюбкамі