*


нямеччына

пры ўніверсітэце — на вуліцы гандляр старымі кнігамі

я спыніўся паглядзець тое-сёе

думаю : за якую ўзяцца?

а тут вуаля — проста на томіку перад вачыма божая кароўка

сядзіць а тады пераскоквае : зірні вось гэтую

я — на гаспадара з мушкецёрскімі вусамі і бародкай : пасміхаецца

недзе на пятай багоўцы я не ўтрымаўся

яшчэ раз паглядзеў на пана вулічнае кнігарні

ён зноў пасміхнуўся і чмыхнуў —

і на вусы імгненна пазляталіся дзясяткі кніжных баговак

сяджу абедаю і гадаю : мо’ і не дзед ён ніякі і не гандляр не букініст?

цар баговак ці проста — звыклая купіна імшастая ля сцяны

а можа і кніжка калі доўга ляжыць на свежым паветры —

то не кніжка больш а куст хмыз пень

як хата што доўга стаіць на зямлі — становіцца зноў лесам

а камяніца з часам — робіцца зноў грудай камення крушняй

нам гэта без розніцы а птушкі віюць у старых дамах гнёзды

мы не заўважаем а мурашы точаць старое бярвенне

сабакі сікаюць на колы даўно запаркаваных машын

як толькі мясцовыя вераб’і пачынаюць зачаста на цябе гадзіць

тэрмінова мяняй месца жыхарства

Загрузка...