*


пасля зімы зямля адказвае на мае па ёй крокі

прыемная воку гразь у цэнтры ідучы вагаюся

пускаю глянцавай вокладкай кніжкі зайчыка

гэта дражніць птушак раздражняе кіроўцаў

тут неабходна тлумачэнне :

раз на месяц я шпацырую, каб праверыць, у якім цяпер горадзе жыву

пра зменлівасць гэтага месца ходзяць паданні, і я мушу ўлагоджваць духа

бо ведаю : гэта не казкі, а чыстая, як вада, якую п’е суседскі кот, праўда

і калі яго не ўшаную, ён пакарае мяне, зменлівы дух

як пакараў тых пенсіянераў, што бадзяюцца і не помняць адраса

нібы ў чужым лесе. паняцце візуальная памяць

ператвараецца ў чыстай вады, якую п’е суседскі кот, бязглуздзіцу

ён перастаўляе дамы, чаргуе правы і левы бок руху на вуліцах

учора тут былі ліпы, цяпер клёны, я даўно не спрабую запомніць

нумар кватэры й пад’езда, я паслядоўнік аўтаматызму

з ім не памылішся, калі дух не пажадае зблытаць

каб тут арыентавацца, трэба сачыць за нязначнымі рэчамі :

вышчарблены бардзюр, кучка смецця, донца разбітай бутэлькі

пах парфумы сярэдзіны мінулага веку, усё правільна —

на гэтым павароце пачынаюць мерзнуць пальцы ног

значыць блізка. так дабіраюцца дадому

на галаву пры ўваходзе падае снег

суседскі кот лізнуў, кажа : хлусня — гэта чыстай вады, якую я п’ю, тварог

раз на месяц я мушу ўлагодзіць яго, каб вяртацца

так нараджаецца новы абрад, вось яно, трасца

народнае паганства ў дзеянні, у маім дзеянні

насцярожана дзверы зачыняюцца

у аўтобусе заўважаю яшчэ такіх жа сярод іх паляўнічыя

хочуць спаймаць духа схапіць за поўсць выдраць жмут

падступны прыпынак [падставіць назву]

ушаноўваць духа можна толькі самому

ніякіх згуртаванняў кумпаній таварыстваў груп —

толькі ты і бург

аплаквайце за праезд

паляўнічыя хочуць загнаць духа на скрыжаванне

і не здагадваюцца што ён і так жыве на рагу

а каб паказаўся трэба залезці на ліхтар і пацерці лямпу

нехта гэта зрабіў да мяне таму не ведаю каму ён цяпер служыць

Загрузка...