X Княгіня Соф’я прымае ванну

Перад парталам гатэля спыніўся шыкоўны аўтамабіль. Адміністратар Луі пачціва схіліўся.

— Вы пойдзеце да сябе? — спытаў ён ветліва ў княгіні, калі яна выйшла з машыны.

Тая ледзь заўважна кіўнула.

— Ліфт для пані Соф’і Данідавай.

Цень лёг на падлогу хола. Праз імгненне княгіня знікла ў кабіне. Ліфт пайшоў угору.

Княгіня Соф’я займала ў гатэлі «Раяль-Палац» нумар з чатырох пакояў на чацвёртым паверсе. На такую раскошу яна мела права двойчы. Уладальніца вялікай маёмасці і багаццяў, яна да таго ж належала да вышэйшай арыстакратыі: шлюб з князем Данідавым рабіў яе стрыечнай сястрой расійскага імператара. Княгіні Соф’і толькі споўнілася трыццаць, яе блакітныя вочы надзіва прыемна кантраставалі з цяжкімі чорнымі косамі, яна была надзвычай прыгожай і чароўнай. Трымалася свецкага ладу жыцця і не меней як паўгода праводзіла ў Парыжы, дзе спынялася па-амерыканску ў «Раяль-Палацы».

Княгіня Соф’я мінула вялікую гасцёўню свайго нумара і зайшла ў спачывальню. Яна павярнула ўключальнік на сцяне, пырснула святло.

— Надзін! — паклікала яна нізкім голасам.

З невысокай канапы, што стаяла ў куце, адразу ж падхапілася маладая дзяўчына — відаць, княгіня пабудзіла яе.

— Надзін, памажы мне распрануцца,— загадала княгіня,— і прывядзі да ладу мае валасы, я стамілася.

— Прахалодны вечар, ці не так, княгіня? — рызыкнула спытаць дзяўчына ў гаспадыні і накінула ёй на плечы шырокі пеньюар.

Надзін была чаркешанкай: зграбная, рухавая брунетка, з донцаў блакітных вачэй прабівалася прыхаванае полымя.

Надзін яшчэ марыў сон, і яна неасцярожна правяла грэбенем па валасах.

— Цішэй ты! — ускрыкнула княгіня і раз’юшана хвастанула дзяўчыну па шчацэ.

Надзін адскочыла, вочы яе бліснулі нянавісцю.

— Я не прывыкла, каб мяне білі!

Княгіня здзіўлена паглядзела на яе.

— Надзін, на калені! — загадала яна.— Прасі прабачэння або сыходзь прэч!

Надзін кінулася ў ногі да княгіні, тая, задаволеная, ласкава падняла яе.

— Добра,— сказала яна.— Я ўжо не сярдую, а цяпер я мушу пабыць адна!

— Я прашу дазволіць мне застацца. Я хацела б дапамагчы.

— Не,— адказала княгіня,— ідзі да сябе.— Але адразу ж перадумала, кранула лоб рукою: — Хаця, добра, падрыхтуй ванну.

Праз колькі хвілін княгіня Соф’я распранулася і сабралася ўжо легчы ў ванну, але раптоўна вярнулася ў спачывальню.

— Надзін,— паклікала яна,— ты яшчэ тут?

Ніхто не азваўся.

— Мне падалося, што нехта ходзіць,— сказала сама да сябе княгіня,— але, відаць, сапраўды прымроілася.

Яна абышла спачывальню, зазірнула і ў ярка асветленую гасцёўню, потым вярнулася да свайго ложка, агледзела, ці спраўны шчыток са званкамі, з дапамогаю якіх яна магла выклікаць да сябе кожнага супрацоўніка гатэля і асабістую прыслугу. Супакоіўшыся, маладая жанчына вярнулася ў ванны пакой, скінула пеньюар і зайшла ў водарную ваду. Ванны пакой асвятляла лямпачка ў маціцовым шкляным плафоне. Соф’я ўпівалася ў вадзе асалодаю, з задавальненнем прыслухоўвалася да таго, як адпачывае яе цела, калі ізноў пачуўся шоргат. Княгіня знерухомела, потым рэзка выпрасталася, азірнулася, да паловы паднялася з вады,— нікога...

Яна разгарнула кнігу, пачала чытаць, і тут у яе над галавой прагучаў дзіўны кплівы голас: той, хто быў за яе плячыма, уголас прачытаў сказ з разгорнутай кнігі. Княгіня не паспела ані ўскрыкнуць, ані зварухнуцца, ёй шчыльна зашчамілі рот, а руку, што пацягнулася да званка, сціснулі, нібыта абцугамі. Яна чакала, што на яе вось-вось абрынецца жахлівы ўдар або якая-небудзь страшная зброя рассячэ яе цела, але адчула, што рот яе ўжо вольны. Невядомы абышоў ванну і стаў перад ёю. Княгіня ўзняла позірк. Гэта быў мужчына гадоў каля сарака, элегантна апрануты. Калі меркаваць па ягоным адмыслова пашытым смокінгу, ён наўрад ці быў тыповым парыжскім злодзеем. Рукі, якія толькі што сціскалі яе, былі белыя і дагледжаныя, шляхетны твар, чорная падстрыжаная барада, высокі лоб з залысінамі. Аднак праз меру вялікая галава і глыбокія зморшчыны, што перасякалі яго лоб, непрыемна здзіўлялі кожнага, хто глядзеў на гэтага чалавека. У Соф’і задрыжэлі вусны. Княгіня памкнулася да званка, устала з вады па пояс, дэманструючы пяшчотна-аголеныя грудзі.

— Божа літасцівы! Якая дасканаласць! Пані! — прамовіў дзіўны наведвальнік.

Княгіня Соф’я зноў схавалася ў ваду.

— Што пану тут трэба? Я паклічу паліцыю!

— Адзін гук — і пані загіне! — строга сказаў невядомы. I кпліва заўважыў: — Каб пазваніць, давядзецца высунуцца з вады. На жаль, я не змагу гэтага дазволіць, але, шчыра кажучы, такое відовішча прыйшлося б мне даспадобы...

Княгіня перапыніла яго:

— Калі пану патрэбны грошы і каштоўнасці, няхай забірае. А потым сыходзіць!

Мужчына кінуў позірк на пярсцёнкі і бранзалеты, якія княгіня, перад тым як увайсці ў ваду, паклала на столік.

— Няблага, але пярсцёнак на руцэ — лепшы.

Ён узяў княгініну руку і сціснуў у сваёй. Жаночая рука дрыжэла.

— Нашто так хвалявацца? Лепш пагаворым,— прапанаваў ён.— У каштоўнасцях няма нічога прывабнага, калі яны пазбаўлены сваёй індывідуальнасці, калі яны адасоблены ад таго, хто іх звычайна носіць. Напрыклад, бранзалет, які аблягае руку, пярсцёнак на пальцы...

Княгіня Соф’я, белая як смерць, спрабавала здагадацца, да чаго хіліць гэты таямнічы наведвальнік.

— Я не магу аддаць пярсцёнак, ён не здымаецца.

Мужчына з’едліва засмяяўся:

— Магу запэўніць, ці зможа пані зняць пярсцёнак, ці не, гэта не мае ніякага значэння: мне зрабіць такое няцяжка.

Мужчына нядбайна апусціў руку ў кішэню, дастаў маленькую брытву-складанчык, расклаў і паднёс бліскучае лязо пад самы твар княгіні. Яна глядзела на яго шырока вырачанымі ад жаху вачыма.

— З такім вострым лязом,— дадаў ён,— чык — і пальчыка няма, і разам з ім гэты цудоўны пярсцёнак пяройдзе да мяне... Княгіня,— сказаў ён спакойна і ласкава,— не варта трымцець, іду ў заклад, пані мяркуе, што я рабаўнік. I з чаго б толькі княгіні так думаць? Магу запэўніць, пані такая прыгожая, што мужчыны вар’яцеюць і робяць непрадказальныя ўчынкі.

Незнаёмы казаў шчыра і з непадробнай павагай, так, што княгіня збольшага супакоілася.

— Але ж мы не ведаем адзін аднаго,— сказала яна.

— Гэта да лепшага! — адказаў незнаёмы, падсунуў да сябе нагой невысокае крэсла, сеў, апёрся на край ванны. — У нас дастаткова часу, каб пазнаёміцца. Я ведаю пані, а гэта асноўнае.

— Не ведаю, жарт гэта ці не, але паводзіць пан сябе жахліва,— перапыніла яго Соф’я. Страх праходзіў, і нянавісць узрастала.

— Арыгінальнасць, толькі арыгінальнасць, княгіня, мяркую, не памылюся, калі скажу: калі б нас пазнаёмілі ў адным з салонаў, дзе мы часам былі разам, наўрад ці пані звярнула б на мяне больш увагі, чым сёння. А зараз пані так пільна і дакладна вывучае мой твар, што запомніць яго назаўсёды.

Княгіня праз сілу паспрабавала ўсміхнуцца.

— Мне прыемна, княгіня, што мы пачынаем давяраць адзін аднаму, так справа пойдзе хутчэй.

Княгіня адмоўна пахітала галавой.

— Пойдзе, пойдзе,— запэўніў ён.— Вось ужо пяць хвілін, як пані не спрабуе больш званіць і клікаць на дапамогу, гэта прагрэс. Да таго ж мне цяжка ўявіць, што княгіня, жонка вялікага камергера, кузіна расійскага імператара, пакліча сюды ўсю гатэльную чэлядзь, каб гэтае быдла ўбачыла яе ў ванне поруч з незнаёмым мужчынам. Плёткі пра такія прыгоды абавязкова пачуе князь Данідаў.

— I ўсё ж,— з трывогай прамовіла княгіня,— як пан сюды трапіў?

— Зараз гэта не мае значэння. Зараз важнейшае, як я адсюль выйду... Я не збіраюся злоўжываць гасціннасцю, аднак спадзяюся наведацца сюды і заўтра ўвечары.

— Толькі не гэта!

Незнаёмы, быццам незнарок, апусціў руку ў ваду і выняў адтуль тэрмометр-патапок.

— Трыццаць градусаў,— сказаў ён,— ванна астывае, давядзецца выходзіць, княгіня.

Соф’я не ведала, ці то ўсміхнуцца, ці то заплакаць. А мо ён вар’ят? Або закахаўся ў яе?

— Прэч!

Мужчына адмоўна пахітаў галавой.

— Злітуйцеся,— маліла яна.

Незнаёмы задумаўся.

— Што ж нам рабіць? — разважаў ён.— Мы мусім хутчэй шукаць выйсце, бо, баюся, пані пераахалодзіцца. Спадзяюся, пані добра арыентуецца ў сваім ванным пакоі і нават навобмацак знойдзе пеньюар? Я нікуды не сыду, але згашу святло, у цемры можна выйсці з ванны, і сорам больш не будзе замінаць нашай размове.

Незнаёмы падаўся да выключальніка, але вярнуўся.

— Забыўся на званок, да яго лёгка дацягнуцца, часам можна выпадкова націснуць, а потым давядзецца шкадаваць.— Мужчына ўзмахнуў лязом і абрэзаў абодва драты.— Вось і ўсё,— сказаў ён.— Але я бачу яшчэ адзін дрот, вось тут, уздоўж сцяны... А што, калі гэта другі званок?

Незнаёмы яшчэ раз узмахнуў лязом, але ў той момант, калі брытва кранула ізаляцыю, бліснула электрычная іскра, мужчына адскочыў.

— Халера! Я апёк сабе руку. Пані гэтаму ўзрадуецца.

Соф’я ўстрывожана глядзела на яго.

— Не варта хвалявацца,— сказаў незнаёмы.— Наша ўмова яшчэ не скасавана.

Ён павярнуў уключальнік.

Соф’я ўстала ў поўны рост у ванне, абвяла рукою ў цемры, баючыся сустрэць перашкоду. Але рука сустрэла пустату. Княгіня ступіла на падлогу адной нагою, потым другой, нарэшце кінулася да крэсла і паспешліва накінула пеньюар, сунула ногі ў пантофлі, на хвіліну знерухомела, потым, наважыўшыся, запаліла святло. У ванным пакоі нікога не было. Соф’я пайшла ў спачывальню. У глыбіні пакоя ўбачыла задаволенага госця.

— Трэба пагадзіцца, княгіня, я паводзіў сябе больш чым галантна.

— Жарт зацягнуўся,— сказала Соф’я.— Я патрабую — прэч!

— Патрабую? — перапытаў мужчына.— Я не люблю, калі са мною так гавораць. Але пані дарую, бо я не назваў сябе. Але чаму пані мяне не слухае?

Княгіня Соф’я на самой справе больш не слухала. Яна згадала, што на сакрэтніку, які стаяў паміж ёю і незнаёмым, ляжаў рэвальвер з перламутравай інкрустацыяй. Княгіня выдатна валодала зброяй і цяпер вырашыла, што, калі яна схопіць рэвальвер, ёй будзе лягчэй паразумецца з госцем. Да таго ж у адной з шуфлядаў сакрэтніка ляжаў партманет, а яго начынне складала 120 000 франкаў. Шуфляда сакрэтніка была крыху высунута, і княгіня трывожна падумала: ці на месцы партманет, ці не звычайны злодзей яе таямнічы залётнік?

— Я тут, княгіня, заўважыў адну рэч, якую не заўсёды сустрэнеш у жаночых апартаментах!

Жанчына рушыла да сакрэтніка, але госць апярэдзіў яе і схапіў рэвальвер. Соф’я жахнулася, адскочыла назад.

— Не варта палохацца,— супакоіў яе.— Я не збіраюся рабіць замах на жыццё.— Адным рухам ён вылушчыў усе шэсць набояў з барабана і пачціва перадаў княгіні абясшкоджаную зброю. — У мае планы не ўваходзіць забойства.— Нечакана ён выняў з кішэні гадзіннік.

— Ужо другая гадзіна ночы! — адзначыў ён.— Як позна! Іду, іду. Але не хочацца знікаць ані праз акно, ані праз комін, ані праз патаемныя дзверы ў сцяне, нібыта я злодзей з казкі. Лепш выйду, як джэнтльмен,— я ж заходзіў выказаць сваё шанаванне цудоўнай жанчыне праз дзверы!

Княгіня міжволі зірнула ў сакрэтнік, у якім, вядома, не было ўжо партманета. Што ёй цяпер рабіць?

— Дарэчы, я ж не назваўся,— незнаёмы дастаў з кішэні візітоўку і абапёрся на сакрэтнік.— Спадзяюся, пані дазволіць мне пакінуць сваю візітоўку вось у гэтай шуфлядзе?

Незнаёмы кінуў у шуфляду кардонную картку.

— Ну, а зараз,— сказаў ён,— покуль я не выйду за дзверы, каб ціха было, бо заб’ю.

Пад гіпнатычным позіркам незнаёмага княгіня Соф’я адступіла ў перадпакой, з намаганнем перакруціла ключ у замку, прачыніла дзверы. Незнаёмы бокам прайшоў у іх і праз імгненне знік. Соф’я адразу ж кінулася ў спачывальню і пачала націскаць усе званкі. Нарэшце ўспомніла пра перацяты дрот і патэлефанавала швейцару, што дзяжурыў на выхадзе з гатэля:

— Мяне абрабавалі. Нікога не выпускаць!

У дзяжурцы на ўсіх паверхах тужліва прагучаў сігнал трывогі. На калідоры пачуліся беганіна, галасы. Княгіня расчыніла дзверы:

— Спыніце яго! Спыніце! Ён толькі што выйшаў адсюль: мужчына, чорная барада, смокінг!

— Вы куды? Што здарылася? — хваляваўся швейцар на выхадзе з гатэля.

— Дакладна не ведаю. Некага абрабавалі. Наверсе нейкія крыкі,— адказаў калідорны, які выбег з ліфта.

— А ты сам з якога паверха? — спытаў швейцар.

— З трэцяга.

— Тады, відаць, крычаць на чацвёртым... Трэба даведацца, што здарылася.

Калідорны, старанна паголены руды бамбіза, зноў зайшоў у ліфт. Кабіна ўзнялася на чацвёрты паверх.

Мюлер, дзяжурны па паверсе, спрабаваў супакоіць княгіню. Яна трымала ў руках тую самую візітоўку, якую яе дзіўны госць пакінуў замест партманета са ста дваццаццю тысячамі франкаў. Папяровая картка была чыстая — ні імя, ні прозвішча.

— Ну што? — спытаў Мюлер у рудога хлопца, які выходзіў з ліфта, і, калі зразумеў, што ягоны твар яму не знаёмы, дадаў: — Ты адкуль?

— Я новы, з трэцяга паверха. Швейцар паслаў мяне дазнацца, што тут адбываецца.

— Абрабавалі княгіню,— сказаў Мюлер.— Трэба хутчэй прывесці паліцыю.

— Я пабег.

Праз хвіліну калідорны з трэцяга паверха быў зноў на нізе і прыспешваў швейцара:

— Хутчэй! Мне загадалі бегчы ў камісарыят.

Швейцар выпусціў яго на вуліцу.

Тым часам паспелі пабудзіць адміністратара гатэля Луі. Ён пабег на чацвёрты паверх. Па дарозе яго спыніла баранеса Ван дэн Розен:

— У мяне ўкралі дыяментавыя каралі!

Да іх падбег Мюлер:

— Я загадаў нікога не выпускаць з гатэля. Так што злодзей нікуды не падзенецца!..

Тут з’явіліся дзве пакаёўкі з шостага паверха. Разгубленыя, яны неслі вопратку і фальшывую бараду з парыком, якія знайшлі ў ліфце. Яны паклалі іх на падлогу перад Луі. Мюлер адразу западозрыў нядобрае:

— Які з выгляду новы калідорны з трэцяга паверха?

Тут да іх падышоў яшчэ адзін калідорны: мужчына ў гадах, лысы, з белымі бакенбардамі.

— Дык вось ён. Яго імя Арнольд,— здзівіўся Луі.

— Халера! — вылаяўся Мюлер.— А руды хлопец?

— Руды? — перапытаў Луі і адмоўна пакруціў галавой.— Рудых у нас наогул няма.

Мюлер збег па сходах.

— Хто-небудзь выходзіў? — спытаў у швейцара.

— Ніхто,— адказаў,— апроч калідорнага з трэцяга паверха. Вы паслалі яго па паліцыю.

— Руды?

— Руды,— пацвердзіў швейцар.

Княгіня напаўляжала ў фатэлі і ўсё яшчэ трымала ў руках візітоўку. Нібы загіпнатызаваная, княгіня глядзела на яе, вочы яе шырока раскрыліся ад жаху. На кардонцы, да гэтага спрэс белай, паступова пачалі з’яўляцца знакі, літары, і княгіня прачытала:

— Фан... та... мас!

ФАНТАМАС!!!

Загрузка...