Тэрэза Авернуа наблізілася да лэдзі Белсом, якая напаўляжала ў шэзлонгу ў вялікай гасцёўні свайго палаца ў Нэі. Па пратэкцыі Эцьена Рамбэра ўнучка маркізы дэ Лангрун ужо два месяцы была адной з асабістых сакратарак англійскай арыстакраткі.
Тэрэза пачціва звярнулася да лэдзі Белсом:
— Святар Уільям Хоўп просіць дазволу прыехаць да вас неадкладна. Ён з вашых паўночных маёнткаў.
— Шчыры чалавек! — Лэдзі Белсом загарнула кнігу і ўсміхнулася Тэрэзе.— Няхай прыходзіць.
Дзяўчына вярнулася да тэлефона, а лэдзі Белсом паглядзела на адну з маладых англічанак, якія разам з Тэрэзай працавалі ў яе сакратаркамі.
— Чаму вы ўсміхаецеся, Лізбэт? — спытала яна.
Лізбэт нават не сумелася:
— Мяркую, што гэты святы чалавек не павячэраў у цягніку і таму адчуў праз тэлефонны дрот водар вашых гарбаты і печыва.
Лэдзі Белсом не стрымлівала свайго смеху.
— Кіньце, святар вышэй усіх гэтых спакус.
— Выбачайце, лэдзі Белсом,— настойвала дзяўчына.— Аднак, ці не ён сам надоечы тлумачыў Тэрэзе, што да хлеба трэба ставіцца з павагаю, бо на ім ляжыць блаславенне Божае, што кепска засмажаны ростбіф — нейкім чынам святатацтва.
— А мне здаецца,— перапыніла яе Тэрэза,— што гэта быў не ростбіф, а фазан.
Лэдзі Белсом зрабіла ім вымову:
— Вам бы толькі кпіць, вы проста зайздросціце, што ў чалавека добры апетыт. Бярыце прыклад з Сюзанны.
Сюзанна, прыгожая брунетка, займалася пісьмамі.
— Лэдзі Белсом! — засаромелася яна,— з таго часу, як крэйсер з маім Гары вярнуўся ў Еўропу, я зусім страціла апетыт.
Лэдзі Белсом паднялася з шэзлонга, прайшлася па пакоі і спынілася каля дзяўчыны.
— Я не бачу тут сувязі. Каханне мацуе душу, але не цела. I калі я згадала ваш апетыт, то не збіралася кпіць, мая маленькая Сюзанна. Наадварот, вы абавязаны захаваць для будучага мужа свае ружовыя шчокі і цудоўнае здароўе, каб быць годнай яго жонкай і маці.
Тут Лізбэт перапыніла лэдзі Белсом і завяршыла яе думку:
— ...Маці шматлікіх дзяцей, сямі ці васьмі дзяўчынак.
Але на гэтым ёй давялося спыніцца, бо ўвайшоў лёкай і абвясціў:
— Святар Уільям Хоўп!
У гасцёўню зайшоў немалады чалавек у чорным арнаце, з паголенаю галавою і прыязным тварам.
Лэдзі Белсом падала святару руку, і той дакрануўся да яе вуснамі.
— Я рада вас бачыць,— сказала лэдзі Белсом,— і запрашаю выпіць з намі кубак гарбаты.
Святар павітаўся з дзяўчатамі і потым, нібыта прасіў прабачэння, што не адмаўляецца ад прапановы, адзначыў:
— Я не вячэраў у цягніку.
Лізбэт перапыніла яго:
— Сапраўды, ад гэтага кубка ідзе такі цудоўны водар.
Святар узяў кубак у руку.
— Менавіта гэта я і збіраўся сказаць.
Тэрэза і Сюзанна павярнуліся да сцяны, каб схаваць усмешкі, але лэдзі Белсом перайшла за свой пісьмовы стол і звярнулася да іх, можа, залішне сур’ёзным тонам:
— Мы мусім абмеркаваць важныя справы, так што вазьміце, калі ласка, свае паперы.
Покуль дзяўчаты ціхутка разбіралі дакументы, лэдзі Белсом пачціва распытвала святара:
— Як даехалі?
— Дзякуй, лэдзі Белсом, добра, вашы сяляне са Скотуэл-Хіла поўняцца аптымізмам і спадзяюцца на лепшае, але зіма, відаць па ўсім, будзе халоднаю. У гарах ужо лёг снег.
— Вы раздалі дзецям і жанчынам цёплую вопратку? — спытала лэдзі.
— Тысячу дзвесце камплектаў,— святар падаў ёй спісаны аркуш.
— А санаторый для сухотных?
— Будаўніцтва амаль скончана,— кіўнуў Хоўп.— Гэта па-хрысціянску.
Нейкі час святар нерашуча вагаўся. Нарэшце, карыстаючыся тым, што лэдзі Белсом заглыбілася ў дакументы, ціха сказаў:
— Я хачу сказаць яшчэ вось пра што. Гэта тычыцца нябожчыка Эдварда Белсома.
Маладая жанчына спалохана глянула на святара.
— Слухаю...
Дзяўчаты далікатна выйшлі з пакоя.
— Калі вы ведаеце,— пачаў Хоўп,— у Шатландыі, пасля знікнення вашага мужа, усе занепакоены.
— Спадзяюся,— перапыніла святара лэдзі Белсом,— імя нябожчыка не ганьбяць?
— Не, не, не турбуйцеся. У Скотуэл-Хіле ўсе ведаюць, што забойцу не знайшлі. Але за яго прызначана вялікая прэмія. I ўсе спадзяюцца, што паліцыя...
На апошніх словах святара лэдзі Белсом яго перапыніла:
— Што ж зробіш?
Раптоўна дзверы гасцёўні расчыніліся, і лёкай абвясціў:
— Пан аканом Сілвертаўн...
Следам за лёкаем у пакой да лэдзі Белсом зайшла Лізбэт і падала даволі доўгі ліст. Перад тым як чытаць яго, лэдзі Белсом глянула на подпіс і заўважыла:
— А вось і навіны ад Эцьена Рамбэра.
Пачуўшы гэта імя, да лэдзі Белсом наблізілася Тэрэза.
— Прачытайце,— падала ёй ліст лэдзі Белсом,— потым раскажаце мне, што піша наш сябар.
Тыдзень таму Эцьен Рамбэр з’ехаў з Парыжа, паведаміўшы сябрам, што накіроўваецца ў доўгае падарожжа.
Лэдзі Белсом была занята размоваю з аканомам. Аканом супакойваў яе:
— Лэдзі Белсом можа не хвалявацца, я паставіў у доме новыя замкі. Дом добра ахоўваецца.