Камісар Жуў ішоў па калідоры і высвістваў марш — прыкмета добрага настрою. Адчыніўшы дзверы ў маленькую пачакальню, дзе спаў Шарль Рамбэр, ён нейкі час глядзеў на яго.
— Юнаку пагражае катарга, а ён спіць, як міністр юстыцыі Французскай рэспублікі.— Жуў патрос юнака. — Уставай, гультай!
— Куды?
— Паедзеш да мяне!
Жуў запаліў дарагую цыгару, адкінуўся на спінку крэсла і заклаў рукі за галаву. Насупраць сядзеў Шарль Рамбэр.
— Хачу цябе павіншаваць,— нарэшце сказаў камісар,— ты не забіваў маркізу дэ Лангрун, не рабаваў княгіню Данідаву!
— Нашто мне пан гэта кажа? — насцярожана спытаў Шарль.— Я сам ведаю, што не рабаваў і не забіваў! Але як вы пазналі мяне ўчора ўвечары, калі я быў Жаннай?
Жуў усміхнуўся і адкінуў з ілба пасму валасоў.
— Слухай, хлопец, у «Раяль-Палацы» касірка Жанна дала мне так поўху, што на маім месцы кожны б задумаўся, што гэта за паненачка такая!
— Але як вы пазналі мяне сёння?
Жуў паківаў галавою.
— Запомні раз і назаўсёды: калі камісар Жуў хоць раз бачыў чалавека, то таму не дапаможа аніякі маскарад.
— Але ж факты супраць мяне?
— Ты памыляешся,— запярэчыў камісар,— княгіню Данідаву і пані Ван дэн Розэн абрабаваў адзін і той жа чалавек, а для такой справы ты надта нягеглы.
— Нягеглы? — абурыўся Шарль Рамбэр.— Але як быць з забойствам маркізы дэ Лангрун? Магчыма, я дзейнічаў як вар’ят.
Але Жуў зноў не пагадзіўся:
— Ты думаеш пра сваю маці? Мяркуеш, у цябе кепская спадчына, але пі спакойна сваю каву з малаком! Ніякі ты не вар’ят.
— У такім разе вы скажыце гэта майму бацьку!
— Які ты спрытны. Я адзіны чалавек, які перакананы, што ты не вар’ят і не забойца.
— Што ж цяпер са мною будзе? — сумна спытаў юнак.
Жуў адказаў пытаннем на пытанне:
— А што ты сам збіраешся рабіць?
— Пайду да бацькі.
— Не раю гэтага рабіць. Табе лепей зараз знікнуць. Вось калі я арыштую Фантамаса, то сам пагавару з Эцьенам Рамбэрам.
— А нашто чакаць арышту гэтага Фантамаса?
— Таму што ты не вінаваты ў злачынствах,— адказаў камісар Жуў.— Хутчэй за ўсё, гэта Фантамас.
— Што ж пан камісар мне параіць?
Жуў падняўся і прайшоўся па кабінеце.
— Скажу шчыра: ты мне спадабаўся, і я табе дапамагу, а ты дапаможаш мне знайсці Фантамаса. Вось што я прапаную: змяні імя, здымі дзе-небудзь пакой. Прыстойна апраніся і прыходзь да мяне, і я пазнаёмлю цябе з адным сваім сябрам — рэдактарам вячэрняй газеты. Ты адукаваны і энергічны, я ўпэўнены, у якасці рэпарцёра-журналіста ты неўзабаве зробіш кар’еру. Станеш вядомым чалавекам. Ну як, табе падабаецца?
— Гэта якраз тое, аб чым я марыў.
Але камісар перапыніў юнака, падаў яму пачак банкнот.
— Вось табе на першы час,— сказаў ён,— а цяпер сыходзь. I мне, і табе трэба выспацца. Уладкоўвай свае справы. Праз два тыдні ты ўжо павінен быць журналістам у газеце «Капіталь».
— Відаць, мне трэба ўзяць псеўданім, што-небудзь кідкае? — заўважыў Шарль Рамбэр.
— Як ты ставішся да таго,— прапанаваў камісар Жуў,— каб узяць першы склад з мянушкі Фантамас? Фан — гэта добрая аснова. Зараз прыдумаем табе імя цалкам: калі ты не супраць, яно будзе гучаць Жэром Фандор.
— Жэром Фандор? — задуменна сказаў юнак.— Што ж, пан мае рацыю. Імя гучнае, знакамітае.
— Вось і цудоўна, Жэром Фандор. А цяпер дай мне выспацца. Рыхтуйся да новага жыцця.
— Шчасліва!