Гэтай жа ноччу, калі разышліся па дамах тэатральныя аматары, сціх грукат фіякраў і брычак і нічога болей не парушала цішыні ўтульнай парыжскай правінцыі Нэі, сціхла ўсё і ў палацы лэдзі Белсом. Але гаспадыня яшчэ не спала. Яна падсунула шэзлонг бліжэй да каміна, паставіла ногі на камінныя краты і задумалася. Раптоўна паднялася і падышла да акна. Аднекуль з цемры пачуліся рэвальверныя стрэлы. Лэдзі кінулася да дзвярэй у вестыбюль.
— Што адбываецца? Лізбэт, Тэрэза, Сюзанна, да мяне!
На калідоры загрукалі дзверы. Паўраспранутыя дзяўчаты падбеглі да яе.
— Які жах! — спалохана крычала Лізбэт.— Злодзей на першым паверсе. Ён залез праз аранжарэю. Уолтэр паваліў яго і душыць, яны б’юцца насмерць.— Расказваць далей яна не магла: у яе заняло дыханне.
Праз колькі хвілін да лэдзі Бэлсом падбег аканом Сілвертаўн. Ён пачаў узбуджана тлумачыць:
— Мы рабілі абход, калі нечакана заўважылі ў цемры чалавека — мяркуючы па ўсім — злодзея. Паклікалі яго — ён уцякаць. Мы за ім, схапілі яго, ён супраціўляўся. Давялося раз ударыць. Карацей, мярзотнік у нашых руках. I неўзабаве сюды з’явіцца паліцыя.
У лэдзі Белсом дрыжалі рукі.
— Але чаму вы вырашылі, што гэта злодзей?
— А што ж нармальнаму чалавеку рабіць у чужым доме?
— Як ён сам тлумачыць гэта? — спытала лэдзі Белсом.
— Ды ў яго не было часу тлумачыць,— адказаў аканом,— яго ўбачылі і злавілі дзякуючы нашаму Уолтэру. Лэдзі ведае, якое здароўе яму даў Бог.
Лэдзі Белсом перапыніла аканома:
— Спачатку трэба было яго распытаць, я не дазволю ў сваім доме пачынаць бойку, бо не прымаю жорсткасці. Спадзяюся, гэтаму чалавеку не нанеслі шкоды.
Аканом разгубіўся і не ведаў, што адказаць.
— Паклічце сюды Уолтэра,— загадала лэдзі Белсом.
Праз колькі часу з’явіўся вартаўнік — сапраўдны асілак.
— Як трапіў у дом незнаёмец?
Уолтэр камячыў у руках фуражку.
— Я сам дзіву даюся! Я згледзеў гэтага чалавека, а ён пачаў біцца, і я яго ўдарыў, потым прыбеглі слугі, зараз яны вартуюць яго.
— Як ён тлумачыць сваё з’яўленне?
— Ён сцвярджае, што лэдзі мусіць прыняць яго.
— Я прыму яго,— адказала лэдзі Белсом.
Але тут умяшаўся аканом Сілвертаўн:
— Гэта небяспечна, несумненна, гэты чалавек вар’ят або злодзей, асабліва пасля забойства лорда Белсома...
Лэдзі Белсом не дазволіла аканому скончыць фразу.
— Няхай яго прывядуць сюды,— і рашуча крыкнула: — Я загадала, выконваць!
Да яе прывялі стомленага мужчыну ў цёмным гарнітуры, з растрапанымі валасамі і барадой.
— Я скажу ўсё толькі вам і толькі сам-насам!
— Пакіньце нас адных,— звярнулася лэдзі Белсом да слуг.
На зачыненыя дзверы апусцілася аксамітная парцьера. У пакоі, ледзь асветленым слабай электрычнай лямпачкай, лэдзі Белсом засталася сам-насам з падазроным мужчынам, якога смела згадзілася выслухаць без сведак.
Яна замкнула дзверы на ключ і кінулася да незнаёмага, абняла яго.
— Мой каханы, Гурн! — прастагнала яна.— Божа літасцівы! Ды яны паранілі цябе. Табе, відаць, балюча! Гаротны мой!
— Я так доўга... Так доўга быў без цябе! — змрочна сказаў ён.— Сёння ўвечары я праходзіў непадалёк. Свяцілася толькі тваё акно...
— Я так кахаю цябе, ты смелы, я ўся твая! Але ж гэта вар’яцтва! Ты б мог апынуцца ў паліцыі.
— Я марыў убачыць цябе,— шэптам сказаў Гурн.— Я кахаю цябе.
Закаханыя глядзелі адно аднаму ў вочы.
— Як добра было нам разам! — уздыхнула лэдзі Белсом.
Яна ўспомніла вайну ў Трансваалі, дзе ўпершыню ўбачыла Гурна,— закуранага парахавым дымам сяржанта. А потым быў вялізны параход, на якім яны плылі па сінім моры да туманных берагоў Брытаніі.
— Там, на поўдні Афрыкі,— азваўся Гурн,— па дарозе на Радзіму...
— Пасля пекла вайны настаў спакой, мы пазнаёміліся бліжэй. I пакахалі адно аднаго,— лэдзі Белсом змоўкла, не маючы сілы казаць далей.
— Я ўкленчыў перад табой у нашым пакоі на вуліцы Левэра, і раптам... дзверы расчыніліся! Зайшоў твой муж! Злосны, раз’юшаны лорд Белсом!
— Я не памятаю,— перапыніла яго лэдзі Белсом,— не памятаю, як усё адбылося.
— Затое я памятаю! — крыкнуў Гурн і выпрастаўся.— Ён прыставіў рэвальвер да тваіх грудзей. Варта было бачыць ягоныя вочы. Я кінуўся да яго, стукнуў малатком, а потым сціснуў яму горла...
— Так, я ўспомніла...— бясколерным голасам вымавіла лэдзі Белсом, погляд яе знерухомеў.— Я бачыла твае напятыя пальцы на ягонай шыі.
— I я забіў яго,— пагадзіўся Гурн.
Лэдзі Белсом спужана паглядзела на Гурна.
— Здаецца, паліцыя высачыла мяне,— казаў ён далей.— Вядома, я змяніў сваю знешнасць да непазнавальнасці, але мяне ледзь не арыштавалі.
— Мяркуеш, паліцыі вядома, як усё адбылося?
— Не,— сказаў Гурн,— яны толькі ведаюць, што я забіў яго малатком.
— Жах! — прастагнала лэдзі Белсом.
— За мною палююць, як за забойцам.
— Так, мы паводзілі сябе неабачліва. А можа, зрабіць усё так, каб падазраваць пачалі іншага? Ну, якога-небудзь вядомага злодзея? Фанта...
— Не згадвай Фантамаса,— перапыніў яе Гурн.— Магчыма, мне давядзецца ўцякаць — і, магчыма, у Англію.
— Гэта будуць нашыя з табою ўцёкі!
Гурн усміхнуўся, ён чакаў такога адказу.
— Да заўтра.
Лэдзі Белсом бязгучна адсунула засаўку, вярнулася да каміна і націснула гузік званка — з’явіўся Уолтэр.
— Правядзіце гэтага пана да брамы, я адпускаю яго!
Гурн моўчкі выйшаў. Уолтэр — за ім.
Раптам цішу ўскаланулі крыкі і тупат.
— Гэта ён! — крычалі знадворку.— Лавіце яго! Трымайце яго! Вось ён!
— Пан камісар, сюды! Забойца! Гурн!
Збялелая, як палатно, лэдзі Белсом прашаптала:
— Божа літасцівы, што з ім зробяць?
У калідоры Сілвертаўн крычаў:
— Арыштавалі Гурна! Забойца лорда Белсома быў тут!
А потым усхваляваны голас Лізбэт:
— Лэдзі Белсом... Раптам ён забіў і яе?!
Здалёк, з парку, прагучаў голас Гурна:
— Прэч ад мяне, быдла!
Лэдзі Белсом сцялася ад гэтых слоў. У гасцёўню зайшоў задаволены аканом Сілвертаўн:
— Я адразу здагадаўся, што гэта той самы нягоднік. Я пазнаў яго, не дапамагла барада. Я адразу патэлефанаваў у паліцыю. Яны і перахапілі яго.
— I што? — ледзь чутна спытала лэдзі Белсом.
— Дзякуючы мне арыштавалі забойцу.
Лэдзі Белсом самлела. У парозе з’явіўся камісар Жуў.
— Дазвольце зайсці? — спытаў ён.