XXII Знаходка

Калі камісар Жуў прыехаў на вуліцу Левэра, гадзіннік прабіў тры разы.

Кансьержка дома нумар 147, таго самага, дзе ў кватэры Гурна знайшлі запакаваны ў чамадане труп лорда Белсома, сядзела за філіжанкай кавы. Узнімаючыся па сходах, камісар Жуў разважаў:

«Дагэтуль невядома, нашто Гурн забіваў лорда Белсома? Ды і наогул, хто ён такі, гэты Гурн? Дзёрзкае, да драбніц прадуманае, бліскуча здзейсненае забойства — аніхто не бачыў, аніхто не чуў».

Камісар адамкнуў дзверы сваім ключом і прайшоў у гасцёўню.

«Я агледзеў усе шафы. Нічога. Перабраў усе рэчы, што запакаваў Гурн, але нічога вартага ўвагі не знайшоў...»

Камісар перайшоў у спачывальню. Каля каміна, пад сцяною, стаяў невысокі сакрэтнік, над ім віселі паліцы з кнігамі.

«Можа, паглядзець сярод кніг? Мае хлопцы ўжо займаліся гэтым, наўрад ці якая дробязь абмінула іх».

Камісар Жуў пачаў метадычна перакладаць паперы. Нарэшце знайшоў патрэбную. Ён разгарнуў вялікі аркуш шчыльнай гербавай паперы і ўважліва прачытаў пасведчанне на прысваенне сяржанцкага звання Гурну.

— Неверагодна! — ускрыкнуў ён.— Дакумент сапраўдны, і ён сведчыць пра тое, што некалі гэты нягоднік быў сумленным чалавекам.— Камісар Жуў пляснуў па стале.— Дык няўжо Гурн — гэта толькі Гурн? Няўжо я памыліўся?

Камісар пачаў праглядаць лісты, потым падняўся з-за стала і падышоў да паліц з кнігамі. Пагартаў асобныя томікі, яшчэ раз праглядзеў чыгуначны даведнік, потым марскі расклад.

«Атрымліваецца, Гурн — гэта Гурн,— думаў камісар.— I калі быць аб’ектыўным, то трэба пагадзіцца: знойдзенае тут сведчыць пра тое, што гэты Гурн, куды ні кінь, шчыра займаўся сваёю справаю. Але ж гэта немагчыма!»

Паліцыянт зняў з паліцы кардонку, якая імітавала кнігу, у ёй знаходзіўся камплект буйнамаштабных турысцкіх карт.

— Праверым яшчэ раз,— сказаў сам сабе Жуў. I нечакана з ягоных вуснаў зляцела: — Халера! Вось гэта тое, што трэба!

Камісар нават падхапіўся.

«Так, гэта сапраўды карты цэнтральных раёнаў! Вось Кагор, вось Брыў... А вось тут мусіць быць Бале! Не хапае якраз гэтай часткі».

Камісар зачаравана глядзеў на карту, дзе замест плана замка маркізы дэ Лангрун чарнела акуратна прарэзаная дзірка: «Эх, каб удалося давесці, што кавалак, які я знайшоў недалёка ад вакзала ў Вер’еры на наступны дзень пасля забойства, выразаны менавіта з гэтае карты, якая належыць Гурну!»

Жуў паглядзеў на нумар карты, потым склаў яе і сабраўся выйсці з кватэры Гурна, але не паспеў зрабіць і кроку, як цішыню працяў пранізлівы званок. Камісар спыніўся. «Хто гэта можа званіць у кватэру Гурна? — падумаў ён. — Увесь Парыж ведае, што яго арыштавалі!» Камісар на ўсялякі выпадак праверыў, ці на месцы рэвальвер. Дзверы адчыніліся, у парозе стаяў Шарль Рамбэр.

«Нічога сабе»,— здзівіўся камісар Жуў.

— Гэта ж Шарль!.. Выбачай, Жэром Фандор!

Загрузка...