Было восем гадзін раніцы. Камісар Жуў набліжаўся да замка, каля агароджы ён сутыкнуўся са следчым дэ Прэлем.
— Вам паведамілі ўжо? — спытаў у яго Жуў. Следчы здзіўлена паглядзеў на яго.
— Калі меркаваць па выразу вашага твару, вы яшчэ нічога не ведаеце. Рыхтуйце ордэр на арышт Шарля Рамбэра.
Камісар, брыгадзір і следчы шпарка пайшлі да замка. Насустрач ім выбег устрывожаны мажардом Далон.
— Дзе Рамбэры? Дзе Рамбэры? — крычаў ён. Камісар павярнуўся да следчага:
— А пташкі ўжо няма.
У замку Жуў і дэ Прэль папрасілі Далона ўдакладніць некаторыя дэталі.
— Паненка Тэрэза расказала нам пра тое, што чула ўначы: размову паміж бацькам і сынам Рамбэрамі. Нам — гэта мне і служанкам Луізе і Мары. Гэта было прыблізна а палове сёмай.
— I што вы зрабілі? — спытаў дэ Прэль.
— Я загадаў фурману Жану ехаць і папярэдзіць брыгадзіра.
— Пан следчы,— сказаў брыгадзір,— як толькі я атрымаў інфармацыю, то адразу пабег шукаць пана камісара.
— Вы зрабілі недаравальную памылку,— узлаваўся дэ Прэль,— трэба было сачыць за Рамбэрамі.
— Пан следчы,— запярэчыў брыгадзір,— я паставіў каля ўвахода ў замак Марана.
— I Маран іх не бачыў?
Камісар Жуў здагадаўся, што адбылося.
— Маран і не мог іх бачыць, бо яны ўцяклі яшчэ ўначы.
— Я кіну ўсіх сваіх людзей, каб злавіць іх,— брыгадзір таропка выйшаў.
— Дзе паненка Тэрэза? — спытаў дэ Прэль.
— Яна заснула, пан следчы. Доктар прасіў яе не будзіць...
— Добра,— сказаў следчы,— нам трэба застацца з камісарам сам-насам!
Далон выйшаў.
Першым парушыў маўчанне следчы:
— Дык што, справа скончана? Шарль Рамбэр — забойца?
— Шарль Рамбэр? — Жуў разгублена паціснуў плячыма.— Сапраўды, атрымліваецца, што ён забойца. Але я не веру.
— Не разумею, якія могуць быць сумненні: усе факты супраць яго.
— Але нешта сведчыць і на ягоную карысць,— адказаў Жуў.
— Расследаванне паказала, што злачынства здзейсніў нехта, хто быў у доме.
— Магчыма, але неабавязкова. Спачатку трэба адказаць на два пытанні: які характар злачынства і якімі матывамі кіраваўся злачынца? Калі вы не супраць, давайце зараз жа адкажам. Найперш спытаем сябе: як належыць кваліфікаваць забойства маркізы дэ Лангрун? Першы вывад, да якога прыходзіш,— злачынства адносіцца да катэгорыі забойстваў, здзейсненых з выключнай жорсткасцю. Па знешнім выглядзе ахвяры можна меркаваць пра характар забойцы: відавочна, удары такой моцы мог нанесці толькі чалавек нізкага сацыяльнага паходжання, прафесійны забойца.
— Чаму вы прыйшлі да такой высновы? — пацікавіўся дэ Прэль і, запаліўшы цыгару, зручна ўладкаваўся ў фатэлі.
Жуў хадзіў па пакоі.
— Згадайце, як выглядала рана: горла амаль цалкам рассечана нечым вострым. Рану такой глыбіні і шырыні немагчыма нанесці адным ударам. Відавочна, забойца не мог спыніць сябе і перастараўся. Гэта гаворыць пра тое, што забойца забіў без ваганняў і, магчыма, нават без хваляванняў. Усё сведчыць на тое, што забойца чалавек надзвычай дужы.
— Вашы высновы дакладныя,— пагадзіўся дэ Прэль.
— Цяпер паспрабуем,— сказаў Жуў,— вызначыць, якой зброяй карыстаўся забойца. Мы яе не знайшлі, таму я аддаў загад вычарпаць усе прыбіральні, спусціць і вычысціць стаў у парку, абшукаць увесь хмызняк вакол замка. Але незалежна ад гэтага я перакананы, што маркізу забілі не шляхетным кінжалам, а самым прымітыўным нажом.
— Чаму вы так мяркуеце?
— Каб забойца карыстаўся кінжалам, ён біў бы ў сэрца, а ён рэзаў горла. Таму я лічу, што забіў прафесіянал.
— I што з гэтага вынікае? — спытаў дэ Прэль.
— А тое, што наўрад ці гэта Шарль Рамбэр,— значна вымавіў Жуў.
— Сапраўды,— пагадзіўся дэ Прэль.
— А цяпер, пан следчы, разгледзім матывы злачынства — мэты забойства.
— Вядома, рабаўніцтва.
— А што ён узяў? — спытаў камісар Жуў,— усе яе дыяменты засталіся. У пакоі шмат золата і срэбра. Нічога сабе злодзей, які не заўважае, не бярэ ані грошай, ані каштоўнасцяў.
— Вядома, дзіўна,— пагадзіўся следчы.
— Іншая справа, калі забойца — маньяк, вар’ят, які забівае бязмэтна. Цяпер мы можам звузіць кола падазроных,— прапанаваў Жуў.
— На мой погляд,— пачаў следчы,— старыя пакаёўкі Луіза і Мары па-за падазрэннем. Што ж тычыцца валацугаў, якіх мы арыштавалі, калі не лічыць вас, камісар,— гэта безаблічныя, прымітыўныя істоты.
Жуў сцвярджальна кіўнуў галавою, і следчы казаў далей:
— Цяпер Далон. Можна пагадзіцца, што ён мае бясспрэчнае алібі: усю ноч ён праседзеў разам з урачом каля ложка хворай жонкі. Цяпер паглядзім на Эцьена Рамбэра. Эцьен Рамбэр а дзесятай увечары выехаў з вакзала пасажырскім цягніком, які прыходзіць у Вар’ер раніцою. Усю ноч у цягніку — лепшага алібі не можа быць.
— Сапраўды, не можа,— пагадзіўся Жуў.— Такім чынам, застаецца толькі Шарль Рамбэр. Злачынства было здзейснена без адзінага гуку. Паглядзіце на гэтыя шрубы, яны проста выкручаныя. Забойца хацеў пераканаць нас, што дзверы былі выламаныя. Але мы разумеем, што маркіза дэ Лангрун ведала забойцу і сама адчыніла яму дзверы. Яна не здзівілася, калі ўбачыла яго, і пусціла да сябе ў пакой.
Жуў нечакана спыніўся, а потым пацягнуў следчага ў пакой Шарля Рамбэра. Ён зайшоў у ванны пакой і паказаў пальцам на цырату, разасланую на падлозе:
— Гэта кроў. Значыць, Тэрэзе не памроілася начная размова.
— Тут нічога не скажаш,— дэ Прэль схіліў галаву.— Гэта даказвае віну Шарля Рамбэра.
— Не, не даказвае! — рашуча сказаў Жуў.
— Пан камісар не жартуе? Як забойца трапіў у дом, калі дзверы былі замкнёныя?
— Па-першае, лёгка падрабіць ключ, а па-другое,— камісар дастаў з кішэні шматок карты, карты Тарыда з камплекта турыстычных схем асобных гарадоў Францыі,— гэта я знайшоў учора ўвечары на дарозе побач з замкам. Надзіва, гэты кавалак якраз з ваколіцы замка Бале.
— Нічога дзіўнага ў тым,— перапыніў яго следчы,— што ў нашым раёне знойдзены шматок карты нашага ж раёна... Вось калі б вы знайшлі ў каго рэшту карты, вось тады...
— Я займуся гэтым,— сказаў камісар Жуў. — Сёння раніцай каля чыгуначнага адхону я бачыў падазроныя сляды. Нагадаю пану, што перад тунелем у сувязі з рамонтам усе цягнікі спыняюцца. І таму можна незаўважна сысці, забіць і незаўважна сесці ў цягнік, гэта ж побач з замкам.
— У такім выпадку гэта быў не Шарль Рамбэр?
— Ёсць яшчэ адна, апошняя версія. Наўрад ці яна вам спадабаецца,— зноў загаварыў камісар Жуў. — Гэта злачынства ў Бале — дзіўнае, загадкавае і таямнічае. Гэта сапраўднае злачынства ў стылі... ФАНТАМАСА!
Дэ Прэль паціснуў плячыма, калі пачуў ад паліцыянта гэтае знакамітае імя.
— Вось як! Я б ніколі не паверыў, што пан камісар пакліча на дапамогу Фантамаса. Фантамас — гэта занадта лёгкае выйсце, самы просты шлях растлумачыць злачынства. Між намі кажучы, я лічу, што Фантамас не існуе.
— Ніхто ніколі не лічыў мяне баязліўцам,— уздыхнуў Жуў.— Я бачыў смерць, і цэлыя банды зладзеяў кляліся забіць мяне. Мне пагражалі адпомсціць. Мне, камісару Жуву. Але ўсе, хто спрабаваў змагацца з Фантамасам,— мае сябры, усе загінулі. Фантамас існуе.
— То што, ён — д’ябал, гэты Фантамас? — перапыніў яго следчы.— Відаць, такі ж самы чалавек, як і ўсе?
— Так, гэта чалавек, але, паўтаруся, ён геній. У яго нейкі надзвычайны талент забіваць.
За спінаю ў камісара пачуліся крокі, і ён азірнуўся: гэта быў задыханы паштар.
— Калі ласка, тэлеграма пану камісару.
Тэлеграма мела наступны змест:
«Тэрмінова вяртайцеся ў Парыж. За знікненнем лорда Белсома хаваецца жахлівае злачынства. Магчымы ўдзел Фантамаса».