VIII Жахлівае прызнанне

Пакуль камісар Жуў займаўся расследаваннем новай справы ў Парыжы, у ваколіцы замка Бале падзеі разгортваліся далей. Шарля і Эцьена Рамбэраў яшчэ не знайшлі. Старая Шыкар і валацуга Бузіль скончылі палуднаваць. Старая ўзялася мыць посуд, а Бузіль пайшоў да ракі па ваду.

— Матуля Шыкар! — закрычаў Бузіль.— Сюды! Хутчэй! Здаецца, я зарабіў дваццаць пяць франкаў!

Цікаўная ад прыроды старая Шыкар спусцілася да ракі. Бузіль стаяў па пояс у вадзе. Доўгім кіем ён падганяў штосьці да берага, але плынь была імклівая. Праз колькі часу, увесь мокры, Бузіль выцягнуў на бераг нешта цяжкае. Заінтрыгаваная, старая Шыкар наблізілася і раптоўна ўскрыкнула ад жаху. Бузіль выцягнуў з ракі нябожчыка! Відовішча было жахлівае: юнак, худыя доўгія ногі і рукі, адна нага практычна адарваная, распухлы, знявечаны да непазнавальнасці твар. З ран тырчалі вялікія кавалкі збуцвелага дрэва.

— Відаць, хлопец трапіў пад кола вадзянога млына,— сказаў Бузіль.

— А раптам зноў забойства? — занепакоілася старая.

— Я яго не ведаю, гэта дакладна.

— Вядома, нетутэйшы,— пагадзілася старая.— I апрануты як гарадскі.

— Лепш скінуць яго назад у ваду,— рашуча сказаў Бузіль.

— Нельга! — спыніла старая Шыкар.— Нас нехта мог заўважыць. Лепш паведаміць у жандармерыю.

Бузіль сеў на ровар і паехаў у Сэн-Жары.


У першы дзень Новага года камісар Жуў не выходзіў з дому. Ягоныя думкі былі цалкам занятыя таямнічымі забойствамі. Справа лорда Белсома! Справа маркізы дэ Лангрун! Фантамас! Дзе ён зараз, гэты Фантамас? I чым ён можа займацца першага студзеня? Нечаканы званок у дзверы прымусіў яго спахапіцца. Паштар прынёс тэлеграму:

«У рацэ каля замка Бале знайшлі труп маладога чалавека, твар знявечаны да непазнавальнасці. Па некаторых прыкметах, гэта Шарль Рамбэр. Тэлеграфуйце адказ. Следчы дэ Прэль».

Знявечаны труп. Тапелец. Няўжо гэта сапраўды Шарль Рамбэр?

Зноў пачуўся званок у дзверы. Перад Жувам з’явіўся сам Эцьен Рамбэр. Стомлены, змучаны, ён трымаў у руцэ вячэрнюю газету, якую ад хвалявання паспеў ужо скамячыць.

— Пан камісар, няўжо гэта праўда? Тое, што я прачытаў?

Жуў узяў газету і прачытаў прыкладна такі самы тэкст, як і ў тэлеграме следчага.

— Чаму вы прыйшлі да мяне, пан Рамбэр? — знарок абыякава спытаў камісар.

— Я хачу ведаць! — Эцьен Рамбэр узняў рукі.

— Што ведаць?

— Гэты тапелец — мой сын? Мой бедны Шарль?

— Я сам хачу ведаць гэта.

Эцьен Рамбэр некаторы час вагаўся, нарэшце наважыўся:

— Злітуйцеся над бацькам, пан камісар! Я мушу расказаць нешта жахлівае...

Загрузка...