XXVI Загадкавае злачынства

Каб хоць трошкі болей пабыць са сваім бацькам, Элізабэт і Жак Далоны вырашылі яго правесці да вакзала ў Вер’еры, дзе ён мусіў сесці на цягнік, што ішоў у Парыж.

З аглушальным скрыгатам да станцыі падышоў цягнік. Покуль лакаматыў спускаў пару, мажардом прыгарнуў Элізабэт і Жака, потым зайшоў у вагон другога класа і ўзяўся за парэнчы.


Тым часам па чыгуначным насыпе ўпэўнена крочыў чалавек. Відаць, навальніца не палохала яго. Гэта быў мужчына гадоў пад трыццаць, на ім быў доўгі плашч, узняты да самых вушэй каўнер хаваў ніжнюю частку твару. Прыгнуўшыся ад ветру, невядомы ўпарта крочыў па шпалах.

— Ну і надвор’е! — бурчэў ён.— Ужо даўно не было такой брыды: вецер, дождж... Хаця няма чаго нудзіцца: месяца няма, а гэта тое, што трэба.

Бліснула маланка, і невядомы імгненна зарыентаваўся.

«Здаецца, ужо недалёка»,— падумаў ён і заўважыў, што абапал рэек стромыя адхоны ідуць угару; дарога праходзіла ў катлавіне.

— Так лепш, вецер сюды не трапляе, адно свішча недзе ў вышыні! — мужчына спыніўся, асцярожна паставіў на зямлю вялікі пакунак.— Толькі што на вежы прабіла тры гадзіны,— казаў ён сам сабе.— Калі верыць раскладу, то ў мяне яшчэ ёсць хвілін дзесяць. Мне няма чаго турбавацца: насып тут пясчаны, без гравію, трава невысокая, бегчы можна, паваротаў ніякіх. Святло ад паравозных фараў я ўбачу здалёк...— Вусны невядомага скрывіліся ва ўсмешцы.— I ўсё ж, ці мог я падумаць у тыя далёкія часы, калі бадзяўся па Амерыцы, што мне давядзецца заскакваць у цягнік, калі той едзе?

Далёкі, спачатку неакрэслены гул прымусіў яго насцярожыцца... У цемры ўзніклі два белыя мігатлівыя агні — фары паравоза.

Покуль цягнік набліжаўся, невядомы размінаўся: нахіляўся, прысядаў, махаў рукамі.

Але вось цягнік з грукатам наблізіўся да яго. На прыканцы доўгага пад’ёму ён ішоў не вельмі хутка, кіламетраў дваццаць на гадзіну. Мужчына спрытна, як леапард, кінуўся бегчы з ім навыперадкі. Гэта давалася яму з цяжкасцю, але, падхоплены ветрам, невядомы прайграваў яму не так і шмат.

Міма прамільгнулі паравозны тэндар, багажныя вагоны, вагоны трэцяга класа. Мужчына ўбачыў, што вагон другога класа апынуўся поруч з ім, ухапіўся за парэнчы і ўскочыў на прыступку. Ён адчыніў дзверы і апынуўся ў пустым вагонным калідоры. Загрукатаў сустрэчны цягнік, невядомы ўсміхнуўся: «Я ж казаў, што мой спадарожнік паспее да цягніка! Цераз пяць хвілін яны сустрэнуцца, цераз пяць хвілін мярцвяк разам са сваім багажом ператворыцца ў крывавы фарш!..»

— Жувізі! Стаім дзве хвіліны!

Уздоўж цягніка, які спыніўся на станцыі, беглі праваднікі. Была палова на пятую раніцы, трэба было будзіць пасажыраў.

З купэ другога класа спрытна саскочыў на зямлю невядомы і падаўся да выхада з перона. Паказаў кантралёру праязны білет і выйшаў.

Праз некаторы час рабочы-муляр у сваёй звычайнай працоўнай вопратцы наблізіўся да касавага акенца і папрасіў касірку:

— Калі ласка, мне білет у трэцім класе рабочага цягніка да Парыжа і назад...


Пасажырскі цягнік Люшон — Парыж нечакана спыніўся перад Аўстэрліцкім вакзалам. Покуль пасажыры маглі толькі здагадвацца аб прычынах гэтай стаянкі, да цягніка наблізіліся трое мужчын і пайшлі ўздоўж яго.

— Паглядзіце, пан камісар! — сказаў адзін з іх.— Зірніце сюды. На гэтых дзвярах не зачынена страховачная засаўка.

— Сапраўды... — камісар узяўся за клямку і адчыніў дзверы ў купэ.

Двое пасажыраў, якія пакавалі свае чамаданы, здзівіліся, што нехта сядае ў цягнік так недалёка ад канечнага прыпынку.

— Панове, выбачайце за турботы, але мы тут па службовым абавязку.— Камісар расхінуў плашч і паказаў трохколерную стужку — сімвал дзяржаўнае Улады. — Я спецыяльны камісар Аўстэрліцкага вакзала. Мне паведамілі, што на рэйках, непадалёк ад Жувізі, знайшлі труп мужчыны,— хутчэй за ўсё, яго выкінулі з гэтага цягніка.

— Труп? — жахнуўся адзін з пасажыраў.— Нас было трое ў купэ, пан камісар, але калі мы спалі, трэці знік. Памятаеце? — звярнуўся ён да другога пасажыра.— Мы нават падумалі — ён сышоў на нейкай станцыі...

— Як ён выглядаў? — спытаў камісар.

— Даволі прыкметны, пан камісар: бакенбарды, мажны, год каля шасцідзесяці...

— Калі б вам сказалі, што ён служыць мэтрдатэлем ці мажардомам, вы здзівіліся б?

— Не, ён менавіта так і выглядаў.

— Тады гэта ён. Але мне цяжка вызначыць,— сказаў камісар,— забойства гэта ці самагубства? На рэйках знайшлі таксама багаж нябожчыка. Самагубца не будзе выкідаць свой багаж, а забойца-рабаўнік і тым больш.

Другі пасажыр, які дагэтуль моўчкі слухаў, сказаў:

— Пан камісар, тут у купэ застаўся пакунак. Я не ведаю, чый гэта.

Камісар раскруціў абгортку і здзівіўся.

— Божа, гэта бутля з-пад вуглекіслаты? Але нашто? — разгубіўся камісар.— Яна належала нябожчыку?

— Наўрад,— сказаў адзін з пасажыраў,— такое я напэўна заўважыў бы.

— Дзіўна,— сказаў другі,— але мне прыгадваецца, што покуль мы спалі, у нашае купэ нехта заходзіў.

Загрузка...