Полудзень у «Раяль-Палацы» заканчваўся. У вялікай зале мэтрдатэль гатэля казаў слугам:
— Вы ведаеце, я толькі што чуў размову паміж герцагам і герцагіняй дэ Вінжале. Яны казалі, што гэтыя рускія дамы не вартыя даверу, да таго ж гэтая гісторыя з ваннай. На мой розум, усё лёгка вытлумачыць, калі пашукаць сярод яе каханкаў.
За суседнім столікам таксама гаварылі пра крадзеж. Мюлер размаўляў з Анры Верб’е.
— Следчы каго-небудзь падазрае? — спытаў Анры.
— Нікога,— адказаў Мюлер.
— Выбачайце,— умяшаўся ў іх размову мэтрдатэль Луі,— паліцыя ўсё ж падазрае нашую мілую паненку Жанну.
Анры Верб’е павярнуўся да касіркі Жанны:
— Як паліцыя ўблытала вас у гэтую справу?
— Проста, раніцою ў той дзень я выдала княгіні сто дваццаць тысяч франкаў.
— У гэтым няма ніякага крыміналу,— адказаў Анры Верб’е.
— Вядома,— пагадзіўся Мюлер.
Не паспела касірка Жанна вярнуцца ў свой пакой на шостым паверсе, як да яе пагрукалі. У дзвярах з’явіўся Анры Верб’е.
— Я цяпер ваш сусед,— сказаў ён,— вось убачыў вас і вырашыў, што, можа, вы не адмовіцеся выпаліць егіпецкую цыгарэту?
— Што ж, ахвотна.
— Я чалавек сентыментальны і вельмі пакутую ў адзіноце. Надараюцца такія моманты, калі хочацца закахацца.
Жанна пагардліва зірнула на яго.
— Каханне — гэта глупства.
— Не, не глупства. Уявіце сабе, што мы закаханыя...— Маладая жанчына маўчала, і Анры Верб’е ўзяў яе за руку. — Гэта цудоўна. Я бяру вашу руку вось так і цалую яе. Пяшчотна, пяшчотна.
Жанна выслабаніла руку:
— Досыць,— закрычала яна.— Я не распусніца!
— Я і не казаў гэтага. Проста хацеў, каб мы трошкі пагрэліся,— Анры Верб’е падсеў бліжэй і прыгарнуў дзяўчыну да сябе, але яна імгненна вырвалася і нечакана перайшла ў наступ. Моцна ўдарыла ў скроню кулаком. Верб’е страціў прытомнасць і паваліўся на падлогу.
Праз колькі хвілін паненка Жанна прайшла побач са швейцарам і развіталася з ім:
— Я ненадоўга, крыху прайдуся.
Анры Верб’е неўзабаве апрытомнеў. У пакоі нікога не было. Дзверы былі замкнёныя. Ён кінуўся да акна, хацеў клікаць на дапамогу, але ўбачыў свой адбітак у люстэрку: на скроні была кроў.
— Як гэта я, камісар Жуў, дазволіў абвесці сябе вакол пальца жанчыне!
Але тут камісар — Анры Верб’е быў, вядома, загрыміраваны камісар Жуў — тупнуў нагою і вылаяўся:
— Так можа ўдарыць толькі мужчына...