Пасля размовы з маладым адвакатам Гурн усхвалявана крочыў па камеры. Грукнулі дзверы. За імі ўзнік ахоўнік Нібэ.
— Добры вечар,— павітаўся ён.— Ужо шэсць гадзін, у рэстарацыі пытаюцца, ці несці вам вячэру?
— Не, абыдуся казённай.
— Вам, відаць, цяжка з фінансамі?
Раззлаваны Гурн хацеў паказаць ахоўніку, што не хоча з ім гаварыць, але той зайшоў у камеру, наблізіўся да Гурна і паклаў яму ў далонь нейкую паперку.
— Трымайце вось гэта.
Гурн здзіўлена зірнуў на банкноту, якую атрымаў ад ахоўніка.
— Калі яшчэ спатрэбяцца грошы,— шаптаў Нібэ,— не саромейцеся, я ўсё зраблю.
Гурн хацеў спытаць, ад каго гэты падарунак, але ахоўнік перапыніў яго:
— Я зараз вярнуся, толькі закажу для вас добрую вячэру!
Калі Гурн застаўся адзін, ён з палёгкаю ўздыхнуў. Каханка не кінула яго ў няшчасці. Але і ён маўчаў пра сваю сувязь з ёю, ахоўваючы яе ад падазрэння ў саўдзеле.
Дзверы ў камеру зноў адчыніліся.
— Ну, што? — сказаў ахоўнік. Ён трымаў у руцэ плецены кошык, напоўнены рознымі ласункамі, з-пад якіх тырчала бутэлька віна.— Тут шмат смачнага.
— Я вельмі ўдзячны вам! — узрадаваўся Гурн.
Нібэ шматзначна падміргнуў, задаволены сваёй дапамогай.
За вячэрай Гурн казаў Нібэ:
— То гэта вы цяпер замест Сьежанталя?
— Так,— кіўнуў Нібэ, які час ад часу выбягаў на калідор, каб пераканацца, што ніхто не зловіць яго са шклянкай віна, якую прапанаваў Гурн.— Я шмат разоў дамагаўся, каб мяне павысілі, у маёй асабовай справе ёсць тры лісты дэпутатаў ад апазіцыі. Дык вось, уявіце сабе, на тым тыдні мяне выклікалі ў міністэрства юстыцыі і паведамілі, што маёй асобай цікавіцца нейкае пасольства, мяне спыталі, ці хачу я, каб мяне павысілі, я не адмовіўся. У выніку я апынуўся ў Парыжы.
Гурн ківаў галавою.
— А адкуль грошы? — спытаў ён.
— Учора ўвечары на вуліцы да мяне падышла пані,— пачаў тлумачыць ахоўнік.— «Гэта вы Нібэ?» — пытаецца. Адказваю: «Так...» Ну, пагаварылі. Яна дачакалася, калі побач не будзе людзей, і паклала мне ў руку грошы, даволі вялікі стос банкаўскіх білетаў, сказала, калі я выканаю ўсё, як яна загадала, то дасць яшчэ грошай...
Покуль ахоўнік Нібэ расказваў, Гурн уважліва яго разглядаў: тоўстыя вусны, вузкі лоб сведчылі, што ахоўнік часцей глядзеў на зямлю, чым на неба. Гурн вырашыў адразу ж перайсці да справы.
— Слухай, мне тут абрыдла сядзець! — фамільярна сказаў ён і паклаў руку ахоўніку на плячо.
Той спалохана глянуў на Гурна.
— Зразумела. Што ж тут зробіш? Але з цягам часу ўсё неяк уладкуецца.
— Само па сабе нічога не ўладкоўваецца, дзеля гэтага трэба паклапаціцца. Вось ты і паклапоцішся. Зразумела,— пераконваў Гурн,— кожная праца павінна аплачвацца. I нельга, каб з-за ўцёкаў зняволенага ахоўнік страціў сваё месца.
— Гэта так,— пагадзіўся Нібэ.
— Не хвалюйся, Нібэ, памылкі мы не зробім, але давай пагаворым сур’ёзна. Калі ты сустракаешся зноў з тою пані, што дала табе грошы?
Павагаўшыся, ахоўнік адказаў:
— Мы дамовіліся ў адзінаццаць.
— Вось і цудоўна. Перадай ёй, каб яна прынесла дзесяць тысяч франкаў.
— Дзесяць тысяч? — перапытаў ашаломлены ахоўнік.
— Дзесяць тысяч,— пацвердзіў Гурн.— Да раніцы! З іх паўтары тысячы для мяне — заўтра ўвечары я адсюль знікну.
Ахоўнік Нібэ вагаўся:
— А калі мяне выкрыюць?
— Не бяры да галавы,— адказаў Гурн.— Усё будзе выглядаць, як звычайны недагляд.— Гурн заўважыў, што Нібэ ўсё яшчэ вагаецца, і прапанаваў: — Паслухай, табе дадуць яшчэ пяць тысяч франкаў. Калі што, ты зможаш уцячы ў Англію.
— У мяне жонка і двое дзяцей.
— Вядома, разам з сям’ёю.
— Але мне патрэбны гарантыі.
— Гарантыі атрымаеш ад той пані. I перадай ёй вось гэта.— Гурн вырваў аркуш з нататніка і накрэсліў на ім колькі слоў.
— Магчыма, я пагаджуся.
— Ты павінен згадзіцца зараз,— адказаў Гурн.
Мужчыны глянулі адзін аднаму ў вочы. Ахоўнік збялеў і нарэшце вымавіў:
— Я згодны.
Раніцай 12 лістапада Гурн вяртаўся са штодзённага шпацыру ў сваю камеру. Ён правёў цяжкую ноч. Яго не пакідалі сумненні. Ці здолее ахоўнік распрацаваць план уцёкаў? З раніцы ён убачыў Нібэ. З-пад фрэнча той выцягнуў пакунак і перадаў яго Гурну.
— Схавайце гэта ў ложку!
Да паўдня Гурн так і не здолеў перамовіцца з Нібэ. Толькі на шпацыры зняволены і ахоўнік пагаварылі.
— Вось ужо трэці тыдзень,— пачаў тлумачыць Нібэ,— як у турме працуюць муляры, чалавек дваццаць. Побач з тваёй камерай сто дваццаць дзевятая камера, і ў ёй незакратаванае акно. Якраз праз гэтае акно муляры выбіраюцца на дах, які рамантуюць. Яны прыходзяць раніцай, адыходзяць у шэсць. Ахоўнік каля брамы іх ведае, але наўрад уважліва разглядае, і я спадзяюся, ты здолееш праскочыць з імі. У пакунку, што я прынёс табе,— рабочая вопратка, пераапранешся. Без дзесяці шэсць муляры ідуць па сходах у двор, без чвэрці шэсць я выпушчу цябе, і ты схаваешся за комінамі, а потым уцячэш разам з імі. Але не падыходзь да іх. У двары рабі выгляд, быццам даганяеш іх. Калі вартавы пачне зачыняць браму, крыкні яму: «Гэй, Марэн, ці не хочаш ты пакінуць мяне тут? Я ж не з тваіх кліентаў!» Або што-небудзь падобнае. Як апынешся за брамай, выблытвайся сам. У правую кішэню курткі я паклаў грошы, дзесяць стофранкавых білетаў, гэта менш, чым ты прасіў, але ў мяне не знайшлося дробных.
Гурн не пярэчыў.
— А якой гадзіне высветліцца, што я ўцёк? — спытаў ён.
— Зараз палічым. Уночы маё дзяжурства. Пакладзеш сваю вопратку на ложку так, каб здавалася, нібыта ляжыш ты. Няхай лічаць, што ты мяне перахітрыў... Мяне заменяць а пятай раніцы. Да восьмай гадзіны абходу не будзе, камеру адамкне мой напарнік. Але на той час ты будзеш ужо далёка!