Ноччу, за колькі гадзін да гэтага здарэння, людзі пачалі сыходзіцца да месца пакарання. Сярод іх было нямала вясёлых кампаній. Да раніцы перад эшафотам ужо стаяў натоўп.
Пракурор рэспублікі скончыў усе неабходныя фармальнасці. Над горадам узняла свае крывавыя рукі гільяціна. Гэтай раніцай павінен загінуць забойца лорда Белсома. Навіна абляцела ўвесь горад. I публіка збіралася на крывавае відовішча, не раўнуючы, як на свята. У гэты момант да турмы Сантэ набліжаліся двое мужчын: Жуў і Фандор.
— Вунь муніцыпальная гвардыя,— Жуў пацягнуў Фандора за руку. — Давайце схаваемся за газетнымі кіёскамі, покуль яны адсунуць натоўп.
Камісар Жуў дакладна прадказаў дзеянні гвардзейцаў. Яны хутка адагналі натоўп. Камісар Жуў і Фандор мелі спецыяльныя пасведчанні, якія прэфектура выдавала толькі абраным і па якіх дазвалялася знаходзіцца непасрэдна перад эшафотам.
Жуў і Фандор цяпер стаялі пасярод пляца, перад гільяцінай. Па эшафоце праходжваліся мужчыны ў чорных рэдынготах і цыліндрах.
— Гэта мае калегі,— сказаў Жуў Фандору.— А вось і твае калегі — кіраўнікі аддзелаў хронікі галоўных сталічных газет. Табе пашанцавала, што менавіта ты будзеш прадстаўляць такую газету, як «Капіталь».
— Прызнаюся вам, пан камісар,— адказаў Жэром Фандор,— што я сюды прыйшоў таму, што хацеў убачыць, як адсякуць галаву Гурну, які, як вы давялі, і ёсць Фантамас. Я хачу на свае вочы пераканацца ў ягонай смерці. На іншае катаванне я б не прыйшоў.
— Я гляджу, ты перажываеш.
— Так.
— Я таксама,— прызнаўся паліцыянт.— Вось ужо пяць гадоў я змагаюся з Фантамасам. Пяць гадоў пераконваў усіх у ягоным існаванні. Пяць гадоў жадаў смерці гэтага мярзотніка, і смерць пакладзе канец усім яго злачынствам.— Жуў зрабіў паўзу, Фандор маўчаў, і камісар загаварыў зноў: — Няхай я сам тройчы перакананы, што Гурн — гэта Фантамас. Няхай мне ўдалося пераканаць у гэтым усіх, хто ўважліва вывучаў матэрыялы расследавання. Але з юрыдычнага боку я так і не змог нічога давесці. Для ката Дэйблера (дынастыя французскіх катаў), для пракурора і для грамадскасці галаву страціць Гурн, а не Фантамас.
Паліцыянт змоўк. З боку публікі пачалі даносіцца воплескі і заклікі «брава!».
— Што гэта? — спытаў Фандор.
— Гэта натоўп сустракае гільяціну.
З’явілася чорная фура, якую суправаджалі на конях чацвёра жандараў з аголенымі шаблямі. У фуру быў запрэжаны белы конь. За колькі метраў ад Жува і Фандора фура спынілася, жандары паскакалі далей, следам пад’ехала аблупленая карэта, адтуль выйшлі трое ў чорным адзенні.
— Дэйблер і ягоныя памагатыя!.. — сказаў камісар.— Міне не больш за гадзіну, і Фантамас спыніць шлях на зямлі.
Памагатыя ката выцягнулі з фуры доўгія цяжкія брусы ў чахлах з шэрага палатна і асцярожна расклалі іх на зямлі.
— Глядзі,— сказаў камісар,— вось брусы гільяціны, як яны далікатна з імі абыходзяцца!
Мужчыны ў чорным падмялі пляц, каб ніводны каменьчык не парушыў раўнавагі канструкцыі, паставілі чырвоныя слупы памоста. Дошкі падганялі ўсутыч, а каб было надзейней, мацавалі іх тоўстым медным дротам. У загадзя прарэзаныя пазы эшафота вертыкальна ўставілі брусы, па якіх павінен быў слізгануць нож гільяціны.
Кат Дэйблер узроўнем праверыў гарызантальнасць сабранай канструкцыі і замацаваў унізе брусоў дзве дошкі, выразаныя паўколам,— люнет, якім заціскаюць шыю асуджанага. Прысунуў скрыню, упэўніўся, што яна лёгка адкідваецца, і загадаў:
— Нож!
Ён прыняў галоўную дэталь. Уставіў нож у пазы вертыкальных брусоў і падняў бліскучую прыладу ўгару, пад самую папярэчыну, прыдзірліва агледзеў гільяціну і загадаў:
— Салому!
У люнет усунулі тоўсты пук. Дэйблер выслабаніў стопар. Нож бліскавіцай слізгануў па пазах і рассек салому. Рэпетыцыя прайшла паспяхова, можна было заняцца сапраўднаю справай.
— Цяпер кат можа спакойна ўскласці рэдынгот,— камісар Жуў нервова смактаў цыгарэту,— і чакаць, покуль да яго прывядуць Фантамаса.
Каля падножжа гільяціны паставілі два кашы з вотруб’ем. У адзін з іх павінна зваліцца галава пакаранага, у другі — безгаловае тулава.
Кат здзьмухнуў пылінкі з рукавоў і звярнуўся да членаў магістрата, якія стаялі каля турэмнай брамы:
— Панове, праз чвэрць гадзіны світанак. Можна пабудзіць асуджанага.
Ахоўнік Нібэ бязгучна адамкнуў дзверы камеры. Пракурор увайшоў першы. Ён спадзяваўся, што асуджаны будзе спаць, але вязень, апрануты, сядзеў на ложку і глядзеў шклянымі вачыма на сцяну перад сабою.
— Гурн,— сказаў пракурор,— мацуйцеся! У памілаванні вам адмоўлена!
Твар вязня сказіўся. Вусны зрушыліся, ён здолеў толькі вымавіць:
— Я... Не...
Да яго наблізіўся турэмны святар:
— Вы жадаеце памаліцца?
Вязень прыўзняўся і паўтарыў:
— Я... Не...
Адвакат Барберу, збялелы, наблізіўся да яго:
— Гурн, ці магу я што-небудзь для вас зрабіць?
Асуджаны паспрабаваў устаць, але, зняможаны, зноў прываліўся да сцяны і ледзь гучна вымавіў:
— Я... Я...
Дэйблер рашуча падышоў да начальніка крымінальнай паліцыі.
— Пан Авар, падпішыце, што асуджаны вызвалены з-пад варты!
Покуль той няцвёрдаю рукою ставіў подпіс пад актам перадачы Гурна, Дэйблер адрэзаў нажніцамі каўнер кашулі вязня і валасы на патыліцы... Тым часам адзін з ягоных памагатых зацягваў вяроўку на руках асуджанага да смерці.
Калі яго схапілі пад рукі і пацягнулі па калідоры, ён захроп:
— Я...
Але яго ніхто не слухаў...
— Пяройдзем сюды! — камісар павёў Фандора за сабой да таго месца гільяціны, дзе адсечаная галава праз колькі хвілін скоціцца ў кош.
З турэмнай брамы выехаў аўтамабіль. Усе знялі капелюшы і глядзелі на яго. Усталявалася цішыня — як на могілках. Дэйблер саскочыў з падножкі і адкінуў заднія дзверцы, што леглі, як карабельны трап, на зямлю.
— Божа! — сказаў Фандор.
— Смелы чалавек,— заўважыў Жуў.— Ён нават не збялеў. Звычайна ў такі момант асуджаныя белыя як смерць.
Усё адбылося хутка.
У адно імгненне вязня прывязалі да дошкі і перакулілі яе, Дэйблер злавіў яго за вушы і паклаў галавой на люнет.
Шчоўкнуў стопар.
Бліскавіцай мільгануў нож.
Выбухнуў фантан крыві.
Галава скацілася ў кош з вотруб’ем.
Але раптам камісар адштурхнуў Фандора і кінуўся да эшафота. Паліцыянты глядзелі на яго і нічога не разумелі. Камісар засунуў рукі ў набрынялае крывёю вотруб’е, схапіў адсечаную галаву за валасы, узняў і прыгледзеўся да яе. Паліцыянты кінуліся да яго. Дэйблер таксама паспрабаваў супакоіць камісара:
— Спыніцеся, што з вамі?
— Прэч!
Фандор бачыў, што з камісарам здарылася нядобрае. Ён падбег і разгублена спытаў:
— Што вы робіце?
Адчужаным голасам Жуў растлумачыў:
— Гэта не Гурн... Глядзі, твар нават не збялеў, на ім грым! Як у актора! Халера! Фантамас уцёк! Фантамас на волі. Замест яго пакаралі бязвіннага. Кажу табе: Фантамас жывы!!!