УСТУП

Красавік 1919 года. Гародня. Горад спешна пакідаюць вайсковыя часці былой кайзераўскай Германіі. Адыход немцаў вельмі ўстрывожыў стваральнікаў БНР. У ноце міністра беларускіх спраў літоўскага ўрада Язэпа Варонкі, накіраванай германскаму генеральнаму ўпаўпаважанаму ў Літве пану Цымерле, сказана: «...нямецкае войска пакідае... Гародню, пасля чаго польскія легіёны думаюць заняць Гародню і знішчыць усю работу беларускіх арганізацый... Беларускія вайсковыя часці... могуць выступіць супраць палякаў. Каб не лілося лішняе крыві, нямецкае войска павінна яшчэ на нейкі час застацца...»

Цымерле адказаў, што па ваенных меркаваннях адыход з Гародні «неабходны і адпавядае патрабаванню маршала Фоша, які, 25-га студзеня 1919 г. патрабаваў вольнага праходу для польскага войска праз Гародню і далей для змагання з бальшавізмам...»

27 красавіка белапалякі займаюць Гародню і тое, чаго небеспадстаўна баяўся міністр Я. Варонка, адбылося — у горадзе пачалося вынішчэнне ўсяго беларускага.

Нейкі незразумелы парадокс гісторыі ў тым, што, «змагаючыся з бальшавізмам», легіянеры Пілсудскага называлі бальшавікамі і... афіцэраў І-га Гарадзенскага Беларускага палка.

Пра маладога афіцэра з гэтага палка маё апавяданне.


Ты малады і без прычыны —

З чаго б твой розум ні схацеў —

Смяешся, а тваю дзяўчыну

Кахае польскі афіцэр.

Не ведаеш нягоды гэтай,

Ідзеш, любуешся сабой

I беларускія газеты [1]

Чытаеш на сцяне любой.

Там пішацца пра адраджэнне,

Пра войска ўласнае, пра лёс...

Тваё вайсковае адзенне,

Як доказ, што ўжо войска ёсць.

Званамі — гузікі, адзнакі

На кіцелі тваім гудуць!

Табе германскія ваякі

Чэсць, нібы роўні, аддаюць.

Яны ў Гародні, бы ў палоне...

Такі ўжо час... Ідзеш далей...

Турботы — заўтра, а сягоння

Ты — бескланотны салавей.

Жалейку чуеш. Як трысцінка,

Яна згінаецца, пяе.

Гарох купляеш ты на рынку

Пад гукі сумныя яе.

Адпачываеш так, як хочаш...

Гарох падсмажаны грызеш...

Да слова роднага ахвочы,

Купалаў прыгадаеш верш.

«Я зноў заснуўшую... (Чытаеш)

Было жалейку...» (Сапраўды,

Жалейка, як трысцінка тая,

Што каля нёманскай вады.)

Абавязкова зразумеюць

I спеў яе, і хрып грудзей

Гародня, Полацак і Менеск —

Ты ўпэўнены. Ідзеш далей...

Зірнеш на дах, па крыж касцельны,

У Нёмне варухнеш свой цепь

Або заходзіш у цукерню

Па вуліцы Купецкай, 7.

Учора там, зайцоў цукровых

У каве топячы і соў,

Доўнар-Запольскага «Асновы...» [2]

Гартаў, як Біблію бацькоў.

I разумеў асновы тыя.

Шаптаў: «У свеце пэўнасць ёсць —

Гародні сцепы векавыя

I Беларусі маладосць.

I ёсць каханне ў гэтым свеце,

Яно нікога не міне...

У Беластоцкім жджэ павеце,

Чакае мілая мяне».

I, пэўна ж, ведаць немагчыма,

Хоць сцісні вецер у руцэ,

Што любую тваю дзяўчыну

Кахае польскі афіцэр.

Што і яна выходзіць з хаткі

Да прыдарожпае капы,

З ражкоў яго канфедэраткі

Змятае хустачкаю пыл...

А ты вось тут з ухвалы боскай,

Тут столькі клопатаў-падзей...

Пачатак добры, але войску

Бракуе зброі і людзей.

Ты гаспадар у родным краі

І як свядомы афіцэр

Добраахвотнікаў збіраеш

Пад сцяг дзяржавы БНР.

I заўтра выедзеш да свету —

Не поле сошкаю араць —

Да Беластоцкага павета

Ваякаў новых вербаваць.

Пакуль ніякай небяспекі

Яшчэ не чуеш над сабой,

Каханкі здрадлівыя здзекі

Твой не высмоктваюць спакой.

Манашцы юнай напярэймы

Ты б кінуўся, каб не манах

Яе правёў паўз дом Тальгейма,

Ружанцам закілзаўшы страх.

У вінную зайшоў бы крамку...

Ды што за гвалт, за рух такі?

Галопам ад Старога замка

Імчацца конныя палкі.

Пяхота на вакзал імкнецца...

I зразумеў ты — справы швах!

Гародню пакідаюць немцы...

I вось ён, заміж смеху — страх.

Не папяровы, не кардонны —

Сталёвы страх душу гняце,

Бо неўзабаве легіёны

Сюды Пілсудскі прывядзе.

З арлом — штандар амарантовы!..

Ксяндзы адбухаюць імшу.

Каб той арол аднагаловы

Глядзеў у кожную душу.

Канфедэраткі, эпалеты...

I ў бога польскі дух відзён...

А беларускія газеты

Тут змоўкнуць аж да новых дзён.

Ёсць мова лепшая за мовы,

I, дбаючы пра чысціню,

Доўнар-Запольскага «Асновы...»

Зграбуць, як смецце, да агню.

Змяніці шыльды спатрабуюць.

Цукернік польскую «не вем» —

Яго цукерню разрабуюць

Па вуліцы Купецкай, 7 [3].

...Пад беларускія штандары

Добраахвотнікаў сабраць

Ты не паспееш, бо жандары

У Беластоку ўжо стаяць.

Цябе — у цэлю!.. Рызыкоўна

Ты будзеш лезці праз драты [4].

Як старац, дабярэшся ў Коўна

I, дзякуй богу, што сюды.

Сюды не дойдуць ягамосці

З Варшавы. Парадокс які —

Ім, ворагам тваім. адпомсцяць

Чырвонай Арміі палкі.

...Спазнаеш ты і страх пагоні,

I голаду мярцвячы страх,

Ды гэта — заўтра, а сягоння

Ты ў родным небе вольны птах.

Германцаў сумнымі вачыма

I са слязою на шчацэ

Праводзіш, а тваю дзяўчыну

Кахае польскі афіцэр.

1983 — 7 студзеня 1989


Загрузка...