ЦЮТЧАЎСКІ ТРЫПЦІХ


1.

Калі няма на тое боскап згоды,

Як ні пакутуе яна,—

Душа, на жаль, не выплача лагоды,

Ды выплача сябе да дна.

Душа, душа, ты шчырым парываннем

I кожнай тканкай сонечнай крыві

Ахвяравана чыстаму каханню,

Сам Бог цябе благаславі!

Ён па-над сэрцам, па-над светам,

Ён цеплынёй сваёй імкне

Да кветкі кожнае пад небам гэтым,

Да жэмчугу на морскім дне.

2.

За дзень яна спазнала небыццё,

I змрок яе ўжо ахінаў суцэльны.

Знадворку чуўся дождж — і на лісцё

Струмені весела ляцелі.

Прытомнасці раптоўная струна

Ёй слых кранула цьмянай адзінотай,

Захопленая, слухала яна

Усёй свядомасцю, усёй істотай...

Пасля, нібы на споведзі якой,

Прамовіла ашчадна, напаўсілы

(Я побач быў, хацеў памерці з ёй):

«Усё любіла я, мой мілы!»

Любіла ты, і пачуццю твайму

Што ў гэтым свеце роўнае?..

Нічога... Знябожаны, пакуты ўсе прыму,

I сэрца не пакрыўдзіцца на Бога.

3.

Мне даспадобы лютэранаў боствы,

Абрад спаважнай строгасцю кране.

Вучэнне храма зразумела мне,

Ягоных сцен, што блізкія да ўбоства.

Не бачыце? Вось, мроячы дарогу.

Вам Вера стрэлася ў апошні раз:

Яшчэ яна не здрадзіла парогу,

А дом яе ўжо апусцеў і згас,—

Яшчэ яна не здрадзіла парогу,

I дзверы незамкнёныя яшчэ...

Ды час ужо... Складайце модлы Богу,

Сляза малітвы стрымана цячэ.


Загрузка...