* * *


Не хацеў бы я нічога,

Толькі б раз убачыць Бога,

Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць.

Што ў іх — поспех? перамога?

Ці звычайная знямога?

Ад якой не варухнуцца, не ўздыхнуць.

Пацяшэнне з нашай волі?

З хлеба нашага і солі?

Ці спагада нашай долі існуе? —

Нашай песні, нашай хаце,

Нашай бедненькай зарплаце.

Што адразу нам памерці не дае.

Разуменне нашых бедаў

I няпэўных нашых ведаў

I ні ў тым вось, і ні ў гэтым, і ні ў чым.

Мы крычым, калі магчыма,

Не магчыма — дык маўчым мы.

Так да смерці то крычым, а то маўчым...

Хто ж у гэтым віпаваты:

Нашы мамы, нашы таты?

Самі мы? Ці ўсё яны — кіраўнікі?

Вінен Бог адзін, няйначай,

I таму яго не ўбачыш

Ні ў бінокль, ні ў тэлескоп, ні з-пад рукі.

Ён высока, ён далёка,

Ён схаваўся ад папрокаў —

Душы нашыя пакінуў назаўжды.

I ў краіне-агародзе

Густа палыны ўзыходзяць,

Сохнуць вёскі і буяюць гарады.

Лёс такі — адна дарога,

Камянёў на ёй замнога,

I ніяк з дарогі гэтай не звярнуць.

I не хочацца нічога,

Толькі б раз убачыць Бога,

Толькі б раз у вочы Богавы зірнуць.


Загрузка...