ВАНДРОЎКА Ў ТАТРЫ I ДЗВЕ ПОСТАЦІ СПЕВАКА

Тэадору Крыжку


Я нават разгубіўся.

Мае клапатлівыя сябры прапанавалі проста каралеўскую праграму адпачынку. Чаго ў ёй толькі не было — і экскурсія па «славацкім раі», з яго бясконцымі вадаспадамі і каньёнамі, і агляд гары Поляна. і паездка на Саліску, на вяршыню якой (2400 метраў) можна ўзняцца толькі на ланоўцы (канатным пад'ёмыіку), і яшчэ шмат экзатычнага значылася ў той праграме...

Я выбраў Саліску, спадзеючыся на палёгку, якую час ад часу ахвяруюць целу розныя ліфты і пад'ёмнікі. Зрэшты, мой не дужа ахвотны выбар быў яўна выпадковы. Ён узнік толькі таму, што нешта ж трэба было выбіраць.

З гэтай вяршыні, хацелі падбадзёрыць мяне сябры, можна ўбачыць Польшчу.

«А хоць сам Дапыд-Гарадок,— прыкра падумалася мне.—Малая радасць самохаць лезці анёлам пад крылы».

Прызнаюся — замест Татраў мне хацелася паехаць у Прагу, і на тое была свая прычына.

Але настояць на пражскай паездцы, ведаючы сваіх сяброў, я не мог. Яны любілі Татры, любілі апантана і былі ўпэўнены, што Татры любяць усе. Татры былі іхняй рэлігіяй. «Якая Прага, калі ёсць на свеце Татры!» — мог бы пачуць я ў адказ. I вядома ж, пачуў бы, каб засцярожліва не прамовіў: «О, Саліска, які гэта цуд...»

Мяне з асалодай убралі ў альпінісцкія транты, і мы паехалі ў горы.

Я ўзіраўся ў лацінскія літары на шыльдах, што, пагойдваючыся, як у старым кінематографе, без гуку ўзнікалі на экране вагоннага акна. Я нібыта лічыў і перагортваў старонкі, створаныя самым геніяльным стылістам — паветрам... Трнава, Леапольдаў, Пешцяні, Нове Места над Вагам, Трэпчын, Трончэске Цепліцэ, Пухаў (з гэтай станцыі рытм майго пераліку пажвавеў, бо цеплавоз памянялі на электравоз), Поважска Бістрыца, Жыліна, Кралёваны, Ружамберак...

Я не прапускаў ніводнай назвы.

Я жадаў, каб у мільгаценні шыльдаў згубілася маё памкненне, мая крыху акцёрская туга па вандроўцы ў Прагу. Трэба ж, такое несупадзенне — сябры мае па-боску ўлюбёныя ў горы, а мне асабіста горы нагадваюць гурбу непрыбранага камення.

Я сумаваў і, як неабходныя лекі, шукаў за вагонным акном запамінальнае. Прадметы, якія адразу запамінаюцца, мяне заўсёды супакойваюць. На гэты раз такімі запамінальнымі аказаліся шыльды з назвамі славацкіх гарадоў і чыгуначных станцый. Я чытаў іх самазабыццёва, шчыра спадзяваўся — а раптам убачу залатым пяром выведзенае: Praha...

Прага ў свой гістарычны букет сабрала шмат беларускіх кветак. Кветак-імён. Адно з іх — Міхал Забэйда-Суміцкі.

Прага здавалася мне другімі Шэйпічамі альбо Падароскам і з Мінска ўяўлялася геаграфічпа блізкай, як тыя Шэйпічы і Падароск — на два ўзмахі буслінага крыла.

Няўбачанае — заўсёды загадка, па-дзіцячы светлая, нібы першы, вывучаны на памяць, вершык-лічылка. Пад мільганне шыльдаў ён цудоўна падыходзіў да майго ўсё яшчэ благенькага настрою: «Раз, два, тры, чатыры, пяць — я іду шукаць, хто не захаваўся, я не вінаваты...»

Мае сябры падумалі, што я ўжо наабвыкся і пачынаю блазнаваць, уявай ператварыўшы сумнаваты вагон ва ўтульную кавярню. Яны ведалі, што кавярня — мой ідэал адпачынку і ўнутранага спакою, таму задаволена ўсміхнуліся і на беларускую лічылку адказалі пацешнай славацкай песенькай: «Садай, слнко, садай за высоку гору, як не будэш садаць, сцяхнем ц'я за ногу».

«Будзеце не сонейка, а мяне,— паабяцаў я ў думках,— сцягваць за ногу, калі залезу на Саліску і адмоўлюся злазіць».

Песня гучала далей, і з кожным яе радком цягнік усё болей і болей аддаляў мяне ад Прагі. Мы ехалі ўздоўж няўтомнага Вага на паўночны ўсход.

Я ведаў, што Забэйда-Суміцкі жыў у Празе на вуліцы Польскай, у доме № 12. Ведаў, што пахаваны ён на Альшанскіх могілках. У «Известиях» чытаў пра гэтыя могілкі, дзе сярод іншага паведамлялася, што тут ляжыць «белорусский поэт (!) Михась Забейда».

Паэт? А ці так ужо й памыліўся пражскі карэспандэнт?..

Што яшчэ я ведаў пра Забэйду-Суміцкага?

Чытаў успаміны спевака ў літаратурным альманаху «Белавежа», слухаў ягоную пласцінку; і гэтага было дастаткова, каб зразумець, што Забэйда-Суміцкі ствараў незвычайныя вакальныя вобразы паводле класічных старонак беларускага фальклору і еўрапейскага опернага мастацтва.

Тэма Беларусі, і гэта галоўнае ў яго дзейнасці, ніколі не пакідала спевака. Ён быў упэўнены, што толькі праз нацыянальнае ўтвараецца феномен эстэтычнай еднасці, неабходнай для самастойнай творчасці, калі на паяднаныя вобразы дзяцінства і сталасці ўплывае ўвесь свет. У гэтым ланцужку — дзяцінства, сталасць, свет, з выніковай рысай, якая ўжо названа самастойнай творчасцю — першасна-асноўнае звяно належыць дзяцінству, бо ў дзяцінстве — карані нацыянальнага зроку.

Седзячы ў вагоне, я бачыў перад сабой дзве пасмяротныя постаці Забэйды-Суміцкага. Першая ўвасабляла творцу, спевака з канкрэтным імем і славай. У другой увасобілася агульнае, а менавіта — збіральны вобраз нацыянальна свядомага беларуса, якому наканавана было амаль увесь свой век пражыць на чужыне.

Шлях на чужыну для мастака заўсёды выпадковы.

Крывавыя хмары войнаў: імперыялістыч-най, а пасля грамадзянскай, прымусілі ратавац-ца ў Сібіры, нават у Кітаі. Там, у Харбінскім онерным тэатры, прафесійна сцвердзіўся талент маладога Міхала Забэйды, а прага вакальнага самаўдасканальвання прывяла яго ў 1932 г. у Мілан.

Дзве постаці спевака, як дзве мройныя істоты, рухаліся ў прасторы паралельна цягніку і спыняліся разам з ім на кожным прыпынку. У вагон заходзіў кантралёр, і калі цягнік кранаўся, яны зноў пачыналі свой паветраны бег, ні на імгненне не адстаючы і не выпярэджваючы влак [7]. Дзве постаці аднаго чалавека, дзве ягоныя супярэчнасці. Адна клікала на радзіму, другая прымушала заставацца тут, на гэтай зямлі, што ўжо сталася вечнай радзімай.

Постаці пакідалі мяне, калі кантралёр, стомлены чалавек у вялікіх акулярах, апынаўся побач. Мае сябры яшчэ ў Трнаве паведамілі, што кантралёр не славак, а ўкраінец, ды я пакуль не надта ўдумваўся ў тое, што яны мне гаварылі.

Стомлены чалавек у вялікіх акулярах праходзіў па вагоне, вышукваючы новых пасажыраў. «Раз, два, тры, чатыры, пяць — я іду шукаць...» — мая лічылка амаль дакладна ілюстравала невясёлы занятак кантралёра. Для гэтага чалавека нічога не існавала, апрача ягонай работы. Ён баяўся, што прагледзіць безбілетнага пасажыра, і вельмі спадзяваўся на свае вялікія акуляры. Грозны бог пільнасці і парадку, першабытнае імя якому Страх, не зводзіў каменнага позірку з кантралёра і за самую дробную памылку гатовы быў пакараць свайго адданага служку.

Дзве мройныя постаці спевака неслі ў сабе нязгоду з такім бяздушным намерам, як пакаранне невінаватага — кантралёр жа ўяўляў сабой безабаронную невінаватасць. Сваёй нязгодай яны нібы напаміналі мне, што ў сённяшнім свеце маецца востры дэфіцыт на духоўную энергію. Энергетычны крызіс нашага часу існаваў для іх толькі ў такім разуменні.

Дзве розныя постаці паядналі ў сабе родны край маленства з чужым краем сталасці. Яны ляцелі нада мной, і блакітная трысцінка прызнання пад іх крыламі набывала голас — жыць на чужыне, маючы ў сэрцы радзіму, немагчыма без таго, каб у гэтае ж сэрца не ўваходзілі сокі чужой зямлі, каб душа была замкнёная і мела нейкае асобнае існаванне.

Мае сябры таксама пачулі гэты голас, і мы разам паразважалі пра магчымасць «асобнага існавання душы». З нейкага філасофскага трактата, мне, дарэчы, невядомага, яны па памяці працытавалі: «Ці існуе душа асобна — чэшская, нямецкая, французская? Не, гэты падзел выдуманы шавіністамі. Шавінізм узнік па разліку эгаістычнага мозга і вельмі рацыянальнага падыходу. Існуе толькі адна душа, і яе нельга падзяляць, як авечак на пашы. Як існуе гравітацыя адна для ўсіх, так існуе адна душа».

Блакітная трысцінка вяла сваю мелодыю далей — з душой, што ўсялілася ў цела, прыйшоў да чалавека талент людскасці, і ў ім галоўнае — пачуццё любові. Душа зрабіла цела маральным, пазбавіла яго жывёльнага заспакаення.

Людзі ва ўсе вякі змагаліся, змагаліся супраць душы або за душу. Супраць душы змагаліся зброяй, за душу — словам. У наш час да зброі далучылася розных гатункаў звыштэхнізацыя. А да слова — нічога, акрамя новых слоў. У выніку — змаганне супраць душы перайшло ў татальнае паляванне. Яно, то бачнае, то нябачнае, існуе паўсюдна і для пэўнай часткі чалавецтва ператварылася ў форму існавання з уласцівым ёй мысленнем.

Магчыма, гэтае мысленне не заўсёды агрэсіўнае, але ўскормленае халодным розумам яно заўсёды накіравана супраць мастацтва, супраць душы.

Сапраўднае мастацтва клапоціцца аб адным, каб розум чалавека залежаў ад яго душы. Калі ж адбываецца наадварот, то мастацтва вымушана фіксаваць такую з'яву як грамадскую хваробу.

Агульнавядома, што менавіта розум, не ўраўнаважаны душой, забяспечваў гісторыю трагедыямі. Хваравіты розум роднасны і нацыяналізму. Вытручваючы любоў да чужога, нацыяналізм робіць брыдкім і сваё.

Наіўная блакітная трысцінка...

Ці паверыць хто, што ты — матэрыялізаваны дух спевака? Што ты паміж дзвюма ягонымі пасмяротнымі постацямі, як слова люблю паміж нацыянальным і агульналюдскім.

Забэйда-Суміцкі піколі не аддзяляў сваё нацыянальнае ад агульпалюдскага. Менавіта спадчыннае пачуццё агульналюдскасці і рабіла яго беларускім спеваком.

Ён спяваў на многіх мовах свету і быў зразумелы любой аўдыторыі, бо ў кожнай з гэтых моў, як неабходнасць, прысутнічала беларуская інтанацыя.

2 лістапада 1967 года ў лісце да літоўскага музыказнаўцы Вітаўтаса Повіласа Юркштаса Забэйда-Суміцкі так вось ацаніў свае канцэрты: «Яны інтэрнацыянальныя. Сваімі канцэртамі імкнуся абудзіць найлепшыя пачуцці ў слухачоў. Хачу, каб людзі шанавалі і любілі адзін аднаго, каб жылі мірна і прыязна».

Я думаю пра талент спевака, бачу ягоныя пасмяротныя постаці, чую блакітную трысцінку і пачынаю любіць гэты сумны вагон, і нават стомленая хада кантралёра-ўкраінца пачынае мне падабацца... Нехта з пасажыраў пачаставаў кантралёра трускалкамі. Трускалкі ва ўсходняй Славакіі буйныя і да краёў налітыя празрыстай спеласцю. Яны як запаленыя навагоднія свечачкі. Кантралёр прайшоў міма, трымаючы ягады ў папяровай вазе. Ён, здавалася, страціў ранейшую пільнасць і забыўся на каменны позірк бога парадку. Цяпер ужо і гэты чалавек меў рэальную радасць і зусім не баяўся ўяўнага пакарання.

Пачаліся горы, і мне вельмі хацелася, каб штосьці адбылося раптоўнае, неверагоднае, што перашкодзіла б нашай далейшай вандроўцы.

Мы сышлі з цягніка і пераселі на аўтобус. Татры былі побач, і мае сябры малітоўна глядзелі на неба. Я цішкам пасмейваўся з іх, упэўнены, што хараство Славакіі, як і любой краіны, не ў небе, а на зямлі.

Горны трамвайчык даставіў пас да Strubske Pleso — адсюль і ўзыходзяць на Саліску. Металічна пакрэктваючы на крутых пад'ёмах, трамвайчык сваім грымучым дашкам разбудзіў самую бліжэйшую з хмараў. Яшчэ сонная, яна, вядома, незадаволена адгукнулася громам, а пасля суцешыла мяне даволі спорным дажджом. З вышыні гары метэаслужба паведа-міла, што пачынаецца моцны вецер, таму падымацца наверх небяспечна. Ланоўку адключылі. Вось і здарылася тое раптоўнае і неверагоднае, чаго я так прагнуў.

Але ў маіх сяброў імгненна выспеў повы план. Яны вырашылі не марудзячы спусціцца ўніз, аб'ехаць Саліску на аўтобусе і зрабіць пад'ём з больш, на іх думку, зацішнага месца.

Дождж то дужэў, то цішэў, то хвілінай здавалася, калі аўтобус апынаўся ў тунелі, зусім пераставаў. Мы прамінулі Стары Смаковец і яшчэ нейкія станцыі, што самотна прыціхлі пад халоднымі лапамі дажджу. Горныя станцыі былі падобныя на маленькія хутары, гаспадары якіх часова пакінулі сваё жытло, напалоханыя разнамоўным нашэсцем альпіністаў.

На Татранскай Ломніцы добры настрой пакінуў мяне — тут працавала ланоўка. Нам трэба было падняцца да Skalnate Pleso. Сябры мае кінуліся да пад'ёмніка, але там замест пэўнай чаргі рванымі кругамі пластаваўся безаблічны натоўп. Нават не натоўп — разнамоўны гурт авечак. Кожны з гаралезцаў імкнуўся першым прабіцца да вагончыкаў — утульных рухомых альтанак. Ніхто ні на кога не зважаў. Пад неонавай шыльдай Nástupište аддавалася перавага здаровым рукам і шырокай спіне.

Душа захлыналася ў потнай паводцы сляпых целаў.

Дзве постаці спевака праплылі над неўтаймоўным статкам і далучыліся да Душы. Узніклі тры воблачкі згоды, як напамін пра неабходнасць увагі да асобнага чалавека. Яны сваёй эфірнай прысутнасцю заклікалі да спакою, але целы, на жаль, заўсёды безуважныя да ўсяго, што не мае матэрыяльнай абалонкі.

Я кажу пра мноства цел і пра адну Душу, бо згодзен са сваімі сябрамі: «...Існуе толькі адна душа». Целаў жа існуе безліч. I вечныя нашы трагедыі ў тым, што адной Душы,— самага неабходнага інструмента ў механізме маралі і пачуццёвай гармоніі,— на ўсе целы, а гэта значыць і на ўсіх людзей, не хапае...

Нарэшце, засмоктаныя плынню ўсеагульнай штурханіны, мы атабарыліся ў вагончыку. Нехта з ланоўшчыкаў моўчкі ўладкаваў ля нашых ног два гарачыя тэрмасы — абед для метэаслужбы і для астатніх службаў, якія знаходзіліся недзе ў тумане і холадзе.

Тэрмасы з абедам, таксама моўчкі, у нас забралі на высакагорпай пляцоўцы Lomnickỳ śtit. Адсюль на самую вяршыню вяла іншая ланоўка — ужо не ўтульныя «альтанкі», а звычайныя лавачкі-гушкалкі, прымацаваныя да траперсы ланцугамі. Я ўпэўнены быў, што ланцугі не надта надзейныя, але назад ужо не вернешся. Добра хоць пад лавачкай ёсць прыступкі для ног.

Дажджу тут гукай — не дагукаешся, навокал звыкла белы снег і крыштальны холад. Лавачкі парыпвалі і падымалі нас угару, усё вышэй і вышэй, а насустрач нам вынырвалі з густых воблакаў шчаслівыя гаралезцы — чэхі, славакі, венгры, немцы і нават арабы. Яны рухаліся ўніз паралельна нам, узбуджаныя сцюдзёнай вышынёй і радасцю, што вяртаюцца. Яны сябе паводзілі, як дзеці без бацькоўскага нагляду — бадзёра перагукваліся, гушкаліся на лаўках і ў жмут закручвалі ланцугі. Адзін нават шпурнуў долу парожнюю пляшку, пэўна ж, апрастаную на гары. Па ўсім відаць, што пасудзіна была знарок прыхоплена з сабой для гэтага эфектнага кідка. Пляшка, мякка слізгануўшы па першым камені, без гуку рассыпалася на дробныя шкельцы.

Мяне здзіўлялі жанчыны, якія плылі ў бясконцай паласе скразнога холаду ў купальных касцюмах. Яны не баяліся застудзіцца. Я, вядома, больш клапаціўся пра надзейнасць ланцугоў і троса, што перыядычна патрэскваў над галавой, таму толькі краем свядомасці адзначыў, што і на вышыні 2500 метраў адкрытыя жаночын ногі хвалююць не менш, чым на зямлі.

А вось і вобраз мадонны на канатным пад'ёмніку. Маладая маці, пэўна ж, зусім апантаная альпінізмам, трымае на руках маленькае дзіця. Няўжо яго не было на каго пакінуць? Дзіцятка спакойна пасмоктвае соску — ні страх вышыні, пі пачуццё самазахавання яшчэ не вядомыя яму. Вось яно праплыло ў блакітных паўзунках у кубельцы неразумных матчыных рук. I паплыло далей па-над каменнай пустэчай, па-над рэдкімі лапікамі зямлі, на якіх нічога не расце, апрача рудога чэзлага кустоўя, якое называецца ў Славакіі касадрэвінай.

На гэтым варта спыніцца.

Праз меру захапіўшыся толькі знешнімі назіраннямі, можна без асаблівага сэнсу аглядаць кожную шчыліну і камень Саліскі і, вядома ж, яе пуставаты пік з птушынай хаткай для астраномаў. Ды ва ўсім гэтым столькі ж глухой цікавасці, колькі яе маецца ў любым нашым вясковым клубе.

Таму хутчэй на зямлю — на зямлі засталіся самыя лепшыя вобразы і назіранні. На зямлі засталіся і дзве постаці спевака. Яны чакаюць мяне ўнізе, магчыма, у кавярні, а гэта значыць, што самая істотная частка мяне самога знаходзіцца з імі.

Кавярня — прыстанак душы. Апрача кубка кавы і звычайнага цяпла, яна яшчэ дае цудоўную магчымасць убачыць мноства сваіх двайпікоў. У кавярні ты заўважаеш людзей, падобных на сябе, бачыш свой калектыўны партрэт. Кавярня нібыта раскладае твой характар на безліч граней і перадае кожнаму з наведвальнікаў. Такой магчымасці, дарэчы, пазбаўлены вакзал, бо там увага пераважна скіравана не на людзей, а на гадзіннік і расклад цягнікоў. Стадыён таксама пазбаўлены. Асобнага гледача на стадыёне не існуе, ён патанае ў безаблічным натоўпе, а ягоную ўвагу паглынае відовішча гульні. I гарадская вуліца не стварае калектыўнага партрэта, бо кожны з прахожых заўважае перш за ўсё сябе на вуліцы, а не вуліцу вакол сябе. I толькі кавярня вылучае і зрокава ўзбуйняе канкрэтную асобу — з усіх бакоў добра бачнага Наводвальніка. Яго адлюстроўваюць усе, і ён адлюстроўвае ўсіх.

Сумна ў кавярні Наведвальніку толькі тады, калі ягоныя двайнікі выяўляюць сабой самыя непрыемныя рысы яго характару. Ва ўсе ж астатнія імгненні Наведвальніку тут весела і ўтульна.

Я не памыліўся, дзве постаці спевака сапраўды мяне чакалі ў кавярні. Яны знаходзіліся ад мяне на адлегласці радаснага ўздыху, таго лёгкага ўздыху, якім я развітваўся з Саліскай.

Я падышоў да акна, каб яшчэ раз упэўніцца, што з акна кавярні мяне задаволіць любы краявід. Вядома, пры той неабходнай умове, што мецьму кубак гарачай кавы і разумных суразмоўнікаў. На гэты раз усё ў мяне было, таму нейкі там чарговы татранскі схіл, закампанаваны ў квадрат акна, нагадваў мяккі бок вялізнага плюшавага мядзведзя. I я яшчэ больш настроіў сябе на тую думку, што ўсё-ткі лепш глядзець з акна кавярні на гару, чым з гары пазіраць на кавярню. У адваротным мяне ніхто не пераканае, нават трэнер зборнай СССР па альпінізму.

Да кавы афіцыянт пранапаваў нам лёгкае, амаль безалкагольнае пітво Veniśino čaro. Мы не адмовіліся, і калі афіцыянт пайшоў у бар, мне паведамілі, што ён не славак, а цыган. Сапраўды, афіцыянт быў не па-славацку кучаравы. Я імгпенна ўзнавіў у памяці паважна-стомленую паставу кантралёра-ўкраінца, што пасля кожнае станцыі наведваўся ў наш вагон. Цяпер я іх бачыў адначасова, афіцыянта і кан-тралёра, думаючы пра дзіўную і пакуль што незразумелую для мяне здатнасць маіх уважлівых сяброў з першага позірку вызначаць нацыянальнасць незнаёмага чалавека. А што калі на эстраду ў гэтай кавярні выйшаў бы Забэйда-Суміцкі?.. Ці вызначылі б яны яго беларускае паходжанне?

Думаю, што не. Лягчэй выявіць нацыянальнасць кантралёра і афіцыянта, бо іхняя дзейнасць заўсёды «вонкавая», прафесійна-засяроджаная на кліентах і пасажырах, і цяжэй — нацыянальнасць мастака. Бо мастак засяроджаны на сабе, на ўласнай душы, поўнай самапазнавальнай (а г. зн. таемнай) эпергіі.

Між тым мае сябры, маючы патрэбу абараніць перада мной сваё захапленне альпінізмам, тлумачылі, што ўзыходжанне на гару, нават на самую малую вяршыню, не простая забаўка ці комплекс прымітыўных фізічных практыкаванняў, а рух да чысціні — і прыроднай і сваёй уласнай, духоўнай. Чалавек, які любіць горы, узыходжанне абавязкова параўноўвае з арганнай музыкай.

Вось так, не больш і не менш. Узыходжанне — арганная музыка, ну а сама вяршыня тады лагічна параўноўваецца з храмам. Я не аспрэчваю, няхай усё будзе так велічна, хоць на гэтай велічы пластуецца налёт банальнай пампезнасці.

Мяне ж уласна ў кожнай велічы заўсёды цікавяць неэстэтычныя дробязі, на якія не зважаюць мае сябры. Калі ёсць тыя дробязі і я іх сам адшукаў, тады дадзеная веліч існуе для мяне.

У Браціславе мы аглядалі інтэр'ер касцёла святой Тройцы. З патрыцыянскай халаднава-тасцю з усіх бакоў насоўвалася на мяне архітэктурная прастора. Я не мог засяродзіцца, каб зразумець, што касцёл гэты а с а б л і в ы. У куце, справа ад увахода, стаялі ссунутыя адна да адной тры шафы. «Гэта спавядальня,— напаўшэптам паведамілі мне,— тут вось сядзіць князь (па-славацку: ксёндз) ». Я расчыніў дзверы той шафкі, у якой павінен быў сядзець, чакаючы грэшніка, ксёндз... У спавядальні ўроскід ляжалі венікі, драўляныя граблі, бляшаныя шуфлі. Як у звычайнай дворніцкай пуньцы. Ксяндза, вядома, я не ўбачыў, але касцельная веліч адразу набыла для мяне зразумелую існасць.

I ў невялікім горным касцёльчыку, у якім пасля кавярні правялі мы рэшту дня, таксама ўбачылася тое, не зусім эстэтычнае, праз якое лепей успрымаецца ўсё халаднавата-велічнае.

Нам пашанцавала. Мы трапілі не на звычайную літургію, а на вянчанне.

Святар і ягоны памочнік — міністрант, падыходзячы з чытаннем да амбона, папраўлялі мікрафон зусім так, як гэта робяць звычайна эстрадныя выступленцы. На іхніх белых рызах зіхцелі крыжы, вышытыя залацістымі ніткамі. Па абодва бакі ад алтара стаялі ў доўгім ланцужку хлопчыкі — маленькія міністранты. Іхнія таксама белыя ўборы былі аздоблены ўнізе вышытымі гронкамі вінаграду, кветкамі і лісцем. Каля алтара на грыфельнай дошцы бялеў крэйдавы надпіс: Будзь прывітаны, пане, пакорны кароль славы.

У аднаго малога служкі зачасалася ножка. На нейкае імгненне ён забыўся на веліч падзеі і, не хаваючыся. пачухаўся.

Спятар абвясціў: хто любіць жонку сваю, той самога сябе любіць, хто знойдзе боскія словы, той будзе жыць вечна.

Лысаваты жаніх і папаўнелая ў таліі нявеста стомлена чакалі вянца, як выратавальнага круга. Толькі ён мог выбавіць з рытуальна-адцягненай плыні запозненага для іх вянчальнага абраду. Павучанні святара, я ўпэўнены, мелі для іх толькі практычны сэнс без аніякага там пачуццёвага ўзрушэння. I касцёл для іх быў касцёлам, арганная музыка — арганнай музыкай, бо яны, лысаваты жаніх і папаўнелая нявеста, ужо знаходзіліся за той узроставай мяжой, за якой рэлігійны рытуал не дасягае свайго поўнага эфекту, нягледзячы нават на магчымую іхнюю шчырую набожнасць.

Усё навокал мела зразумелую звыкласць, нават нейкую сямейную ўтульнасць. У арганіста на каленях сядзела яго дачка, дзяўчынка гадоў пяці, а міністрант, як гаспадыня на кухні, ручніком выціраў каля алтара залатыя кубкі. Мы стаялі на хорах і ўсё, што адбывалася ўнізе, добра бачылі.

I там, унізе, не так далёка ад мяне, на адлегласці пяшчотнага слова, шанавалі сваю маўклівасць дзве постаці спевака. Па рыпучай, нібы ў музеі, лесвіцы я сышоў з хораў і паволі пачаў пасоўвацца да іх. Рухаўся вельмі марудна, бо людзей было шмат — не ступіць вольнага кроку. Нарэшце апынуўся каля мармуровага слупка з прымацаванай наверсе скарбонкай.

Побач на століку ляжаў стос газет «Каталіцкія навіны». Парафіяне апускалі ў шчыліну скарбонкі па 50 галераў: стос з кожнай хвілінай усё меншаў і меншаў.

Постацей я не знайшоў, але быў упэўнены — яны тут, непадалёк. Я ж выразна бачыў іх з хораў. Стаялі яны менавіта ля слупка са скарбонкай... Пэўна, разгадаўшы мой намер падысці бліжэй, яны — куды ж яшчэ маглі падзецца? — проста пакінулі касцёл.

Ізноў-такі паволі пачаў я пасоўвацца да дзвярэй. Людзі ў храме стаялі шчыльна, стаялі з дзецьмі і без дзяцей, а на двары дзетак да году ў вазках імкнуліся падсунуць бліжэй да ўвахода. Мяне прапусцілі, далі дарогу, як свайму суседу.

Блакітная трысцінка ў гэты момант зноў адгукнулася, спыніла мяне... Забэйда-Суміцкі жыў сярод гэтых людзей, спяваў для іх і вучыў іх. Так, менавіта вучыў. Я маю цікавае сведчанне аб тым з вуснаў чэшскай спявачкі Катажыны Кахлікавай. Мы сустрэліся ў Маскве, і калі артыстка даведалася, што я з Беларусі, то з радасцю паведаміла, што яна вучаніца самога Забэйды-Суміцкага, а гэта значыць таксама крышачку беларуска. Болей таго — да свайго першага выступлення на пражскім тэлебачанні яна падрыхтавала два рамансы на вершы Янкі Купалы і выканала іх па-беларуску. Забэйда-Суміцкі быў першы, хто дапамог маладой спявачцы адчуць хараство вакалу. Калі ў Катажыны з'явілася магчымасць удасканаліць свой талент у Вялікім тэатры, у класе А. Абразцовай, ён шчыра ўхваліў паездку ў СССР.

Гэта была сапраўды шчырая ўхвала, бо яшчэ ў 1933 годзе Забэйда-Суміцкі сам марыў аб паездцы ў Савецкі Саюз. У той час у Мілане ён пазнаёміўся з Собінавым. Цікава, што адзін з італьянскіх музычных крытыкаў замацаваў тое знаёмства сціслым, анатацыйна-дакладным выразам: «Міхал Забэйда — тэнар надзвычайнай якасці, артыст высокай культуры, голас мяккі, гнуткі, падобны да голасу яго суайчынніка Собінава...»

Дык вось Леанід Собінаў якраз і запрашаў маладога спевака ў Маскву для ўдзелу ў канцэртах. Што перашкодзіла той паездцы? Сталінізацыя СССР? Магчыма. Але больш магчыма, што хвароба. Неўзабаве ж давялося з Мілана ехаць у Сан-Рэма і лячыць хворыя лёгкія. Далася ў знакі неўладкаваная маладосць і першыя цяжкія месяцы вучобы ў тэатры Ла Скала ў педагога Фернанда Карпі.

Ёсць нейкі асаблівы сэнс у тым, што Собінаў адрасаваў сваё запрашэнне Забэйду-Суміцкаму, а не ягонаму земляку, таксама славутаму на ўсю Еўропу, Паўлу Пракапеню.

Беларус па паходжанні, дзіця заходнепалескага краю, духам Пракапеня жыў далёка не косаўскім, не паляшуцкім. Любая зямля і любая нацыя маглі прэтэндаваць на яго талент, але ён, пазбаўлены нацыянальнага пачуцця, быў не здольны глыбока ўзбагаціць ніводную культуру.

У 1936 годзе канцэртуючы з вялікім поспехам у Кракаве, дзе Пракапеню прадстаўляў публіцы знакаміты Ян Кепура, узрушаны малады артыст пасля выканання італьянскіх арый вырашыў здзівіць слухачоў «песняй са свайго Косаўскага павета». Здзівіўся, мусіць, толькі адзін супрацоўнік часопіса «Калосьсе», што прысутнічаў на канцэрце, бо Пракапеня праспяваў, паводле сведчання журналіста, «...нейкую расейскую песьню аб Ваньцы і Матрёне!»

Я не кажу, што Пракапеня цалкам з'яўляўся антыподам Забэйды-Суміцкага. У іх было шмат агульнага ў лёсе. Шляхі іхнія неаднойчы перакрыжоўваліся і адорвалі часта сустрэчамі з аднымі ж і тымі людзьмі. Так і Пракапеня, і Забэйда-Суміцкі сустракаліся ў Вільні з Рыгорам Раманавічам Шырмам і Максімам Танкам. Толькі для Пракапені сустрэчы тыя не мелі прынцыповага значэння, ізноў-такі праз ягоную нацыянальную анемію, а для Забэйды-Суміцкага віленскія гутаркі сталіся жыццёва вызначальнымі: «Гэтыя сустрэчы дапамаглі мне ўтрымацца на той дарозе, па якой я іду і сёння. Гэта дарога не абяцала вялікай кар'еры, але яшчэ больш збліжала мяне з роднай песняю — песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру».

Ва ўсе гады сваёй ахвярнай творчасці Забэйда-Суміцкі не адыходзіў ад разумення, што ўласна-нацыяналыіае пачуццё найбольш дзейснае тады, калі меркантылізм падпарадка-ваны паэзіі, а любоў да радзімы ўраўнаважана павагай да той зямлі, на якой жывеш...

Я блукаў па цвінтары і чакаў, калі выйдуць з касцёла мае сябры, і ўжо не спадзяваўся сустрэцца з Забэйдам-Суміцкім — з дзнюма ягонымі насмяротнымі постацямі. Яны адляцелі, і адляцелі назаўсёды, пакінуўшы як напамін пра сябе — блакітную трысцінку. Іхняе раптоўнае знікненне было нібыта магічнай забаронай тэрмінова ехаць у Прагу і шукаць там Альшанскія могілкі. I я зразумеў, што не трэба болей трывожыць тыя постаці, не варта іх даганяць, як не варта раней часу чакаць анёла.

I гэтых дзён, праведзеных не ў Празе, а ў Татрах, шкадаваць не варта. Бо вядома ж — блаславёны не толькі тыя мясціны, да якіх мы імкнёмся, але і гэтыя, дзе знаходзімся. I, увогуле, жаданні ў большасці сваёй не павінны супадаць з рэальнасцю, бо неабавязкова мець патрэбнае ў матэрыяльнай выяве. Яго можна прыдбаць, даверыўшыся фантазіі. I я свядома не пазбег фантазіі, падаючы партрэт Забэйды-Суміцкага, таму што пра спевака і да сённяшняга дня я не ведаю больш, чым ведадо.

1987—1989

Загрузка...