* * *


Шчасце сустрэне цябе, быццам холад.

Дзверы за спінай зачыняцца самі.

Шчасце былое ў халаце дадолу

I з непрыбранымі валасамі.

Кінецца ў страху вялікім да люстра.

Спыніцца раптам у спешцы нязручнай.

Нефарбаваныя вейкі і вусны

З твару пагоніць, як цень падакучны.

Ты без дазволу і недарэчы,

Але ты ведаеш лепей за Бога —

Не дачакацца дазвол на сустрэчу

I на пяшчоту ад шчасця былога.

I не пакліча яно ўжо ніколі

Ў сонечны ранак ці прыцемак шэры,

Выратавальнае маючы кола

Двухпакаёвай уласнай кватэры.

Спадзеючыся на мужа, што прыйдзе,

Вернецца ўрэшце ад іншай жапчыны

Сёння ці заўтра, а можа, праз тыдзень

Ці праз жыццё, што таксама магчыма.

А на цябе спадзявацца даволі,

Колькі было іх, пустых спадзяванняў!

Ты аб сям'і не забудзеш ніколі,

Ты патануў у хвілінным каханні.

Тое хвіліннае цвеліць няўпынна,

Страшна! Бо часам хвіліннае вышай,

Вышай за жонку тваю, і за сына,

I за ўсе вершы з дзвюх тваіх кніжак.

Але адданы ты снам нечаканым,

Д'яблавай празе і д'яблавым ведам.

Вось і цяпер, як былы закаханы,

Шчасце былое падумаў наведаць.

Покуль яно каля люстры ў адчаі

Воблік шукае выратавальны,

Пад палітом адчуваеш плячамі

Холад прыцемненай пачакальні.

I забыццё палюбоўнага раю

Бачыцца таннай пустой пазалотай –

Гэта ў табе Дон Жуан намірае

Ад справядлівай рукі Дон Кіхота.


Загрузка...